“Апазыцыянэры робяць выгляд, што змагаюцца з рэжымам, а насамрэч толькі ўмацоўваюць яго”

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 25 лістапада 2009 году
У многіх лістах, якія мы атрымліваем у гэтыя лістападаўскія дні, слухачы выказваюцца наконт зьместу перадачаў Свабоды, даюць свае парады, зьвяртаюцца з прапановамі, заўвагамі, а часам і прэтэнзіямі. Менавіта такія допісы я выбраў для сёньняшняй размовы.

Пачну агляд зь ліста Міколы Валашчыка зь Белаазёрску Бярозаўскага раёну. Слухач піша, што яго вельмі цікавяць аналітычныя перадачы, якія гучаць на “Свабодзе”, але ён скептычна ставіцца да таго, што ўдзельнічаць у іх мы запрашаем і прадстаўнікоў улады, аналітыкаў, якія абараняюць афіцыйную пазыцыю. Мікола Валашчык піша:

“Ну што мог сказаць афіцыйны аналітык Крыштаповіч, акрамя сумнеўнага сьцьвярджэньня пра тое, што Літва, бачыце, залазіць у даўгі, а ў Беларусі тым часам працуюць усе заводы? Альбо Мацкевіч, які захапляецца Лукашэнкам. Маўляў, прэзыдэнт дасягнуў амаль усяго ў будаўніцтве беларускай дзяржаўнасьці. А насамрэч ён ператварыў Беларусь у пратэктарат Масквы, зьнішчыў атрыбуты дзяржавы, нішчыць мову, культуру. Каб дагадзіць сваім маскоўскім гаспадарам, працягвае безупынную русыфікацыю.

...Трэба нейкім чынам будзіць душу беларуса, каб яна ня спала пад наркотыкам расейшчыны. А музыка, лірычная песьня, верш найбольш кранаюць душу чалавека. Як казаў Максім Багдановіч: “Біце ў сэрцы іх, біце мячамі: Не давайце чужынцамі быць...”
.

Пры асьвятленьні любой праблемы ці зьявы важна выслухаць розныя погляды на яе. Інакш немагчыма скласьці для сябе аб’ектыўнае ўяўленьне і зрабіць правільныя высновы. Таму ў аналітычных перадачах мы і стараемся запрашаць ня толькі апанэнтаў улады, але і тых, хто гэтую ўладу абараняе. Бо што гэта за дыскусія, калі спрабуюць спрачацца паміж сабой аднадумцы?

Дарэчы, многія нашы слухачы просяць якраз аб тым, каб прадстаўнікі ўлады ў нашых перадачах гучалі часьцей, каб нашы карэспандэнты задавалі ім як мага больш нязручных пытаньняў, на якія немагчыма пачуць адказ у афіцыйных мэдыях. І мы стараемся выконваць такія просьбы, хоць рабіць гэта атрымліваецца далёка не заўсёды.

Наш слухач Павал Давыдзенка з пасёлку Парычы Сьветлагорскага раёну ў сваім лісьце на “Свабоду” распавядае пра ўласны досьвед змаганьня за справядлівасьць і выказвае зробленыя на падставе гэтага досьведу высновы наконт сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці. Спадар Давыдзенка піша:

“Адстойваючы свае правы, прайшоў усе інстанцыі — ад пасялковага Савету да Адміністрацыі прэзыдэнта. І ўсюды атрымліваю адны пагрозы ды цярплю рабаўніцтва. Рвуць маю пэнсію, як сабакі мяса. Колькі разоў абяцалі падвысіць гэтую няшчасную пэнсію. Размоў шмат, а што адбываецца ў рэальнасьці? Дабавяць пяць ці дзесяць тысяч, а потым абрабуюць на 40, 50 ці 60. І так пастаянна: пэнсія не падвышаецца, а наадварот. Калі пытаюся: “Чаму такое рабаўніцтва?”, адказваюць: “У сувязі са зьніжэньнем заробкаў”. А пры чым тут падзеньне чужых зарплатаў да маёй пэнсіі? Адказу няма.

...Улада любіць паказуху, марнуе на гэта мільярды народных грошай. Частка гэтых мільярдаў не даходзіць нават да паказушных палацаў — асядае ў кішэнях чыноўнікаў. Вось таму ў рабочага клясу няма добрых заробкаў, а ў старых — жабрацкія пэнсіі.

Раскашуюць сёньня толькі гультаі-чыноўнікі ды рознага кшталту брахуны-падпявалы. Усе чыноўнікі так ці інакш удзельнічаюць у бізнэсе, спрыяюць прыкормленым камэрсантам. А ўсе законы і правы чалавека дратуюць капытамі, як хочуць.

Я так разумею: пакуль не адменяць датэрміновае галасаваньне, сумленных выбараў у Беларусі ня будзе. А на несумленныя навошта хадзіць? Тут сваё слова павінна сказаць апазыцыя. Ды толькі дзе яна, чаму не ідзе ў народ? Прыгрэліся апазыцыянэры ў цёплых месцах. Відаць, няблага ім жывецца. Робяць выгляд, што змагаюцца з рэжымам, а насамрэч толькі ўмацоўваюць яго”
.

Апазыцыю, спадар Павал, не прызначаюць і не выбіраюць. Палітычна актыўныя людзі, незадаволеныя цяперашнімі парадкамі ў дзяржаве, шукаюць адзін аднаго, аб’ядноўваюцца на глебе агульных ідэалаў і мэтаў, спрабуюць заваяваць сымпатыі грамадзтва. Напэўна, беларуская апазыцыя не ідэальная: мае шмат хібаў, робіць нямала памылак. Але — якая ёсьць. Іншай няма, і ўзяцца ёй няма адкуль. Пры гэтым заўважу: нікому (у тым ліку самым зацятым крытыкам) не забараняецца далучыцца да апазыцыі і ператварыць яе ў магутную і эфэктыўную грамадзкую сілу.

Што да нізкіх пэнсіяў і ўплыву на іх памер заробкаў тых, хто працуе. Залежнасьць тут, спадар Павал, непасрэдная. Пэнсійная сыстэма ў Беларусі пабудавана так, што грошы на сёньняшнія пэнсіі бяруцца зь сёньняшніх жа заробкаў працаздольных грамадзянаў, а не з ашчаджэньняў мінулых гадоў. Шмат гадоў вядуцца размовы пра тое, каб рэфармаваць гэтую сыстэму, зрабіць яе больш справядлівай. Але пакуль у гэтай справе мала што зроблена.

4-га лістапада ў аглядзе пошты прагучаў ліст былога камуніста з 40-гадовым стажам спадара Прохарчыка зь вёскі Заазер’е Пухавіцкага раёну. Расчараваны ў колішніх ідэалах, слухач пісаў:

“Цяпер ня веру я, што партыі і рухі
Ствараюцца для нейкіх добрых спраў.
Мэта адна — забрацца на вяршыню,
Каб жыць бязьбедна да апошніх дзён”.

На гэтыя словы былога камуніста зьвярнуў увагу даўні сябар Свабоды Кастусь Сырэль з Ушачаў. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Я цалкам згодны з Вашым камэнтаром да гэтага ліста, спадар Валянцін,— пра тое, што палітычныя партыі ствараюцца, каб прыйсьці да ўлады. І што не даводзіцца дакараць палітыкаў за іхныя амбіцыі — за тое, што яны імкнуцца атрымаць у свае рукі кіраваньне краінай. Пытаньне ў тым, ці ёсьць у грамадзтва рычагі, каб таго палітыка, які ня справіўся з такім кіраваньнем, дэмакратычным чынам адхіліць ад улады, замяніць яго іншым, больш здольным.

Адначасова я хацеў бы дадаць свае (а больш не свае) разважаньні на гэты конт.

Ёсьць у мяне невялікая слабасьць: я люблю цытаваньні. Дык вось, у якасьці камэнтара да ліста спадара Прохарчыка працытую вытрымкі з кнігі Людвіга фон Мізэса “Індывід, рынак і прававая дзяржава”:

“Ніхто з прапаведнікаў ці палітыкаў ня скажа пра магчымую шкоду, якую прынясе іхная праграма. Наадварот, яны настойваюць, што рэалізацыя плянаў партыйных супернікаў прывядзе да зьбядненьня народу. І толькі яны ведаюць, як дасягнуць дастатку”.

Ці, напрыклад, вось такое:

“Разбурэньняў рэвалюцыі і грамадзянскай вайны можна пазьбегнуць, калі непажаданы ўрад можа быць заменены мірна, шляхам выбараў”.

І яшчэ:

“Сапраўдная пагроза грамадзкаму парадку — бяспраўныя людзі. Імкненьне скасаваць гэтыя перашкоды аб'ядноўвае грамадзянаў. Калі яны пераконваюцца, што мірным шляхам нічога не даб'юцца, то выкарыстоўваюць гвалт. Спакой можна захаваць толькі тады, калі ўмовы дазваляюць усім ахвотным удзельнічаць у дэмакратычных інстытутах. А гэта азначае роўнасьць усіх перад законам”.

Як кажуць, ні дадаць, ні адняць. Я каб і вельмі жадаў, лепш не напісаў бы. Хацелася б парэкамэндаваць шаноўным слухачам пачытаць творы гэтага аўстрыйскага эканаміста. У інтэрнэце іх адшукаць не ўяўляе ніякай цяжкасьці".


Калі б сёньняшнія палітыкі ўлічвалі памылкі сваіх папярэднікаў, калі б прыслухоўваліся да парадаў мудрых дзеячаў мінулага, калі б рабілі высновы на падставе драматычнага досьведу ўласнай гісторыі — мы, напэўна, жылі б у значна больш гарманічных грамадзтве і дзяржаве. Але вельмі часта людзі цэняць і ўлічваюць толькі той досьвед, які здабыты цаной уласных спробаў і памылак.

На заканчэньне — некалькі кароткіх лістоў з водгукамі і прапановамі на адрас “Свабоды”. Нам піша Віктар Дарыенка з Кобрына:

“Мне 48 год. Маю вышэйшую адукацыю, але працую на будоўлі простым рабочым. Так склалася жыцьцё.

Цікавіць тое, што адбывалася і адбываецца ў краінах Цэнтральнай Эўропы і Балтыі. Яны выйшлі з сацыялізму. Апавядайце, калі ласка, як там жывуць людзі, якія ў іх заробкі, якія цэны ў крамах — каб беларусы ведалі гэта і зразумелі, да якога жыцьця трэба сьвядома імкнуцца”
.

І яшчэ адзін кароткі ліст, які даслаў нам Георгі Пяцэвіч зь вёскі Вялікія Сьцяпанішкі Мастоўскага раёну. Слухач піша:

“Вашы перадачы слухаю зь вялікім задавальненьнем. Асабліва падабаецца праграма “Падарожжы Свабоды”, якую вядзе Зьміцер Бартосік. Раней яе няблага вёў Ягор Маёрчык.

Нядаўна зьявілася новая праграма “Званочкі”, аўтар якой — Ян Максімюк. Таксама слухаю зь вялікім задавальненьнем. Шкада толькі, што мала часу ёй адвялі”
.

Болей будзе вашых, шаноўныя слухачы, цікавых допісаў і тэлефанаваньняў — зьявіцца болей магчымасьцяў для таго, каб рабіць на падставе іх зьмястоўныя праграмы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by