“Да такога вынішчэньня мовы не дадумалася нават савецкая ўлада”

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 02 сьнежня 2009 году.
Як заўсёды, у нашай пошце апошніх тыдняў багата лістоў з роздумам пра лёс беларускай незалежнасьці, дыскрымінацыю беларускай мовы і культуры, гістарычную памяць нацыі.

З аднаго такога допісу пачну сёньняшнюю размову. Даўні сябар “Свабоды” Мікола Міхед з Фаніпаля Менскага раёну пачынае свой ліст наконт моўнай праблемы з апісаньня выпадку ў менскай электрычцы. Слухач піша:

“Ехаў я нядаўна ў прыгарадным цягніку. Побач сядзелі чатыры кабеты-пэнсіянэркі. На выгляд — былыя чыноўніцы. Нечакана зайшлі рэвізоры. І як жа гэтыя кабеты ашчэрыліся супраць кантралёраў. Маўляў, чаму пэнсіянэрам нельга езьдзіць бясплатна, як у Расеі ці ва Ўкраіне? Адзін з рэвізораў адказаў ім так:

— Дык бярыце сьцяг у рукі і — да Дома Ўраду. А мы тут пры чым?

Навісла цішыня. Але як толькі рэвізоры пакінулі вагон, у гэтых жанчын рот раскрыўся, як той мех. Тут панеслася, што Лукашэнка — добры, а Юшчанка — дрэнны, бо нядаўна пры сустрэчы з Лукашэнкам размаўляў толькі па-ўкраінску.

Я хацеў запярэчыць, але, паглядзеўшы на іхныя твары, перадумаў. Зразумеў: гэта — электарат Лукашэнкі. Яны наглядзеліся і наслухаліся афіцыйнай прапаганды і цяпер замбаваныя да канца жыцьця.

Што да спадара Юшчанкі, то ён даў Лукашэнку добры ўрок. Паказаў, хто ў доме гаспадар, як гэты гаспадар павінен ставіцца да мовы свайго народа.

А Лукашэнка — адзіны палітык на былой савецкай прасторы, які ня хоча размаўляць на роднай мове. На працягу свайго прэзыдэнцтва ён зрабіў столькі дзеля вынішчэньня беларускай мовы, што да такога не дадумалася нават савецкая ўлада.

Але я веру: настане час, калі ўсё стане на сваё месца. За зьняважаную мову, за апаганеныя герб і сьцяг яны яшчэ адкажуць”
.

Не, спадар Міхед, Лукашэнка — не адзіны палітык на былой савецкай прасторы, які ня хоча размаўляць на роднай мове. Ёсьць такія і ва Ўкраіне, і ў Малдове, і нават у краінах Балтыі — зь ліку тых, хто мроіць пра аднаўленьне былой расейскай імпэрскай велічы. Праўда, час такіх палітыкаў хутка сплывае, і саміх іх, чым далей ад распаду СССР, тым становіцца меней.

А вось сярод прэзыдэнтаў незалежных дзяржаў такі выпадак, калі б агульнанацыянальны лідэр грэбліва ставіўся да дзяржаўнай мовы таго народа, які ён узначальвае, — сапраўды ўнікальны. Ну, але тут многае залежыць ад самога гэтага народа. Калі б самі беларусы ў сваёй большасьці па-іншаму ставіліся да роднай мовы — напэўна, загаварылі б на ёй і чыноўнікі, і прэзыдэнт.

Аўтар наступнага ліста — Эдуард Нерус са Смалявічаў — сярод іншага акцэнтуе ўвагу на пагрозе, якую ўяўляе для бясьпекі Беларусі прысутнасьць на яе тэрыторыі расейскіх вайсковых аб’ектаў. У сувязі зь нядаўнімі сумеснымі беларуска-расейскімі вайсковымі манэўрамі “Захад-2009” слухач піша:

“Пратэсты нашай моладзі супраць уводу расейскіх войскаў лічу апраўданымі: гэта падобна да акупацыі беларускай тэрыторыі. Мы яшчэ ня ведаем, ці пойдуць яны назад пасьля гуляў. Могуць і застацца. Хто гэта ў стане пракантраляваць?! “Россия же нам родная страна”, як казаў вядома хто. Дык што захочуць, тое і зробяць.

Увогуле, падаецца, што Масква задумала нейкую правакацыю на памежжы з НАТО. Вунь жа і расейская Дзярждума рыхтуе закон аб прымяненьні збройнай сілы па-за межамі сваёй краіны, калі дзесьці там пакрыўдзяць рускіх. А рускія ж, як вядома, — славяне. А некаторыя ў Расеі лічаць, што і ўсе славяне — рускія. Дык чаму б і не пабамбавацца? Калі рукі чэшуцца.

Неяк пачуў па “Свабодзе” голас аднаго слухача: “А что, лучше, если натовские танки пойдут по Белоруссии?” Адкажу яму: “Лучше!” Яны хоць больш надзейныя. Ды толькі ня пойдуць. У іх сумленьне дамінуе і прыстойнасьць. Таму іх варта было б запрасіць. Каб гарантаваць нам свабоду, незалежнасьць і дабрабыт заходняга ўзору. Чаго Расея гарантаваць нам ня можа з прычыны сваёй прыроджанай агрэсіўнасьці. Тут варта нагадаць, што ня Захад зруйнаваў наш край — ВКЛ, а Расея, фізычна вынішчыўшы больш як палову насельніцтва”
.

Калі ўжо падсумоўваць гістарычныя крыўды, дык варта, спадар Эдуард, згадаць і тое, што войны ды разбурэньні на Беларусь нярэдка прыходзілі ня толькі з Усходу, але і з Захаду: у сярэднявеччы — з крыжакамі, у 17—18 стагодзьдзях — са швэдамі, у мінулае стагодзьдзе — з акупацыйнымі войскамі спачатку кайзэраўскай, а потым гітлераўскай Нямеччыны. У такім ужо месцы Беларусь, што вельмі многія нашэсьці мінулага прасоўваліся па яе зямлі, пакідаючы цяжкія сьляды. Будаваць дачыненьні з блізкімі і далёкімі суседзямі, абапіраючыся на гістарычныя крыўды і прэтэнзіі — справа небясьпечная. Перасварыцца можна з усімі.

Што да верасьнёўскіх вайсковых манэўраў беларускай і расейскай арміяў. Адразу пасьля іх афіцыйны прадстаўнік НАТО заявіў пра заклапочанасьць з гэтай нагоды — асабліва ўлічваючы той факт, што гэта былі самыя буйныя манэўры з часу заканчэньня халоднай вайны і што на іх не запрасілі заходніх назіральнікаў. Але напрыканцы лістапада ад кіраўніцтва НАТО прагучала ўжо іншая заява: вайсковыя манэўры “Захад-2009” не ўяўлялі пагрозы для краін альянсу, але і не спрыялі ўмацаваньню даверу паміж НАТО і Масквой.

Сёлета ў краінах, якія калісьці ўваходзілі ў адзіную фэдэратыўную дзяржаву — Вялікае Княства Літоўскае — адзначалі тысячагодзьдзе назвы “Літва”. Адзначалі па-рознаму: адны — шырока, як агульнанацыянальнае вялікае сьвята, другія — сьціпла, у асяродках аматараў мінуўшчыны. На гэтую тэму — ліст ад Яўгена Мікітава з Воршы. Слухач піша:

“Цудоўна, што Радыё Свабода на гэтую тэму дае слова Сяргею Дубаўцу і мастакам, што ладзяць у Беларусі выставу пра старажытную Літву. Тысячагодзьдзе першага напаміну пра Літву — вельмі вялікая дата. Паглядзіце, як адзначаюць яе ў цяперашняй Літоўскай Рэспубліцы. Маўчыць пра гэты юбілей толькі прэзыдэнт Лукашэнка. А безь ягонага дазволу ня пікне ні БТ, ні дзяржаўнае беларускае радыё, ні адна дзяржаўная газэта. Хоць шмат каму вядома, што Літва, ліцьвіны — гэта перш за ўсё пра нашу радзіму — Беларусь, пра прадзедаў сёньняшніх ліцьвінаў-беларусаў. Бо яны, ліцьвіны, гаварылі на старажытнай беларускай мове.

Ну, прысвоілі жамойты гэту назву сабе, скарыстаўшы гістарычныя ператрусы 20-га ды іншых стагодзьдзяў. Можа, мы, сёньняшнія ліцьвіны-беларусы, ня будзем адбіраць у іх гэту назву, хоць па праву яна належыць нам.

Вялікі дзякуй Радыё Свабода за напамін людзям са слабой памяцьцю пра нашу слаўную даўніну — славянскую дзяржаву “Літва”, у кіраўнікоў якой хапала моцы і розуму далучыць да сябе жамойтаў, аўкштайтаў ды іншыя плямёны і княствы, а таксама абараніць уцекачоў з Масковіі ды Залатой Арды”
.

Сапраўды, спадар Яўген, беларускія ўлады на працягу апошніх пятнаццаці гадоў ставіліся да гістарычнай спадчыны, зьвязанай зь Вялікім Княствам Літоўскім, калі не варожа, дык вельмі насьцярожана. Але апошнім часам гэтае стаўленьне прыкметна зьмяняецца. На мінулым тыдні “Свабода” расказвала аб прэзэнтацыі “Кнігі Вялікага Княства Літоўскага” — супольнага праекту трох вядомых літвінаў: Томаса Вэнцлавы, Чэслава Мілаша і Анджэя Струмілы. Фаліянт выдадзены на чатырох мовах — ангельскай, беларускай, літоўскай, польскай — і складаецца з эсэ выбітных публіцыстаў і гісторыкаў пра ВКЛ. Дыхтоўна падрыхтаваная тэатралізаваная прэзэнтацыя адбылася на адной з галоўных сцэн Менску — у Купалаўскім тэатры, з удзелам амбасадараў і чыноўнікаў. Яшчэ некалькі год таму гэта здалося б неверагодным.

На тэму ўшанаваньня слынных падзей з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага разважае і Аляксей Сьцепанчук з Клецкага раёну. У сваім лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“З гісторыі нашых народаў вядома, што 15 ліпеня 1410 году аб’яднаныя сілы беларусаў, літоўцаў, украінцаў пры падтрымцы рускіх харугваў і татарскай коньніцы пад агульным кіраўніцтвам вялікага князя ВКЛ Аляксандра Вітаўта разам з войскамі Польскага Каралеўства на чале з каралём Уладзіславам Ягайлам выступілі і ўшчэнт разьбілі грознае войска Тэўтонскага ордэна паблізу ад мястэчка Грунвальд. У выніку яны на многія стагодзьдзі (аж да 1914 году) адбілі жаданьне крыжакоў рабіць набегі на нашы славянскія землі.

Цаной дзясяткаў жыцьцяў былі здабыты мір, незалежнасьць, захаванасьць як нашай Беларусі, так і Польшчы, Літвы, Украіны. У наступным годзе спаўняецца 600 гадоў з часу грандыёзнай бітвы пры Грунвальдзе. Але ці будзе адзначацца гэтая дата ў нашай краіне?”
.

Грамадзкі камітэт, які адмыслова стварылі ў Беларусі некалькі месяцаў таму дзеля сьвяткаваньня ўгодкаў Грунвальдзкай бітвы, лічыць, што найлепш было б, каб у беларускіх гарадах, асабліва ў сталіцы, зьявіліся помнік, плошча ці вуліца Грунвальдзкай перамогі. Але ўлады на прапанову аргкамітэту адказалі, што для гэтага нібыта няма падставаў.

Зрэшты, апошнім часам і тут заўважны зрух — магчыма, пад ціскам суседніх Літвы і Ўкраіны. Маю на ўвазе нядаўняе дасягнутае ў Кіеве рашэньне міністраў замежных спраў Беларусі, Літвы і Ўкраіны ў наступным годзе супольна сьвяткаваць гадавіну перамогі пад Грунвальдам.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.


Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by