Пэтыцыя супраць расстрэлаў

Праваабаронцы ў межах кампаніі “супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі” перадалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта пэтыцыю з заклікам адмяніць гэты від пакараньня. Пад зваротам падпісаліся больш за 30 чалавек – вядомыя культурныя і грамадзкія дзеячы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў краіны, юрысты і навукоўцы.
“У гэтым годзе ў Беларусі вынесеныя два сьмяротныя прысуды па крымінальных справах – у адносінах да Андрэя Жука і Васія Юзэпчука. І нас вельмі турбуе, каб перад увядзеньнем мараторыя гэтыя людзі не сталі апошнімі расстралянымі ў гісторыі сучаснай Беларусі”, - адзначыў адзін з падпісантаў, сябра ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронцы большасьці арганізацый сабраліся разам, каб аднесьці пэтыцыю ў рэзыдэнцыю прэзыдэнта


Праваабаронцы Раман Кісьляк і Андрэй Сушко раздаюць буклеты супраць сьмяротнага пакараньня і аб альтэрнатыўнай службе


Дзяўчына чытае буклет супраць сьмяротнага пакараньня

Гары Паганяйла раздае дэклярацыі на праспэкце Незалежнасьці

Алег Воўчак падпісвае петыцыю



Праваабаронцы зачыталі пэтыцыю перад уваходам у Адміністрацыю прэзыдэнта, заклікаўшы “улады Беларусі прыслухацца да нашых аргумэнтаў і адмяніць сьмяротнае пакараньне ў нашае краіне”. Затым дакумэнт быў перададзены ў Адміністрацыю.

Сярод падпісантаў – Зінаіда Бандарэнка, Мечыслаў Грыб, Павал Сапелка, Уладзімер Арлоў, Сьвятлана Алексіевіч, Тамара Лісіцкая ды іншыя – болей за 30 чалавек.

***

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы паабяцала вярнуць Нацыянальнаму сходу Беларусі статус адмыслова запрошанага толькі пасьля таго, як будзе накладзены мараторый на сьмяротнае пакараньне. У Палаце прадстаўнікоў стварылі рабочую групу, якая будзе вывучаць магчымасьці ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне.

Ад 1999 году, калі ў заканадаўства было ўведзенае пажыцьцёвае зьняволеньне, у Беларусі 130 чалавек былі асуджаныя пажыцьцёва.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе выносяць і выконваюць сьмяротныя прысуды. Тут пакаралі сьмерцю ў 2008 годзе як найменей 4 чалавекі. У 2007 1, і згодна са справаздачамі АБСЭ, у 20063, і 2005 4 чалавекі. У 2008 годзе такім чынам пакаралі 7 чалавек, а да сьмяротнага пакараньня прыгаварылі – 2 чалавекі. Паводле неафіцыйных дадзеных, ад 1991 году ў Беларусі пакаралі сьмерцю каля 400 чалавек. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, больш за 160 сьмяротных пакараньняў выканана ад 1997 па 2008 год. Як вядома, толькі аднаго асуджанага на сьмерць памілаваў Аляксандар Лукашэнка.