Трэці сэктар ня хоча быць “трэцім лішнім”

Уладзімер Мацкевіч

Сёньня ў Брусэлі адкрыўся форум грамадзянскай супольнасьці “Ўсходняга партнэрства”. У ім бяруць удзел прадстаўнікі шасьці краінаў, запрошаных у гэтую праграму, у тым ліку Беларусі. Ці ўдалося прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці Беларусі выпрацаваць агульную пазыцыю і як яна выглядае? Ці пачуюць эўрапейскія палітыкі гэтую пазыцыю? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч.
Цыганкоў: У Брусэль прыехалі прадстаўнікі 27 недзяржаўных арганізацыяў. Ці ўдалося ім выпрацаваць адзіную пазыцыю? Якія мэты яны павінны ставіць перад сабой, беручы ўдзел у гэтым форуме?

Мацкевіч: Больш за палову дэлегатаў форуму пагадзіліся з адзінай прапановай, адзіным мэсыджам, які яны павезьлі. І ён складаецца з таго, што беларуская грамадзянская супольнасьць накіраваная менавіта на інтэграцыю Беларусі ў Эўропу. І гэта найбольш пасьлядоўныя прыхільнікі інтэграцыі ў Эўропу, значна большыя чым улады і нават апазыцыйныя палітыкі.

І другая частка мэсыджу ў тым, што грамадзянская супольнасьць Беларусь павінна адыгрываць большую ролю ў “Усходнім партнэрстве”

Цыганкоў: На цяперашні момант ужо фактычна вядома, якое рашэньне прынялі краіны Эўразьвязу наконт санкцыяў у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў — санкцыя не адмененыя, але зноў прыпыненыя. Ці гатовыя беларускія палітыкі пачуць беларускае незалежнае грамадзтва? Што яны гатовыя пачуць і ўспрыняць, а што — не?

Мацкевіч: Трэба адзначыць, што эўрапейскія палітыкі ўжо добра разумеюць сытуацыю ў Беларусі. У іх няма ілюзіяў і яны не спадзяюцца на хуткую эвалюцыю рэжыму.
Эўрапейскія палітыкі ўжо добра разумеюць сытуацыю ў Беларусі. У іх няма ілюзіяў і яны не спадзяюцца на хуткую эвалюцыю рэжыму.
Але яны, будучы рэальнымі палітыкамі, разумеюць, што калі Беларусь не пакідаць у ізаляцыі, то толькі з рэжымам можна весьці працяглыя і марудныя перамовы.

Гэты рэжым не прыслухоўваецца да грамадзянскай супольнасьці, да ўласнага народу. Таму голас грамадзтва павінен адыгрываць усё большую ролю Менавіта для гэтага і ствараецца Грамадзянскі Форум, які павінен выйсьці з прапановамі, як павялічыць гэтую ролю, каб голас трэцяга сэктару ўплываў на міжнародныя адносіны Беларусі з Эўразьвязам. Думаю, што на сёньняшні момант эўрапейскія палітыкі гатовыя пачуць гэты мэсідж.

Цыганкоў: Грамадзянская супольнасьць як быццам кажа, што яна ня хоча быць “трэцім лішнім” у перамовах паміж афіцыйным Менскам і афіцыйным Брусэлем. Але не заўсёды яна фармальна можа там прысутнічаць. Дзе тая мяжа, калі эўрапейцы скажуць — вось тут вы можаце ўдзельнічаць, а тут будзем гаварыць толькі з афіцыйным Менскам?

Мацкевіч: Гэтая мяжа ўжо пазначаная. Сапраўды, у традыцыйных міждзяржаўных адносінах месца грамадзянскай супольнасьці амаль не прадугледжанае. І зараз працэс ідзе ў бок павелічэньня ўплыву трэцяга сэктару і ў самой Эўропе, і ў Беларусі. Таму беларускія няўрадавыя арганізацыі працуюць разам з тымі эўрапейскімі няўрадавымі арганізацыямі, якія змагаюцца за тое самае. Думаю, існуе такая сынхранізацыя ў дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці Беларусі і Эўропы