Альтэрнатыўная служба — заканадаўчы прабел

9 сьнежня ў Гомельскім абласным судзе пройдзе паседжаньне, на якім будзе разгледжана касацыйная скарга, пададзеная 23-гадовым Зьмітром Смыкам, вернікам “Сьведак Еговы”.
Сваёй скаргай Зьміцер Смык просіць паставіць перад Канстытуцыйным судом пытаньне аб “ліквідацыі заканадаўчага прабелу адносна рэалізацыі грамадзянамі канстытуцыйнага права на замену тэрміновай службы ў войску — службай альтэрнатыўнай”, падкрэсьлівае Міхась Пашкевіч, актывіст кампаніі за альтэрнатыўную грамадзянскую службу ў Беларусі.

6 лістапада Смык быў прызнаны вінаватым ва ўхіленьні ад прызыву ў войска і пакараны штрафам у памеры 100 базавых велічыняў (3,5 мільёна беларускіх рублёў).

У касацыйнай скарзе Смык просіць абласны суд Гомелю апраўдаць яго з прычыны адсутнасьці складу злачынства. Галоўны аргумэнт маладога чалавека — артыкул 57 Канстытуцыі РБ, у другой частцы якога гаворыцца, што прызыўнікі маюць права на праходжаньне альтэрнатыўнай службы.

Абапіраючыся на гэтае права, Смык тлумачыў гарадзкому суду Гомелю, што ня можа служыць у войску паводле рэлігійных перакананьняў. Але ніякім чынам не адмаўляецца ад выкананьня свайго абавязку перад дзяржавай і гатовы служыць альтэрнатыўна, як прадугледжвае Канстытуцыя Беларусі.

Але абвінавачаньне вырашыла, што Смык “імкнуўся захаваць камфортнасьць свайго штодзённага жыцьця… і, злоўжываючы сваімі правамі, ухіліўся ад вайсковай службы, чым парушыў парадак камплектаваньня ўзброеных сіл РБ”.

Зьміцер Смык чакае “справядлівага выніку… Калі суд вынесе рашэньне на маю карысьць, то, напэўна, будзе пастаўлена пытаньне і аб канстытуцыйнасьці заканадаўчага прабелу”.