Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры распаўсюдзіла адмысловую заяву наконт прыпыненьня дзейнасьці сэкцыі “Мэмарыял”.
Кіраўнік таварыства Антон Астаповіч нагадвае: у жніўні 2007 году пастановай грамадзкага аб’яднаньня зацьверджана стварэньне мэмарыяльнай сэкцыі для больш эфэктыўнай працы ў галіне ўшанаваньня памяці і мэмарыялізацыі ахвяраў таталітарных рэжымаў — сталінізму і нацызму — на тэрыторыі Беларусі. Наступны год, як зазначаецца ў заяве, быў адзначаны актыўнай працай сэкцыі, яе намаганьнямі былі праведзеныя грамадзка значныя мерапрыемствы, шэраг круглых сталоў, навукова-практычныя канфэрэнцыі, выдаваліся інфармацыйныя бюлетэні.
Аднак, як кажа спадар Астаповіч, сёлета актывісты сэкцыі “Мэмарыял” сталі аддаваць прыярытэт палітычнай дзейнасьці, што не магло не паўплываць на працу сэкцыі. Паколькі Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры не зьяўляецца палітычнай арганізацыяй і мае акрэсьленыя Статутам мэты і задачы, сэкцыя пачала палітызавацца, накіроўваць сваю дзейнасьць у непрадугледжанае Статутам рэчышча, крокі сяброў сэкцыі не ўзгадняліся з кіраўнічымі органамі аб’яднаньня. У выніку, як паведамляецца ў заяве, па-за статутная дзейнасьць сэкцыі прывяла да пісьмовага папярэджаньня з боку Міністэрства культуры ў красавіку 2009 года.
У такіх умовах Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры дзейнасьць сэкцыі, як адной з арганізацыйных структур таварыства, лічыць ня проста немэтазгоднай, а якая ставіць пад удар усю арганізацыю, дыскрэдытуе яе дзейнасьць, як аб’яднаньня па ахове і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
На распараджэньне кіраўніцтва таварыства праца Мэмарыяльнай сэкцыі прыпынена да разгляду пытаньня на чарговым прэзыдыюме. Актывісты сэкцыі павінны вызначыцца ў пытаньнях далейшага знаходжаньня ў складзе Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ці выхаду з арганізацыі і заснаваньня самастойнага грамадзкага ці палітычнага аб’яднаньня з мэтамі і задачамі, якія будуць задавальняць яго сяброў.
У сваю чаргу старшыня мэмарыяльнай сэкцыі Вячаслаў Сіўчык выказаў шкадаваньне з нагоды заявы кіраўніка Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча, якую ён прыраўняў да спробы стварыць скандал на роўным месцы.