Франак Вячорка: Усім даюць антыбіётыкі

Франак Вячорка, архіўнае фота

Франак Вячорка, які знаходзіцца ў інфэкцыйным аддзяленьні мазырскага шпіталя, змог распавесьці «Свабодзе» пра стан свайго здароўя:

«Тэмпэратура скача, кашаль не сыходзіць. Забралі амаль увесь батальён. Там засталося літаральна пару салдат. Вірус літаральна за пару дзён распаўсюдзіўся на ўсіх.

У бальшыні хворых салдат тэмпэратура спадае, але кашаль не праходзіць. Дактары кажуць, што гэта звычайнае ВРВІ, а не сьвіны грып.

На 6-ы дзень павінна палягчаць. Усіх лечаць антыбіётыкамі: колюць іх у вену і даюць пігулкамі. Калі я спытаў, навошта антыбіётыкі, калі гэта вірусная інфэкцыя, то мне адказалі, каб не было ўскладненьняў.

У іх ёсьць адпаведныя інструкцыі як лячыць ВРВІ, таму яны ўсіх „пічкаюць“ антыбіётыкамі.

У Мазыры дастаткова высокі паказчык на двухбаковую пнэўманію, якая была выкліканая сьвіным грыпам. Доктарка сказала, што выглядае, што ў нас не сьвіны грып. Тыя хворыя, якія паступілі са сьвіным грыпам, яны не маглі падняцца з ложку. У першыя ж дні ў іх была вельмі высокая тэмпэратура 39-40 і кашаль хутка апускаўся на лёгкія.

Сёньня прыехала нейкая праверка з брыгады, зь Менску нейкая санстанцыя, вайскоўцаў панаехала. Яны распытвалі ва ўсіх салдат ці рабілі прышчэпку.

Увосень напачатку сьвінога грыпу нам, салдатам, рабілі прышчэпкі. Але цяпер, калі захварэлі некалькі чалавек, то фэльчарка наша не зрабіла ніякіх захадаў, каб іх ізаляваць, маўляў, звычайная прастуда. У выніку вірус перакідваўся на іншых салдат і ўрэшце усе зьляглі з тэмпэратурай».

Гл. таксама:7 тысяч 826 сьмерцяў у выніку H1N1