Анкета Свабоды: Вінцэсь Мудроў

a)

Што для вас свабода?

Як ні дзіўна, у маім уяўленьні – гэта кропка на мапе Курскай вобласьці. Яшчэ за савецкім часам я ехаў на “Салаўі” (так у народзе называюць хуткі цягнік “Масква-Курск”), і ў спадарожнікі трапіў камлюкаваты хлопец маіх гадоў. Мы разгаманіліся, я спытаў – куды ён едзе, і хлопец паведаміў:
-- На Свабоду.
-- Што, з зоны перакінуўся? – запытаў я дрогкім голасам.
Аказалася, што аднагодак ехаў да бацькоў – у пасёлак Свабода Курскай вобласьці. Неўзабаве я даведаўся, што ў рэчцы Тускар, на якім стаіць пасёлак, процьма рыбы, а ў самім пасёлку вырабляюць самую лепшую на Куршчыне самагонку. “Яна ж у нас з цукровых буракоў – вып’еш якой залатухінскай (Залатухіна – бліжэйшы райцэнтар – ВМ) – тры дні галава баліць. А наша, пасялковая, чыстая, як сьляза”, -- паведаміў спадарожнік і тут жа папрасіў мой адрас – каб надаслаць лістом схему мініятурнага самагоннага начыньня ўласнай канструкцыі. Паводле аповеду, усё начыньне складалася з бляшанкі з-пад бразыльскае кавы ды некалькіх трубак.

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


У кантэксьце пытаньня дазвольце скончыць аповед пра курскага хлопца. Зь ягонага аповеду вынікала, што галоўнымі абмежавальнікамі свабоды ў Свабодзе былі залатухінскія міліцыянты, які рабілі апэратыўныя рэйды з мэтаю выяўленьня злосных самагоншчыкаў. Вось і ў суседа па вуліцы – спадарожнік казаў гэта са сьлязой на вачах – надоечы рэквізавалі апарат, дзьве каністры самагонкі і пару флягаў бражкі.
-- Дык бражку, (біп!), вылілі, а самагонку на “газон” ускінулі. “Рэчавыя доказы”, -- кажуць”. Во, (біп!), што робяць (біп!). Каб ім, (біп!) (біп!) (біп!).

Гэтыя словы, што вырваліся калісьці з загадкавай расейскай душы, і дагэтуль гучаць увушшу і трывожаць незагойную памяць.

Што для вас шчасьце?

Адразу згадваю рамантычныя савецкія фільмы шасьцідзясятых гадоў і кінагераіняў, якія, заклаўшы рукі за патыліцу, пранікнёнымі галасамі выдыхалі: “Шчасьце, дзе яно?”
Называю, ізноў-такі, канкрэтны адрас: горад Шчасьце ў суседняй Украіне. Карацей, у Луганску сядаеце ў прыгарадны цягнік на Старабельск, папярэдне ўзяўшы квіт да станцыі Агародная. На Агароднай выходзіце, а там да Шчасьця як рукой падаць – нейкіх чатыры кілямэтры. Калі бяз рэчаў, дык можна пехатою дайсьці. Арыентуйцеся на высокія коміны. Гэта будзе дыміць Луганская ДРЭС. Дарэчы, за саветамі станцыя на вуглі працавала. Адпаведна, паветра там было што ў нашым Наваполацку – не прадыхнуць. Потым, нібыта, на газ перавялі. Цяпер, як газ скончыўся, ізноў вугаль паляць.

Чаго вы найбольш баіцеся?

Памерці ў мэтро ці ў якой іншай люднай мясьціне. Уяўляеце: натоўп, ты ляжыш сярод людзкіх ног і нейкая кабета гарлае “Мужчине плохо!” Потым цябе падхопяць, павалакуць на мэдпункт. Пры гэтым з нагі зваліцца чаравік, акуляры хрумснуць пад нечай падэшвай, матлянецца долу задзертая галава… Жах!

Які талент вы хацелі б мець?

У мяне заўсёды выклікалі зайздрасьць людзі, якія маглі прамаўляць гадзінамі (у тым ліку ў тэле- і радыёэтэры) і пры гэтым сутнасна нічога не сказаць.

Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Ксэнафонтам Супэрфасфатавым з “Советской Белоруссии”.

Што вы найбольш любіце рабіць?


Заўвагі жонцы наконт смаку згатаваных страваў.

Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Зьмяніў бы імя ў пашпарце. А так я й дагэтуль не Вінцэсь, а Віктар Леанідавіч.

Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Плюнь на ўсё – беражы здароўе.

Які ваш улюбёны дэвіз?

“Дагнаць і перагнаць Амэрыку!” Дэвіз гэты запаў у душу яшчэ ў маленстве. Усё, памятаю, прасіў маці купіць халвы, але тая вярталася без пачастунку. “Якая там халва… пуста ў краме”, -- казала маці, і аднаго разу бацька, перагарнуўшы “Правду”, прамовіў: ”Нічога, вось дагонім Амэрыку – усё табе будзе… і халва, і марозіва…” Бацькавы словы запалі ў душу, і я ўсё ня мог даўмецца: ну чаму ж мы ня можам дагнаць тую халеру? У маім тадышнім уяўленьні працэс дагону і перагону уяўляўся бегам у трусах на кароткую дыстанцыю. І толькі калі падрос, зразумеў, што Амэрыку нам не дагнаць: бегае вельмі хутка.


b)

У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


У якой было б больш жыцьця і менш палітыкі.

У якой краіне вы хацелі б жыць?

У Ангельшчыне, за часамі бітламаніі.

У якую эпоху вы хацелі б жыць?


З усёй мастацкай спадчыны найбольш уражваюць фрэскі Мікелянджэла ў Сыкстынскай капэле. Гэта дзе Саваоф лётае са сваім воінствам, аддзяляючы ваду ад зямлі, ствараючы сьвяцілы і расьліны і, нарэшце, першага чалавека. Вось у той лёсавызначальны час і хацелася б пажыць. Ня ведаю нават, у якім абліччы.
Знаходзяцца, праўда, разумнікі, якія прапаведуюць тэорыю Вялікага выбуху. Але цяпер, калі ідэалёгіяй і, адпаведна, навукай, занялася РПЦ, апалягетам сумнеўных тэорыяй давядзецца прыкусіць языкі.

Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Адразу ж пасьля інаўгурацыі папрасіў бы зьмерыць ціск, каб паглядзець – што за лекарка будзе мяне абслугоўваць.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Гэткія ж, як з Расеяй.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Гэткія ж, як з Эўразьвязам.

Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?


Напачатку трэба вызначыць: пра якую дыктатуру гаворка. Пра тую, калі ў адну ноч забіваюць адразу 29 літаратараў, ці пра тую, калі лідэры апазыцыі езьдзяць (за чужы кошт) па эўропах? Калі актуальны другі варыянт, дык я ня супраць, каб дыктатура была «нашай».

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Ня хутка. На дадзеным гістарычным адцінку паўторыцца расейскі варыянт: пасьля Аляксандра І да ўлады прыйдзе Мікалай І… А што будзе потым – пагледзімо.

Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Тут, відаць, нейкая памылка. Цяпер беларусы актыўна авалодваюць моваю Аляксандра Пушкіна і Хведара Дастоеўскага. І маюць пэўныя посьпехі. Так, работнікі тэлебачаньня засвоілі, нарэшце, артаэпію словаў «феномен» і «позвонишь». Ня сёньня-заўтра пачнуць правільна прамаўляць такія словы, як «украинский» і “маркетинг”. А вось што да работнікаў уладнай “вэртыкалі”, дык тут пра падвышэньне моўнай культуры няма й гаворкі: усё тыя ж “фандЫ па мазутУ”. Далібог, пачуў бы тое згаданы Аляксандар Пушкін, выклікаў бы якога на двубой. І што дзіўна, замест таго, каб прыхаваць неўміручае беларускае “ч”, “вэртыкальшчыкі” ім злоўжываюць. Ну скажы проста: “здесь говорилось”. Дык не – абавязкова скажуць: “тут празвучала”, альбо “тут была азвучана”. Дый сымпліфікаваць трэба мову ў такіх выпадках. А яны яе наадварот -- ускладняюць. І спрэс замест “эканомікі” гучыць “рыальный сектар эканомики”, а замест “ячменя” – “ячмень пивавараный»…

Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Адразу ўсіх супакою: ні пандэміяў, ні масавай галадухі, ні землятрусаў з тае нагоды не надарыцца. Прафэсійныя аракулы сьцьвярджаюць, што Беларусь у такім разе стане інтэгральнай часткай Расеі. Але дзе гарантыя, што маскоўскае жыхарства ня спаліць Рублёўку і сама матухна не распадзецца на адміністрацыйна-палітычныя атамы? Няма такой гарантыі. Я дык думаю: беларусы спачатку расейскай мовай авалодаюць, а потым і за родную возьмуцца.