“Чаму нашых дэпутатаў не паказваюць па тэлебачаньні? Можа, сорамна?”

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 09 сьнежня 2009 году
Многім у Беларусі запомнілася фраза Аляксандра Лукашэнкі, сказаная ім у жніўні падчас наведваньня сьвінакомплексу ў Ляхавіцкім раёне. “З 2011 года, я ўпэўнены, мы будзем жыць, як у Эўропе”, — сказаў тады прэзыдэнт сьвінаводам і чыноўнікам. І словы гэтыя дагэтуль успамінаюць беларускія грамадзяне.

Наш слухач Станіслаў Тунік зь вёскі Шупейкі Сьветлагорскага раёну, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, у чаканьні не такой ужо і далёкай даты піша:

“Нарэшце будзем жыць так, як жыве Эўропа. Прыходзяць на памяць падобныя выказваньні правадыроў савецкага часу — напрыклад, абяцаньне Хрушчова, што цяперашняе пакаленьне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізьме. Усе ведаюць, чым тое будаўніцтва скончылася.

Я не магу зразумець, што меў на ўвазе Лукашэнка, калі казаў гэтыя словы. Можа, ён гаварыў пра цэны на харчаваньне? Тады — так, яны ў нас ужо і цяпер такія ж, як у Эўропе. А можа, меліся на ўвазе заробкі і пэнсіі? Тады гэта — нездаровая фантазія, у якую ў нас сёньня ніхто не паверыць.

А можа, наш кіраўнік проста ня мае рэальнага ўяўленьня пра ўзровень жыцьця ў Эўропе? Пятнаццаць год ізаляцыі ўсё ж зрабілі сваю справу. За такі час, сапраўды, можна страціць арыентацыю.

Я ў сувязі з гэтым згадваю пачуты па Свабодзе расповед аднаго слухача пра тое, як у калгасах рыхтуюцца да прыезду прэзыдэнта. Гэта — вышэйшая ступень паказухі і падхалімства.

А зрэшты, чаму б і не абяцаць... Абяцаў жа ўжо некалі і савецкія ўклады вярнуць, і маёнткі ў “царскіх сёлах” вакол гарадоў адабраць”
.

Заўважу, спадар Станіслаў, што з таго часу мінула ўжо чатыры месяцы, і да гэтай тэмы (абяцаньня, што беларускія грамадзяне праз год будуць жыць, як у Эўропе) больш ні разу публічна не вяртаўся ні прэзыдэнт, ні іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі. Мяркую, усё ж сэнс славутай фразы трэба разглядаць у кантэксьце той жнівеньскай паездкі Аляксандра Лукашэнкі па палях ды фэрмах Ляхавіцкага раёну. Казаў ён тады пра тэхналёгіі жывёлагадоўлі, якія трэба пераймаць у Эўропе, пра тое, што пачынаецца рэвалюцыя ў сьвінагадоўчай галіне. Вучыў, як правільна абыходзіцца з саломай. І сказаную сярод усяго гэтага фразу, што “з 2011 году мы будзем жыць, як у Эўропе, падцягнуўшы і іншыя напрамкі” — наўрад ці варта ўспрымаць як абяцаньне эўрапейскіх заробкаў ці эўрапейскага ўзроўню жыцьця.

Аўтар наступнага ліста Іван Цыбуляк з Гомеля заклапочаны тым, што дзяржаўнае тэлебачаньне вельмі рэдка робіць рэпартажы пра дзейнасьць Палаты прадстаўнікоў, і ў выніку многія беларускія грамадзяне ня ведаюць, чым займаюцца дэпутаты. Слухач з гэтай нагоды піша:

“Чаму нам не паказваюць дэпутатаў? Цікава ж ведаць: як яны працуюць, што прапануюць, за што галасуюць. Урэшце, як жывуць. Можа, ім патрэбна наша дапамога? Ці, можа, у іх ёсьць праблемы з жыльлём? А можа, стаміліся ад цяжкой працы?

Мы ж іх бачым і чуем толькі тады, калі галасуем. Вось тады свае праграмы-дурылкі яны прыносяць нам нават у курылкі.

Можа, наш Аляксандар Рыгоравіч непакоіцца, што нехта зь іх можа выкарыстаць СМІ дзеля таго, каб граміць карупцыю і потым з карупцыйнымі папкамі пайсьці ў прэзыдэнты, як гэта зрабіў ён сам? Але ж у беларускага прэзыдэнта багаты досьвед барацьбы з такімі канкурэнтамі. Чаго варты прыклад аднаго Казуліна!

Так што хацелася б убачыць нарэшце на тэлебачаньні нашых дэпутатаў. А то паказваюць толькі расейскіх, украінскіх ды грузінскіх. Вунь якія там спрэчкі, сваркі, нават бойкі. Зрэшты, можа, нашы дэпутаты такія нехлямяжыя, што іх сорамна паказваць людзям? Інакш навошта іх так схавалі?”


На пачатку 90-х гадоў трансьляцыі з Авальнай залі Дома ўраду, дзе засядаў тагачасны Вярхоўны Савет 12-га скліканьня, штодня займалі ў эфіры Беларускага тэлебачаньня па некалькі гадзінаў. У выніку беларускія грамадзяне былі ў курсе ўсіх парлямэнцкіх дыскусіяў і ведалі ў твар многіх дэпутатаў. А самі дэпутаты дзякуючы шматмільённай тэлетрыбуне рабілі, хто як мог, палітычную кар’еру. Найбольшых посьпехаў у гэтым дасягнуў, як вядома, шклоўскі дэпутат Аляксандар Лукашэнка. Ён жа, прыйшоўшы да ўлады, вельмі хутка паклаў канец і Вярхоўнаму Савету, і парлямэнтарызму ў Беларусі, і наўпроставым трансьляцыям з дэпутацкіх сэсій. Што праўда: пасьля таго як Палата прадстаўнікоў у Беларусі страціла колькі-небудзь значныя палітычныя паўнамоцтвы, а сярод дэпутатаў не засталося ніводнага апазыцыянэра — шматгадзінныя трансьляцыі з Авальнай залі, і праўда, страцілі сэнс. Вялікую цікавасьць сярод гледачоў гэтыя паседжаньні аднадумцаў наўрад ці здольныя выклікаць.

Наступны ліст даслаў нам Аляксандар Тарасаў зь вёскі Гайцюнішкі Воранаўскага раёну. Аўтар выказвае ўласны погляд на палітычную сыстэму, якая склалася за мінулыя паўтара дзесяцігодзьдзя ў Беларусі, дае свае суб’ектыўныя ацэнкі ўзаемадачыненьням улады і апазыцыі. Цытую ліст:

“У Беларусі няма і ня можа быць палітычных зьняволеных, — піша Аляксандар Тарасаў. — Гэта — трызьненьне былых камуністаў, якія пазбавіліся кармушкі і цяпер вымушаны жыць як усе. Вось вам і ўся палітыка.

А палітычным крымінальнікам у асобе Казуліна хачу сказаць наступнае: хто дазволіў вам ставіць пад пагрозу жыцьцё дзясяткаў тысяч выпадковых у палітыцы людзей? Гэта ж было падобна да Нямігі.

Увогуле, я лічу так. У нас у Беларусі цяпер — дыктатура, але дыктатура ад імя дзяржавы. Усе дзеяньні прэзыдэнта — гэта дзеяньні ў інтарэсах дзяржавы, а не асабістых амбіцыяў Лукашэнкі. Адзіная памылка прэзыдэнта — гэта ягоная каманда. Былыя кіраўнікі памянялі свае крэслы, але — не мазгі. Узьнікае пытаньне: чаму прэзыдэнт пакінуў былых пры ўладзе? Мая здагадка такая: яны для прэзыдэнта — як палітычны баромэтар.

За мінулыя 15 год мы былі сьведкамі краху многіх рухаў. Усе яны распаліся і зьніклі, ледзь пачаўшы сваю дзейнасьць. А прычына гэтага — палітычная непісьменнасьць
”.

Незразумела, спадар Тарасаў, што вы маеце на ўвазе, калі пішаце пра пагрозу, пад якую нібыта падставіў Аляксандар Казулін жыцьці соцень тысяч людзей? 25-га сакавіка 2006 году тысячы жыхароў Менску, як заўсёды, выйшлі адзначаць Дзень Волі, гадавіну Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта было традыцыйнае мірнае шэсьце. Найсур’ёзьней пацярпеў у той дзень сам Аляксандар Казулін — яго, былога кандыдата на пасаду прэзыдэнта, улады арыштавалі і пакаралі больш як пяцьцю гадамі турмы. Але праз паўтара года вымушаны былі вызваліць пад ціскам міжнароднай супольнасьці.

Аўтар апошняга ў сёньняшнім аглядзе ліста — віцебскі грамадзкі актывіст Валеры Ганчарэнка — вымушаны зараз лячыцца ў сухотным шпіталі ў пасёлку Багушэўск Сеньненскага раёну. Слухач піша:

“Я — былы кандыдат у дэпутаты абласнога Савету. Зараз знаходжуся ў палаце сухотнага лепразорыю. Нас тут схавалі, бо мы зьяўляемся носьбітамі бактэрыялягічнай зброі і небясьпечныя для іншых грамадзянаў.

Чуў, што ў Беларусі пры лячэньні такіх, як я, хворых адмаўляюцца ад замежнай дапамогі. Дый навошта, калі ёсьць уласныя сродкі 40-гадовай даўніны? А зьменшыць колькасьць хворых на сухоты вельмі проста — калі прычыны сьмяротнасьці сьпісваць на іншыя хваробы.

Ну вось, цяпер я зноў кандыдат, толькі не ў дэпутаты, а ў каралеўства Аіда. Жыць мне засталося — некалькі месяцаў. Гэта мая доля — што зробіш. Але ёсьць у мяне жаданьне зрабіць радзіме нешта добрае. Вунь колькі нераскрытых злачынстваў у Беларусі — нягледзячы на тое, што міліцыі ў нас ужо больш, чым вайскоўцаў. Дык магу прапанаваць сьпісаць усе гэтыя злачынствы на мяне. Вось статыстыка раскрывальнасьці адразу палепшыцца!

Тым больш што досьвед такі ў міліцыі ўжо ёсьць. Ужо другі раз супраць мяне заведзена крымінальная справа паводле артыкула 205 — абвінавачваюць у крадзяжы ровара. Апэратыўнікі Чыгуначнага РАУС злавілі мяне праз суткі. З палічным не злавілі, але... Відаць, вельмі пакрыўдзіліся ў 2007-м годзе, калі гэтак жа абвінавачвалі мяне паводле артыкула 206, а я паскардзіўся ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Тады справа была спынена.

Шукаць праўды ў іх няма сэнсу. А ніякага ровара я ня краў. Гэта — фабрыкацыя чыстай вады.

А тое, што я па сутнасьці — бомж, што сацыяльнае жытло не атрымаў, пэнсію па інваліднасьці не аформіў, на працу з прычыны сваёй хваробы не ўладкаваўся — гэта клопат нашай дзяржавы аб хворых на сухоты. Што ж, няхай гэта ўлада ставіць кропку, я не жадаю жыць у такой дзяржаве!”
.

Вельмі сумна было чытаць гэту вашу, спадар Валер, поўную безвыходнасьці, крыўды і адчаю споведзь. Ня складвайце рукі, не адчайвайцеся, змагайцеся. Якая б ні была хвароба — гэта не прысуд.

На працягу мінулых гадоў у нашых паведамленьнях зь Віцебску ня раз гучала ваша прозьвішча. Вы спрабавалі падштурхнуць людзей да грамадзкай актыўнасьці, змагаліся за справядлівасьць. Тыя вашы высілкі не былі дарэмнымі.

Вытрымкі вам. І сілаў дзеля змаганьня, якое патрэбна многім людзям.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам на адрас Меенск -5, Паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by