Алькагольны рэйтынг Беларусі і суседзяў

У Беларусі штогод спажываюць 12 літраў чыстага алькаголю. “Катастрофа пачынаецца пасьля таго, як гэты паказчык перавышае 8 літраў”, — кажуць нарколягі.
“Штогод Беларусь дадае па адным літры сьпіртнога на душу насельніцтва”, — заявіў загадчык аддзела наркалёгіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя Андрэй Капытаў.

Спажываньне алькаголю ў літрах на душу насельніцтва (дадзеныя 2008 году)




Спажываньне алькаголю ў літрах на душу насельніцтва (дадзеныя 2004 году)





З якога узросту дазволена ўжываць алкаголь



У Расеі за продаж алькаголю падлеткам караюць больш дзейсна, чым у Беларусі


На думку Аляксея Аляксандрава, галоўнага нарколяга Міністэрства аховы здароўя, вельмі важны фактар росту спажываньня алькаголю — ягоная даступнасьць. “У Беларусі ў нас няма гэткай формы адказнасьці для гандляра, якая пераўтвараецца ў звальненьне. У Расейскай Фэдэрацыі, дзе праблема алькагалізму, трэба прызнаць, стаіць яшчэ больш востра за Беларусь, цяпер робяць пэўныя высілкі , каб прадухіліць гэтыя праблемы. І цяпер у Расейскай Фэдэрацыі пачынаецца вельмі жорсткая палітыка адносна тых гандляроў, якія — натуральна, для ўласнай выгады — не заўважаюць узросту пакупнікоў. Паколькі патрабаваньне пашпарту ў нас зьяўляецца неабавязковым, то ўсе мы можам стаць сьведкамі, калі ў крамах маладыя людзі, відавочна маладзейшыя за 16 год, набываюць ня толькі піва, але й мацнейшы алькаголь.

Але разьбірацца з гэтым, зазначае Аляксей Аляксандраў, ня справа Мінздраву:

“Пытаньне ў кампэтэнцыі тых людзей, хто павінен кантраляваць гэта. Натуральна, гэта ня органы Мінздраву. Я думаю, варта абмяркоўваць гэтае пытаньне з тымі, хто ўпаўнаважаны кантраляваць продаж. А мы можам толькі канстатаваць гэткія факты”.

Сацыяльнай рэкляме Міністэрства аховы здароўя надае важную ролю ў папулярызацыі здаровага ладу жыцьця. На пытаньне, ці зьвяртаюцца па распрацоўку гэткай рэклямы да прафэсійных рэклямных агенцтваў, Вольга Бартман, загадчыца аддзелу грамадзкага здароўя Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя, зазначыла: “Так, у распрацоўцы мы зьвяртаемся да прафэсійных друкарняў”. І адзначыла, што друкаваныя агітматэрыялы, створаныя Мінздравам у супрацы з азначанымі адмыслоўцамі, займаюць годныя месцы на нацыянальных конкурсах.