У Менску адзначылі дзень салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі

Сёньня – дзень салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі. Прадстаўнікі палітычных партый і моладзевых рухаў арганізавалі жывы ланцуг на Кастрычніцкай плошчы Менску.
Акцыя салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых ды з палітвязьнямі пачалася а шостай вечара. На Кастрычніцкую плошчу прышлі каля паўсотні ўдзельнікаў акцыі. Сярод іх палітыкі Анатоль Лябедзька, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Лявон Баршчэўскі, мастак Алесь Пушкін, Вячаслаў Сіўчык, а таксама прадстаўнікі кампаніі “Эўрапейская Беларусь”, “Малады Фронт” і прадстаўнікі “Вольнага тэатра”. Людзі разгарнулі бел-чырвона-белы сьцяг, расьцяжку “Мы помнім” і партрэты зьніклых, а таксама палітвязьняў: Арцёма Дубскага, Мікалая Аўтуховіча, таксама новага палітвязьня Андрэя Бандарэнкі. Міліцыянты ня ўмешваюцца ў ход акцыі, а назіраюць здалёк. Прынамсі, тут толькі кіраўніцва УУС гарадзкога ўпраўленьня ўнутраных спраў, ніякіх спэцназаўцаў, ніякіх аўтазакаў гэтым разам на плошчы няма.

Палітыкі тлумачаць гэта тым, што сёньня адбываецца другі дзень перамоваў і таму яны лічаць, што гэта паўплывала. Заўсёды гэтыя ланцугі жорстка разганяліся, а гэтым разам улады прадэманстравалі, што можна абысьціся бяз жорсткіх разгонаў, і людзі могуць выказаць сваё меркаваньне.


Анатоль Лябедзька


Максім Вінярскі