Нарвэскі джаз у Менску

У залі беларускай Дзяржфіляромніі ў Менску адбыўся джазавы канцэрт «Кнут Гамсун у словах і джазе». Кнут Гамсун — нарвэскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, аўтар знакамітых раманаў «Голад» і «Сокі зямлі».
Сёньня ў філярмоніі ўрыўкі з твораў Гамсунг гучалі пад музыку нарвэскага трыо Jan Gunnar Hoff.

Гэты канцэрт — адзін з шэрагу сьвяточных канцэртаў, прысьвечаных 150-годзьдзю нарвэскага пісьменьніка. У межах турнэ адбыліся выступы ў Нарвэгіі, у Расеі: Маскве, Санкт-Пецярбургу, Карэліі. Музыку выконвае нарвэскае трыо «Jann Gunnar Hoff», а вершы з кнігі «Дзікі хор» чытае расейская актрыса Марыя Шустрова. Ініцыятарамі такога сьвяткаваньня юбілею Гамсуна сталі ўласна музыканты. Падчас гастроляў у Піцеры адзін з музыкантаў, барабаншчык, захварэў, таму ў Менску ад трыо засталося два музыкі.

Адметнасьць канцэрту — ня толькі ў спалучэньні музыкі і словаў, але ў імправізаванасьці таго, што адбываецца на сцэне, распавядаў вядоўца канцэрту, музыказнаўца Зьміцер Падбярэскі яшчэ да пачатку імпрэзы:

Зьміцер Падбярэскі
«Для мяне гэта амаль незнаёмыя імёны, але я паглядзеў іх паслужны сьпіс — ён уражвае. Яны даволі вядомыя ў Эўропе музыкі. Мяркуючы па ўсім, гэта будзе даволі свабодны джаз, тыпова нарвэскі, аўтарская музыка, імгненная імправізацыя, выкарыстаньне самых розных прыёмаў, у тым ліку з народнымі рознымі адгалоскамі, — даволі складаная музыка».

Нечаканае спалучэньне імправізацый джазу зь вершамі прывабіла і наведнікаў. Нягледзячы на эпідэмію грыпу і ня самыя танныя квіткі (перад пачаткам канцэрту самы танны каштаваў 15 тысяч рублёў) заля была амаль поўная. Перад пачаткам канцэрту ў холе філярмоніі пытаюся ў мужчыны з сынам гадоў васьмі, што менавіта зацікавіла яго ў канцэрце.

«Гэта і джаз, і сам Кнут Гамсун... Ён, праўда, нешта там неяк падтрымліваў фашыстаў у тыя часы, наколькі мне вядома, але... Але як пісьменьнік, ён — цудоўны. І як яны будуць спалучаць вось ягоныя творы і джаз — гэта мне вельмі цікава».

А спалучаць атрымалася чароўна, — гледзячы па цішыні залі ў часе імправізацыяў і гучнасьці аплядысмэнтаў у паўзах паміж вершамі.