У нядзелю на месцы трагічнай пераправы Вялікай Арміі Напалеона цераз раку Бярэзіну ў дзень яе чарговых угодкаў прайшла цырымонія ўшанаваньня памяці палеглых вайскоўцаў.
Кветкі і вянкі былі ўскладзеныя да магіл францускіх і расейскіх салдат па абодва берагі Бярэзіны. У цырымоніі ўзялі ўдзел амбасадар Францыі ў Беларусі Мірэй Мюсо, прадстаўнікі Фонду Напалеона, музэю Дому інвалідаў у Парыжы, іншыя госьці з Францыі, прадстаўнікі Мінабароны Беларусі, мясцовыя ўлады.
Актывісты вайскова-гістарычных клюбаў у форме францускай і расейскай арміяў таго часу пешшу і конна выканалі вайсковыя рытуалы.
Вялікая імпрэза на Бярэзіне чакаецца ў 2012 годзе, да 200-х угодкаў трагічнай пераправы.
«Я хачу, каб 200-я гадавіна дала эўрапейцам магчымасьць сустрэцца і каб Беларусь, разьмешчаная ў цэнтры Эўропы, сымбалічна паслужыла месцам такіх сустрэч», — заявіла амбасадар Мюсо, якая неўзабаве завершыць сваю місію ў Менску.
«Напалеон Банапарт, сын Францускай рэвалюцыі, які ў першыя гады свайго кіраваньня хацеў зрабіць свабоднымі ўсе нацыі, потым захацеў, каб Францыя дамінавала ў Эўропе. Магчыма, тут ён зразумеў адзін зь вялікіх урокаў сваёй гісторыі і гісторыі ў цэлым: нельга нічога зрабіць супраць народаў, але ўсё можна зрабіць разам зь імі»,— сказаў на цырымоніі на могілках вёскі Студзёнка Віктор-Андрэ Масэн, прэзыдэнт Фонду Напалеона.
Сваю прамову ён завяршыў па-беларуску словамі: «Жыве Беларусь! Жыве Францыя!».