Вязень памер ад умоваў утрыманьня ў расейскай турме

Бутырскі сьледчы ізалятар

Юрыст інвэстыцыйнага фонду Hermitage Capital Сяргей Магніцкі, які сядзеў у Бутырскай турме з абвінавачваньня ў падатковых злачынствах, памер у шпіталі СІЗА “Матроская цішыня”. Прадстаўнік сьледчага камітэту пра МУС Расеі заявіў, што папярэдняя прычына сьмерці Магніцкага – сардэчна-судзінная недастатковасьць.
Паводле яго, Магніцкі ня скардзіўся на здароўе і не зьвяртаўся па мэдычную дапамогу. Ці так гэта – РС паспрабавала высьветліць у гутарцы з Джэймісанам Файерстоўнам, адным з кіраўнікоў кампаніі Firestone Duncan, якая ўваходзіць у Hermitage Capital.

Файерстоўн: Сяргей Магніцкі ўтрымліваўся ў СІЗА ў нялюдзкіх умовах. У яго былі сур’ёзныя праблемы са здароўем, сур’ёзная хвароба страўніка. Пра гэта было добра вядома ў турме, дзе яму спачатку аказвалі мэдычную дапамогу. Потым улады сталі ціснуць на яго, каб прымусіць даць патрэбныя паказаньні. Дзеля гэтага яны спынілі мэдычную дапамогу, пазбавілі яго лекаў, не дазвалялі кансультацыі зь лекарам. Магніцкі шмат разоў на гэта скардзіўся. За час хваробы ён страціў больш як 20 кг вагі. У мінулую пятніцу Магніцкі прысутнічаў на судовым паседжаньні, дзе разглядалася заява ягонага адваката аб зьмене яму меры стрыманьня ў сувязі з пагаршэньнем здароўя.

Ці была патрэба трымаць хворага чалавека ў жорсткіх умовах СІЗА да суду амаль год?


Файерстоўн: Дык жа зусім не было ніякай прычыны для ягонага арышту. Магніцкі паказаў, што група афіцэраў МУС вінаватая ў крадзяжах з дзяржаўнага бюджэту 230 мільёнаў рублёў. Дык гэтыя афіцэры і ўваходзілі ў групу, якая яго арыштавала. Зрабілі гэта, каб прымусіць яго замаўчаць. Ці хацелі яго забіць? Ня ведаю. Магчыма, зрабілі на Магніцкага вельмі моцны ціск. Хаця, можа, і хацелі ягонай сьмерці. Бо цяпер у іх ёсьць магчымасьць заявіць, што Магніцкі вінаваты а справу закрыць.

Поўны тэкст ліста Сяргея Магніцкага, у якім ён распавядае пра ўмовы свайго ўтрыманьня ў СІЗА, аказаўся ў распараджэньні Радыё Свабода.

Грамадзкая палата Расеі заявіла, што мае намер разабрацца ў прычынах сьмерці ў СІЗА Сяргея Магніцкага.