Шыльда Свабоды
Гародня, вуліца 1 Мая, 10Музэй Максіма Багдановіча з 1982 да 1998 году быў цэнтрам актыўнага беларускага жыцьця. Тут выдавалася апазыцыйная газэта “Рэанімова”, працаваў беларускі дзіцячы гурток “Вянок”.
Данута Бічэль стварала музэй і зьбірала вакол яго людзей, як сама любіць паўтараць, будавала сваю “вёску”, адкрытую для кантактаваньня аднадумцаў. Мастакі дарылі свае працы, пісьменьнікі — кнігі, у экспэдыцыях разам з навукоўцамі Акадэміі навук купляла экспанаты ў мясцовых людзей, часьцей за свае грошы.
Музэй быў адчынены штодня і для ўсіх. Там былі госьці зь Менску, Вільні, Беластоку, з Амэрыкі прыяжджаў Данчык. Памяшканьнем карыстаўся першым часам і гарадзенскі БНФ.
Беларускіх школ у Гародні тады не было. І бацькі сталі прыводзіць сваіх дзяцей у гэты музэй. Узьнік прыгожы дзіцячы гурток “Вянок” — ставілі спэктаклі на роднай мове, пісалі вершы, малявалі, рабілі свой літаратурны рукапісны альманах.
Суполка імя Багдановіча пры музэі стала таксама выдаваць сваю газэту — “Рэанімова”. Расказвае Данута Бічэль:
“Міша Баярчык прыдумаў гэтую назву — “рэанімацыя мовы”. Ён у газэту пісаў саркастычныя рэчы і маляваў таксама. Напрыклад, у першым нумары быў малюнак птушачкі, якая глыкае кропачкі над “і”, а з заду ў яе выходзяць дзьве літары “і”, зьвязаныя паміж сабой. Наклад быў у залежнасьці ад грошай, якія я зьбірала, жабравала. Мне збоку ніхто не даваў. Першы нумар нам бясплатна ў Вільні аддрукаваў Дубавец. Пасьля мне адзін літовец даў адрас віленскага друкара, у якога быў нейкі барабан, які ён мазаў чорнай фарбай, і гэта кацілася і капіравалася. Ён рабіў вельмі дрэнна, няякасна. Але мы там усе нашы лістоўкі, праграмы друкавалі”.
Газэта нядрэнна разыходзілася, асабліва на апазыцыйных мітынгах. Улады папярэджвалі пра тое, што нельга гэтым займацца, але не арыштоўвалі.
У 1998 годзе Дануту Бічэль насуперак яе жаданьню выправілі на пэнсію і прызначылі новае кіраўніцтва. І цяпер музэй функцыянуе як звычайная дзяржаўная культурная ўстанова.