Валэнса – Качыньскаму: За “Болека” адкажаш!

Лех Валэнса

Былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса кінуў пальчатку дзейнаму кіраўніку дзяржавы Леху Качыньскаму. За тое, што Качыньскі назваў Валэнсу былым агентам спэцслужбы ПНР, Валэнса праз суд патрабуе публічнага абвяржэньня і кампэнсацыі ў памеры 100 тысяч злотых.
Судовы працэс Валэнсы супраць Качыньскага днямі пачаўся ў Варшаве, але быў адкладзены да 18 сьнежня па просьбе адваката Валэнсы, які не пасьпеў пазнаёміцца з усімі дакумэнтамі ад юрыстаў Качыньскага. Былы і дзейны прэзыдэнт асабіста ў Акруговы суд Варшавы не зьявіліся. Адвакат дзейнага прэзыдэнта заявіў, што справа ўвогуле мусіць разглядацца не ў звычайным судзе, а ў Дзяржаўным Трыбунале.

Летась у інтэрвію тэлеканалу “Polsat” Лех Качыньскі заявіў, што Валэнса супрацоўнічаў са Службай бясьпекі ПНР пад мянушкай “Болек”, ён абапіраўся ў сваіх выказваньнях на кнігу Славаміра Цанцкевіча і Пятра Гантарчыка “СБ і Лех Валэнса”.

Першыя публічныя згадкі пра тое, што Валэнса быў агентам па мянушцы “Болек” зьявіліся яшчэ ў 1992 годзе. У 2000-м годзе суд прызнаў іх несапраўднымі і адмыслова пацьвердзіў, што Валэнса ня быў агентам бясьпекі.

У 2005 годзе польскі Інстытут народнай памяці надаў Леху Валэнсу статус пацярпелага ад камуністычных уладаў.

Валэнса заявіў, што будзе судзіцца з усімі, хто будзе дазваляць сабе казаць пра яго як пра былога агента:

“Я хацеў абысьціся без выкліку кіраўніка дзяржавы ў суд. Але сытуацыя памянялася. Як доўга можна дазваляць такое? Ён прысягаў, што будзе шанаваць права, судовыя рашэньні, а сам заклікае іншых да парушэньня закону. Суд прымусіць яго абвергнуць сваю заяву. Калі не цяпер, то калі скончыцца ягоны прэзыдэнцкі тэрмін. Я яму гэтага не дарую”, – заявіў Валэнса.
Лех Качыньскі

Калісьці браты Качыньскія разам з Валэнсам дзейнічалі ў шэрагах “Салідарнасьці”, але пасварыліся. Цяпер яны не падаюць адзін аднаму рукі. Было некалькі скандалаў, калі дзейны прэзыдэнт Польшчы адмаўляўся запрашаць былога прэзыдэнта Валэнсу на імпрэзы, у якіх той паводле статусу меў браць удзел. Адзін раз Качыньскі падаваў у суд на Валэнсу за ягоныя словы “У нас фальшывы прэзыдэнт”, але справа была спыненая.