Перм хавае загіблых

Сёньня ў Пермі адбудзецца пахаваньне загіблых пры пажары ў начным клюбе “Кульгавы конь”. Усяго ахвярамі трагедыі сталі 112 чалавек. Панядзелак абвешчаны ў Расіі днём жалобы.
Трое загіблых былі пахаваныя ў Пермі ў нядзелю. Па звестках РІА “Навіны”, на панядзелак заплянаванае пахаваньне яшчэ 17 загіблых.

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў абвясьціў 7 сьнежня Усерасейскім днём жалобы, пермскія ўлады паведамілі аб трохдзённай жалобе.

Папярэднім днём нацыянальнай жалобы было абвешчана 13 жніўня 2008 году - у памяць аб загіблых у расейска-грузінскім канфлікце.

Як перадае зь Пярмі карэспандэнт Радыё Свабода Анастасія Сечына, у гарадзкіх шпіталях застаецца 21 пацярпелы, іх стан цяжкі. 100 пацярпелых авіярэйсам накіраваныя ў Маскву, Пецярбург і Чэлябінск.

Апэратар Аляксандр Папоў, які зьняў на відэа першыя хвіліны пажару, у размове з карэспандэнтам Радыё Свабода распавёў, што людзі не адразу зразумелі, што адбываецца нешта, што ўяўляе небясьпеку для жыцьця. Яны ўспрымалі полымя як працяг шоў і нейкі час працягвалі сядзець за сталамі і глядзець. Затым, калі ўжо ды-джэй крыкнуў “гарым, выходзім”, людзі пацягнуліся да выхаду, але па-ранейшаму не разумелі, што адбываецца нешта сур'ёзнае. Нехта спрабаваў у гардэробе ўзяць свае рэчы, прад'яўляючы нумарок. Ужо на вуліцы, як распавёў Аляксандр, ён бачыў людзей, якія выйшлі туды з келіхам віна: у іх было адчуваньне, што зараз “праблему вырашаць”, і ўсе вернуцца назад.





У клюбе адразу згасла сьвятло, і людзі, якія заставаліся ўнутры, гублялі прасторавую арыентацыю, а ад таксічнага дыму, які ўзьнік у выніку гарэньня плястыкавых элемэнтаў аздабленьня, многія проста страцілі прытомнасьць.

Праваахоўныя органы тым часам паведамляюць аб тым, што затрыманыя ўсе мэнэджэры клюбу-кафэ “Кульгавы конь”.

Цалкам матэрыял глядзіце
на сайце Рускай службы Радыё Свабода.