Анкета Свабоды: Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў – пісьменьнік і гісторык. Аўтар больш як трыццаці кніг прозы, паэзіі, гістарычных нарысаў і эсэ. За ўклад у распрацаваньне тэмы гістарычнай мінуўшчыны Беларусі ўзнагароджаны мэдалём Францыска Скарыны. Ляўрэат некалькіх літаратурных прэміяў, у прыватнасьці выдавецкай прэміі імя Ўладзімера Караткевіча, прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру, прэміі “Гліняны Вялес” Таварыства вольных літаратараў. Творы Ўладзімера Арлова перакладзеныя больш як на дваццаць моваў сьвету.

a)


Што для вас свабода?


У яе шмат вымярэньняў і ўвасабленьняў.

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Я навучыўся жыць на сваёй уласнай тэрыторыі свабоды, якую абмяжоўваю я сам.

Што для вас шчасьце?

Заўсёды шчасьлівыя толькі ідыёты. Імгненьні шчасьця можна атрымаць у падарунак ад таго, што называюць творчасьцю, ад каханьня, ад мастацтва, ад падарожжа, ад зорнага неба...

Чаго вы найбольш баіцеся?

Усё часьцей думаю, што ўжо нічога.

Які талент вы хацелі б мець?

Хацеў бы справіцца хоць з тым, што маю.

Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Відаць, з прычыны маіх гістарычных штудыяў захапляюся перадусім не сучасьнікамі, а папярэднікамі. Калі казаць пра тых, з кім выпала жыць у адным часе, гэта найперш нашы жанчыны. Ларыса Геніюш, Ніна Мацяш, Алена Макоўская... Веру, што вось цяпер дзесьці чытае падручнік, смажыць дранікі, цалуецца або займаецца яшчэ нейкай карыснай для Радзімы справай тая, каго мы ўрэшце абярэм прэзыдэнтам.

Што вы найбольш любіце рабіць?

Засынаць з адчуваньнем пражытага напоўніцу дня.

Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Памятаеце апавяданьне Рэя Брэдбэры пра матылька, якога за мільён гадоў да нашай эры незнарок загубілі вандроўнікі ў часе? Ім яшчэ пашчасьціла вярнуцца ў сваю краіну, хоць і ангельская мова там была іншая, і тэлефоны сваякоў і сяброў безнадзейна маўчалі... Кіруючыся гэтай лёгікай, не памяняў бы нават сваёй асадкі, якая ў першай клясе здрадліва пырскалася чарнілам на ўроках чыстапісаньня.

Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Жыць адным днём.

Які ваш улюбёны дэвіз?

Карабель, што ня ведае, у якую гавань плыве, ніколі не дачакаецца спадарожнага ветру.

b)

У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

Ува мне дрэмле канстытуцыйны манархіст.

У якой краіне вы хацелі б жыць?

Выбар з усіх магчымых варыянтаў ужо даўно зроблены. Але часам магу ненадоўга ад'ехаць у ВКЛ.

У якую эпоху вы хацелі б жыць?

Адказваю вельмі канкрэтна: хацеў бы крыху пажыць у эпоху Рэнэсансу, каб выпіць з Скарынам. Пажадана ня толькі ў нашым родным Полацку, але і ў Кракаве, Падуі, Празе...

Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Правёў бы рэфэрэндум пра вяртаньне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай. І выйграў бы яго.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Беларуская мова павінна стаць адной зь яго афіцыйных моваў.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Добрасуседзкія. Дзеля гэтага на пэўным этапе спатрэбяцца візы.

Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

А я думаю: “Хай дэмакратыя, абы свая”.

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Халера яе ведае.

Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі ім дадуць каманду.

Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Нікуды не падзенуцца, загавораць.