ПЁТАР ВАЙЛЬ: “Найлепшыя кнігі Быкава – пра вайну. Пра вайну ён пісаў усё жыцьцё. Нібыта ня дзіўна – гэта была тэма соцень, калі ня тысячаў савецкіх пісьменікаў. Але пры гэтым дзіўным чынам вялікай сапраўднай кнігі няма. Гэтаму шмат што перашкаджала – і наўпрост улада, і наўпрост ці ўскосна рэдактарская цэнзура і аўтарская самацэнзура, і больш за ўсё – дыктат грамадзтва, тое зразумелае, але згубнае для гістарычнай памяці народу пачуцьцё, якое завецца “не чапай сьвятое”. Непахіснасьць подзьвігу ператварыла вайну ў маналіт, у нешта, што не падлягае аналізу.
На гэтым тле апавяданьні, аповесьці, раманы Васіля Быкава вылучаюцца рэзка, ярка, жыва. Ня рух вайсковых масаў, а рух душы. Ягоная тэма – чалавек на мяжы, чалавек за мяжою. Можа, самае пранікнёнае, што напісанае пра вайну – аповесьць “Сотнікаў”, якая ў першапачатковым аўтарскім варыянце называлася “Рыбак і Сотнікаў”. Называлася слушна, бо Сотнікаў гераічна гіне, а Рыбак па-здрадніцку выжывае. Гэта непарыўная пара, пушкінскі матыў “Во всех стихиях человек тиран, предатель или узник”.
Адзін з апошніх твораў Быкава “Маладая і прыгожая” – на тую ж тэму. Пра тое, як мілімэтр за мілімэтрам чалавек здымае зь сябе покрыва цывілізацыі, адкідае дасягненьні рэлігіі, права, застаючыся ў самоце перад простым пытаньнем – жыць ці памерці. Быкаў мог распавесьці пра гэта зь велізарнай пераканаўчай сілаю.
У Быкава вайна спусташае землі і душы, разбурае гарады і мараль. Чалавек застаецца сам-насам з сабою, і гэты бой – самы жахлівы і цяжкі. Быкаўская вайна – не аптымістычная трагедыя, а трагедыя, ня бой дзеля перамогі, а бой безь пераможцаў. Гэта праўда: галоўнае на вайне – ня тое, хто перамог, а тое, што яна ёсьць, што яна адбылася, што яна пачалася. Васіль Быкаў памёр 22 чэрвеня”.