Сёньня спаўняюцца два гады з дня выхаду ў эфір тэлеканалу “Белсат”. Канал быў створаны ў 2007 годзе ў рамках польскага грамадзкага тэлебачаньня. Галоўная задача тэлеканалу – даваць грамадзянам Беларусі аб'ектыўную інфармацыю аб падзеях у краіне, Эўропе і сьвеце. З нагоды другой гадавіны “Белсату” – гутарка з дырэктаркай тэлеканалу Агнешкай Рамашэўскай.
Максімюк: Размову пра ўгодкі давайце пачнем не зь віншаваньняў, а зь ня надта прыемнай падзеі. У аўторак беларускія ўлады чарговы раз адмовілі "Белсату" ў рэгістрацыі карэспандэнцкага пункту ў Беларусі. Калі раней адмовы матываваліся тым, што "Белсат" нібыта не падаў усіх патрэбных дакумэнтаў на рэгістрацыю ў Міністэрства замежных справаў, дык цяперашняя адмова мае вельмі катэгарычны і, так бы мовіць, канчатковы характар. Ці і вы так прачыталі гэты дакумэнт зь беларускага МЗС?
Рамашэўская: Так, гэта ёсьць канчатковая адмова. Прынамсі, яна канчатковая на сёньняшні дзень, я б гэта выказала такім чынам. У дакумэнце згадваецца праца журналістаў, беларускіх грамадзянаў, якія нібыта працавалі для “Белсату” без акрэдытацыі і атрымалі так званыя “предупреждения”. Але гэты аргумэнт ня вельмі пасьлядоўны — таму што іншыя мэдыі паводзілі сябе падобна, але акрэдытацыю атрымалі. Трэба разумець, закон — ня роўны для ўсіх у гэтым выпадку. Ну і гэтая адмова стварае зачараванае кола. Нашы супрацоўнікі, ад якіх мы, напрыклад, купляем відэастужкі, — я іх не магу назваць нашымі працаўнікамі, бо яны фармальна не працуюць на “Белсаце”, — працуюць, як працуюць, бо ня могуць працаваць непасрэдна на нас, таму што мы ня маем рэгістрацыі ў Беларусі і ня можам зьвярнуцца па акрэдытацыю для іх. Таму працуем без акрэдытацыі. А калі мы працуем безь яе, дык нам кажуць, што мы ня можам атрымаць рэгістрацыі ў Беларусі. Такім чынам кола замыкаецца.
Максімюк: У мінулым людзей, якія працавалі для “Белсату”, улады затрымлівалі, бралі на прагляд іхныя кампутары і папярэджвалі. Ці вы не баіцеся, што ў сувязі зь цяперашняй адмовай у рэгістрацыі ўлады могуць ужыць больш жорсткія захады супраць вашых супрацоўнікаў у Беларусі? Напрыклад, арышты...
Рамашэўская: Такая пагроза існуе ўвесь час, але я думаю, што яна — малаімаверная. Сёньня міністар замежных справаў Польшчы
Міністар замежных справаў Польшчы размаўляў на тэму акрэдытацыі зь міністрам замежных справаў Беларусі...
Максімюк: Так што вы ня страцілі надзеі на пасьпяховае завяршэньне справы з рэгістрацыяй?
Рамашэўская: Безумоўна, я ня страціла такой надзеі. Мы абавязкова будзем сачыць за разьвіцьцём палітычных падзеяў і абавязкова яшчэ раз зьвернемся з просьбай аб рэгістрацыі, бо мы перакананыя, што гэтая адмова грунтавалася на выкарыстаньні падвойных стандартаў. Таму мы ня можам зь ёю пагадзіцца. Да таго ж яна супярэчыць прынцыпу пашырэньня свабоды слова. Калі Беларусь хоча дэмакратызавацца згодна з ідэямі, якія заключаныя ва “Ўсходнім парнтэрстве”, дык мусіць пагадзіцца на свабоду слова ў шырэйшым абсягу, чым цяпер.
Максімюк: Калі мы размаўлялі з вамі год таму, вы ацанілі колькасьць гледачоў “Белсату” на прыблізна 200 тысяч чалавек. А як сёньня, паводле вашай ацэнкі, выглядае гэтая аўдыторыя — яна пабольшала, паменшала, засталася на ранейшым узроўні?
Рамашэўская: Для нас найважнейшай групай у Беларусі зьяўляецца група нашых сталых гледачоў. Паводле даследаваньняў, якія мы
Колькасьць нашых сталых гледачоў у Беларусі — прыблізна 225 тысяч чалавек...
Максімюк: А ці вернецца “Белсат” да папярэдняй працягласьці вяшчаньня?
Рамашэўская: Так, з 1 студзеня ў нас будзе новы расклад, і мы зноў вернемся да 6 гадзін вяшчаньня.
Максімюк: Спадарыня Рамашэўская, прыміце ад мяне і маіх калегаў з “Свабоды” віншаваньні з нагоды таго, што “Белсат” вытрываў гэтыя два нялёгкія гады і вырас. А на заканчэньне ў нас такое пытаньне. Калі б у вас у руках аказалася чароўная палачка і вы маглі б пры яе дапамозе споўніць адно сваё жаданьне, дык што гэта было б — афармленьне рэгістрацыі ў Менску, павелічэньне датацыі для “Белсату” ці яшчэ нешта іншае?
Рамашэўская: З гэтай палачкай я адразу пайшла б у Эўрапейскую камісію, каб дабіцца стабільнасьці фінансаваньня з боку Эўразьвязу.
Выжываньне залежыць толькі ад людзей, якія на “Белсаце” працуюць...