Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 14 лістапада
КНІГАГЛЯД
АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ: “ЛУЦКЕВІЧА НАЗЫВАЛІ ШЭРЫМ КАРДЫНАЛАМ БЕЛАРУСКАГА РУХУ”
“Барацьба за вызваленьне” – пад гэткай назвай пабачыла сьвет кніга Антона Луцкевіча, былога прэм’ер-міністра БНР, ідэоляга і арганізатара беларускага руху ў Заходняй Беларусі, вязьня сталінскага Гулагу. У дыхтоўным томе на 650 старонак зьмешчаная пераважна публіцыстыка, у жанры якой Луцкевіч працаваў без перапынку трыццаць тры гады. Уклаў і пракамэнтаваў луцкевічаўскую спадчыну Анатоль Сідарэвіч, зь якім гутарыць Міхась Скобла.
Міхась Скобла: “Спадар Анатоль, гэта ўжо трэці зборнік спадчыны Антона Луцкевіча, падрыхтаваны вамі. У 2003 годзе выйшла кніга “Да гісторыі беларускага руху”, у 2006-м – “Выбраныя творы: праблемы культуры, літаратуры і мастацтва”. Чым адметнае новае выданьне?”
Анатоль Сідарэвіч: “Барацьба за вызваленьне” толькі двума ці трыма тэкстамі паўтарае дзьве папярэднія. Усе астатнія творы друкуюцца тут паводле брашураў, газэтных тэкстаў ці паводле рукапісаў. Некаторыя перакладзеныя з польскай або нямецкай моваў. У гэтую кнігу ўвайшла пераважна палітычная публіцыстыка Антона Луцкевіча, тыя партыйныя і дзяржаўныя дакумэнты, якія ён пісаў, польскамоўныя эсэ пра Шымана Канарскага, Кастуся Каліноўскага, Тадэвуша Ўрублеўскага. Таксама ўпершыню ў кніжным выданьні тут друкуецца дзёньнік – Антона Луцкевіча 1918–1919 гадоў”.
Скобла: “Луцкевіч часам генэраваў ідэі, якія значна апярэджвалі свій час. Каб ажыцьцявіўся адзін зь ягоных праектаў, беларусы сёньня жылі б у… Злучаных Штатах. У Злучаных Штатах ад Балтыкі да Чорнага мора. Шту змусіла Луцкевіча адмовіцца ад гэтай ідэі?”
Сідарэвіч: “Антон Луцкевіч не адмовіўся ад гэтай ідэі канчаткова. Ён вяртаўся да яе і ў 20-я гады. Гэта была слушная ідэя. Але 23 сакавіка 1918 году, калі стала вядама, што кайзэр прызнаў незалежнасьць Літвы і адмовіўся прызнаць незалежнасьць Беларусі (Беларускую Народную Рэспубліку), нічога не заставалася, як абвесьціць незалежнасьць Беларусі. А спачатку Луцкевіч быў за стварэньне адзінай беларуска-літоўскай дзяржавы і кіраваўся пры гэтым чыста прагматычнымі інтарэсамі. Дарэчы, у канцы 1919 году Антон Луцкевіч вылучыў іншую ідэю (“ад мора да мора”, што называецца): каб краіны Балканскія, і Чэхія, і Славакія, і Вугоршчына, і Польшча наладзілі добрыя адносіны між сабою і стварылі саюз. Дзеля чаго? Каб зьменшыць небясьпеку для гэтых усіх дзяржаваў з боку Расеі і з боку Нямеччыны. Антон Луцкевіч прадбачыў, што раней ці пазьней Польшча будзе расьціснута Расеяй і Нямеччынай, што і здарылася праз 20 гадоў”.
Скобла: “У дзёньніку Луцкевіча я знайшоў цікавую фразу: “Бальшавізм – ядыны ратунак ад польскага панаваньня”. А БССР Луцкевіч называе “рэальна існуючай дзяржавай”. Як доўга Луцкевіч трымаўся такіх думак?”
Сідарэвіч: “У яго бальшавізм як antidotum ад пальшчызны, Луцкевіч у гэтым быў, здаецца, перакананы да канца жыцьця. Мала таго, ён казаў, што бальшавізм немінуюча прыйдзе і ў Польшчу. Ён прадбачыў, што Польская дзяржава, якая настварала мноства ўсялякіх праблемаў, ня зможа іх разьвязаць, калі там не адбудзецца перавароту накшталт бальшавіцкага. Што і адбылося ў 1944 годзе. Што датычыцца БССР, то Луцкевіч разглядаў яе як прыступку да незалежнасьці. У яго не было аніякіх сумлеваў, што ніхто ўжо не загоніць Беларусь назад у склад Расеі, і юрыдычна Беларусь ніколі не была ўжо ў складзе Расеі. БССР – гэта прамы шлях да незалежнасьці”.
Скобла: “Выдатны дзеяч Заходняй Беларусі ксёндз Адам Станкевіч у свій час раіў бальшавікам, як рэфармаваць каталіцкі касьцёл у Беларусі. Луцкевіч таксама даваў парады бальшавікам. А ён што ім раіў?”
Сідарэвіч: “Калі Луцкевіч стаў на чале беларускай выбарнай акцыі 1922 году, калі нечакана для многіх, асабліва для палякаў, беларусы занялі сэнатарскія і пасольскія крэслы ў польскім парлямэнце, каля Луцкевіча пачалі круціцца агенты Масквы. Яму прапанавалі напісаць даклад, дзе выкласьці, што трэба зрабіць савецкай уладзе, каб спадабацца заходнім беларусам. І Антон Луцкевіч параіў: аб’явіць амністыю ўсім дзеячам БНР, павялічыць тэрыторыю БССР коштам тых тэрыторый, якія забрала Расея ў 1919 годзе (Магілеўшчына, Смаленшчына, Віцебшчына), стварыць тэрытарыяльныя войскі, весьці культурна-асьветніцкую працу. Што і было зроблена”.
Скобла: “Масква паслухалася Луцкевіча?”
Сідарэвіч: “Нездарма Антона Луцкевіча ацэньваюць як шэрага кардынала беларускага руху. Ён пастаянна знаходзіўся ў кантакце зь дзьвума знакавымі фігурамі беларускага руху: Аляксандрам Чарвяковым і Ўсеваладам Ігнатоўскім. І паміж Менскам і Вільняй пэрыядычна езьдзілі кур’еры”.
Скобла: “Гэта адбывалася легальна?”
Сідарэвіч: “Нават з санкцыі Масквы. У 2005 годзе я прысьвяціў гэтай тэме артыкул “Трыюмвіры, або Помнік камісарам”, дзе паказаў ролю, якую адыгралі гэтыя тры асобы – Луцкевіч, Чарвякоў і Ігнатоўскі – у беларускай палітыцы 1920-х гадоў”.
Скобла: “У кнізе Барацьба за вызваленьне” зьмешчаныя і турэмныя фота Антона Луцкевіча. Што вядома з пэрыяду знаходжаньн яго ў савецкай турме?”
Сідарэвіч: “Яго дапытвалі, як правіла, пасьля 22 гадзінаў – і да раніцы. Адзін допыт цягнуўся 36 гадзінаў. Гэта так званы канвэер, калі сьледчы зьмяняў сьледчага… Я прыкінуў: каб надрукаваць усе прыкметныя творы Антона Луцкевіча, спатрэбіцца яшчэ чатыры грунтоўныя кнігі. Сем кніг будуць своеасаблівым зборам твораў Антона Луцкевіча. Дарэчы, ёсьць дамоўленасьць, што кніга “Да гісторыі беларускага руху” ў перапрацаваным і дапоўненым выглядзе будзе перавыдадзена ў наступным годзе большым накладам”.
АЎТАР І ТВОР
ВЕРА БУРЛАК: “МАЯ ДЗІЦЯЧАЯ КНІЖКА ЗЬНІКЛА З ВЫДАВЕЦКІХ ПЛЯНАЎ”
Дарослы чытач беларускіх бэстсэлераў пачынаецца з маленькага слухача беларускіх вершаў, апавяданьняў і казак. Але на чым яму гадавацца, калі дзяржаўныя выдавецтвы не сьпяшаюцца пастаўляць у кнігарні і бібліятэкі добрыя чытанкі для малых беларусаў. Пра гэта ў інтэрвію Валянціне Аксак гаворыць дасьледчыца дзіцячай літаратуры, паэтка і маладая маці Вера Бурлак.
Валянціна Аксак: “У інтэрнэт-краме “Prastora.by” я налічыла каля дзясятка беларускіх кніжак для беларускіх дзяцей. А што вы пры такім небагатым выбары чытаеце свайму малому сыну Кастусю?”
Вера Бурлак: “У нас выбар багацейшы, бо я прафэсійна займаюся дзіцячай літаратурай. Вось цяпер распрацоўваю тэму перакладаў дзіцячых іншамоўных твораў на беларускую мову. Выявілася, што іх вельмі шмат. З расейскай мовы перакладзена даволі шмат вершаў Маршака, Чукоўскага, але гэтая клясыка не выдаецца, а ляжыць у “Нацыяналцы”. І вось тое, што я там бяру дасьледаваць, чытаю і Кастусю. Акрамя таго, мы з мужам чытаем яму кнігі ў арыгінале на трох мовах: на беларускай, расейскай і ўкраінскай”.
Аксак: “А што з сучасных беларускіх твораў для дзяцей вы яму чытаеце?”
Бурлак: “Кастусь вельмі любіць кніжачку Сержа Мінскевіча “Прыгоды Какоса–Маракоса”. Ён ведае яе напамяць. Чытаем яму дзіцячую старонку “Нашай Нівы” - там таксама вельмі цікавыя творы зьяўляюцца”.
Аксак: “Вашаму Кастусю пашанцавала, што ў яго мама – прафэсійная дасьледчыца дзіцячай літаратуры і назапасіла добрых кніг для яго. Але ж ня ўсім беларускім дзецям так шанцуе. Нядаўна вы ўдзельнічалі ў прэзэнтацыі восьмага нумару часопіса “Паміж”, прысьвечанага дзіцячай літаратуры. Як на вашу думку, зьвяртаньне часопіса навучэнцаў Беларускага калегіюму да гэтай тэмы ці ня сьведчыць пра тое, што ў краіне бракуе сучаснай літаратуры для дзяцей?”
Бурлак: “Гэта відавочна. Але якраз тое, што гэты нумар прысьвечаны такой праблеме, і сымптаматычна. Гэта добры сымптом. На праблему зьвярнулі ўвагу, яна стала цэнтрам абмеркаваньня. Такое становішча зь дзіцячай літаратурай, дарэчы цяпер ня толькі ў Беларусі. Праблема са стварэньнем дзіцячай літаратуры, яе выданьнем і вывучэньнем даволі надзённая ў многіх краінах. І я спадзяюся, што ў Беларусі ўсё ж абудзіцца цікавасьць да праблемы, а публікацыі ў часопісе “Паміж” будуць добрым штуршком для гэтага”.
Аксак: “Амаль усе беларускія літаратары, становячыся бацькамі, пачынаюць пісаць вершы, маленькія апавяданьні, казкі для сваіх дзяцей. Аднак жа вельмі мала хто зь іх дарастае да кніжкі такіх твораў, а тых, чые творы беларускія дзеці любяць чытаць і слухаць, – увогуле адзінкі. Ляўры славутай Астрыд Ліндгрэн паспрабавалі прымераць на сябе і вы. Ці лёгка пісаць для дзяцей?”
Бурлак: “Гледзячы калі. У прынцыпе, тое, што я пісала проста для сына, яно зьяўлялася спантанна. Маленькі поўзае-поўзае, нешта сабе кажа, і з гэтых гукаў нешта рыфмуецца, нешта нараджаецца. Гэта працэс – суаўтарства. Але такіх твораў было вельмі мала. А калі ўзьнікла ідэя выдаць кніжку вершаў для дзяцей, я ўжо пісала яе мэтанакіравана. І за два месяцы мы разам з Кастусём напісалі яе. Гэта было лёгка, але для гэтай лёгкасьці мэту трэба было паставіць”.
Аксак: “Рукапіс сваёй кніжкі вы здалі ў дзяржаўнае выдавецтва “Мастацкая літаратура”, але, наколькі мне вядома, на сёньня там няма ніякіх зрухаў да яе выданьня. Пры ўсім дэфіцыце дзіцячай літаратуры дзяржаўнае выдавецтва не сьпяшаецца выдаваць вашу кніжку. Як вы думаеце, чаму?”
Бурлак: “Я думаю, што тут фінансавыя прычыны. Кніжка павінна акупляцца, а дзяржаўнага фінансаваньня на дзіцячую літаратуру, мабыць, няма. Я гэтага дакладна ня ведаю, ведаю толькі, што мая кніжка спачатку была ў выдавецкіх плянах, а цяпер яе ў плянах няма. Таму мне трэба думаць, што з рукапісам рабіць далей, таму што хацелася б, каб яе пабачылі маленькія чытачы, і хацелася б, каб гэта адбылося хутчэй”.
Аксак: “А пакуль вершы Веры Бурлак для беларускіх дзяцей не сьпяшаюцца выдаваць у “Мастацкай літаратуры”, прапануем пачытаць іх на нашым сайце.
ВЕРА БУРЛАК. ДЗІЦЯЧЫЯ ВЕРШЫ
Лужына
Лужына, лужына,
Дрэвамі абкружана.
На тым беразе сьцяна:
Сто варотаў, тры акна.
А па срэбранай вадзе
Чоўнік шэранькі паўзе.
У ім панок вязе паненку.
Перакуліць – будзе енку!
Лужына, лужына,
Дрэвамі абкружана,
Тут бываюць і штармы
(Іх рабіць умеем мы!)
Ды, нягледзячы на тое,
Як сапраўдныя героі,
Праплываюць караблі
Ад зямлі і да зямлі.
Лужына, лужына,
Дрэвамі абкружана,
За падзеямі на ёй
Сочыць сьвет напружана!
Домік
Зачараваны домік
Быў побач у двары:
Сярод вялікіх новых –
Маленечкі стары.
Вакол – высокі плот,
Па плоце ходзіць кот.
Мы яблыкі пад плотам
Зьбіралі кожны год.
Стаяў маленькі домік,
Стаяў і раптам зьнік,
Бо зьвёз яго, казалі,
Вялізны грузавік:
І плот з катом, і садзік,
Як цацачны набор, –
Напэўна, ў нейкі новы
Зачараваны двор.
Чыя музыка грае?
А вось цяпер – чыя музыка грае?
Музыка тралейбусаў, музыка ветру.
Мама на кухні гатуе і сьпявае.
Музыка патэльняў,
Музыка сьпеваў.
Засьпявала птушка –
Музыка птушкі.
Забрахаў сабачка –
Музыка сабачкі.
Вушка засьвярбела –
Музыка вушка.
Пачасалі вушка –
Музыка часаньня.
Ідзе гадзіньнік –
Музыка гадзíнаў,
Гудзе халадзільнік –
Музыка ільдзінаў.
А вось цяпер – чыя музыка грае,
Калі сяджу я,
Калі маўчу я?
Грае мая музыка.
Шкада, ніхто не чуе!
Усё, што едзе
Усё на сьвеце
Кудысьці едзе:
Што – ледзьве-ледзьве,
А што – як вецер.
Ляціць на крылах,
Плыве і скача:
На конскіх сілах
І на сабачых.
Я чуў, што можна
Яшчэ іначай,
Але на вочы
Пакуль ня бачыў.
Тралейбус
Прайшоў над тралейбусам дожджык, а ён
Над рожкамі хутка раскрыў парасон:
"Вясёлы і жоўты, як сьпелы лімон,
І цёплы, як лецейка, мой парасон!
Няхай легкавушкі бягуць па рацэ –
Я сонца над імі трымаю ў руцэ!"
Едзе сполах
Едзе сполах
На чорных колах.
Вухае ды вохае –
Усіх людзей палохае.
Шкло рабое,
У маторы перабоі,
Фары падраны,
Руль паламаны.
Не збочыў улева –
Урэзаўся ў дрэва!
Сьлімак
Сьлімак на сабе
Носіць свой дом,
Бо ён не жадае
Быць сьлімаком.
Ён кажа: “Я цьвёрды,
Я моцны, я дужы,
Я самы вялікі
У гэтай калюжы!”
О, так! Я паважліва
Вас абыходжу.
Вялікасьці Вашай
Нічым не зашкоджу!
Няма чужых кармушак!
Для згаладнелых птушак
Няма чужых кармушак:
Для іх усе свае!
А як наесца птушка,
То падстаўляйце вушка:
Яна для вас сьпяе!
Жыхары пупа
Зьеў я кашу, зьеў я суп
І на свой дзіўлюся пуп.
Часам нехта там сапе,
Часам нехта там храпе,
Хто ж там у пупе?
Зубкі ў роціку жывуць,
Думкі – ў галаве.
І ў пупе, па ўсім чуваць,
Нехтачка жыве!
Р
Крук прамовіў: “Кар-кар-кар!”,
А качурка: “Кра-кра-кра!”,
А жаўнеры маршыруюць
І крычаць: “Ура! Ура!”
Як прыемна прамаўляць
Гук, што грозна рыкае,
Муркае, курняўкае
Ды яшчэ й курлыкае!
Кола агляду
Я сяду на кола агляду –
І сьпераду ўбачу і ззаду
Наш горад, і зьлева, і справа,
Нібыта з высокай гары.
Якая цудоўная справа –
Павіснуць у неба ўнутры!
У небе выключна птушыным
Я дзякую добрым машынам
І бачу я з самай вяршыні
Рачулкі, лясы і палі.
А спусьціцца кола агляду –
Як птушка крылатая, сяду
На пліткі нагамі – і гучна
Скажу прывітаньне зямлі!