Ася Паплаўская – пра “захаляўныя” кніжкі

Ася Паплаўская

Калі вы хочаце ведаць найлепшыя творы беларускай клясыкі і выбітных сучасных аўтараў, але вам хранічна не стае часу на чытаньне пульхных тамоў, то кніжкі-малюткі якраз для вас. Наша сёньняшняя экспэртка літаратурная журналістка Ася Паплаўская назьбірала больш за дваццаць пяць такіх кішэнных, ці як іх жартам называюць халяўных (не таму што на халяву можна атрымаць, а за гэтую самую халяву ў ботах схаваць) беларускіх выданьняў, і склала зь іх свой прыватны рэйтынг.


ЯНКА КУПАЛА, ВЕРШЫ. МЕНСК, “МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА”, 1982.

У кнізе, што зьмяшчаецца на дзявочай далоні, вершы розныя. Тут сабраныя і грамадзянкая паэзія (“А хто там ідзе?”, “Я — мужык-беларус…”, “Гэй, наперад!”, “І прыйдзе”, “Маладая Беларусь” і інш.), і вершы пра каханьне (“Шуміць шуменька гаёк”, “Чорныя вочы”, “Маладым на вясельлі”, “Даўгажданая”, “Ты прыйдзі…” і інш.), і такія неадназначныя тэксты, як “Вялікаму Кастрычніку”, “Я — калгасьніца…”, “Вечарынка” ды іншыя вершы. Яны не разьбітыя тэматычна, а друкуюцца ў адпаведнасьці з часам напісаньня. Але нідзе не стаіць дата стварэньня верша. Такое тэматычнае непадзяленьне толькі спрыяе больш асэнсаванаму чытаньню. Вы не стамляецеся, чытаючы запар дзесяты верш-лозунг.

Натуральна, кніжачка не змагла зьмясьціць усе вершы паэта. На жаль, няма ў ёй маіх любімых “Не глядзі”, “Ворагам Беларушчыны”, “Прарок”, “Мая малітва”… Але выданьне якаснае, на глянцавай паперы, з выдатнымі ілюстрацыямі А. Алексанровіча, з ня вельмі дробным шрыфтам.. Гэты зборнічак вершаў Янкі Купалы, безумоўна, дае ўяўленьне неабазнанаму чытачу пра асобу і талент паэта.


КАНДРАТ КРАПІВА, БАЙКІ. МЕНСК, “МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА”, 1996.


Байкі Кандрата Крапівы, вядомыя нам са школы, набываюць новы сэнс у кішэнным выданьні. У такой якаснай кнізе мудрыя словы Кандрата Крапівы набываюць своеасаблівы шарм.

Пра поўныя гумару тэксты ня хочацца шмат разважаць. Яны гавораць самі за сябе. Хоць бы байка

“Шляхі да ісціны”.

Жылі ў суседзтве два Іваны.
Адзін — мудрэц —
Шукаў ва ўсім пачатак і канец,
Другі — прастак —
Жыў проста так.
Вось раз ідзе прастак з двара —
Касьцюмчык, гальштук, папяроска.
— Куды? — пытае цёзка.
— Ды мне пара...
Вунь там у сквэрыку чакае
Чарнявая такая.
— Я бо гляджу — надраіў чуб.
Жаніцца думаеш?
— А хоць бы й так?
— Дык ты ж не знаеш, што такое шлюб.
— Я па-вучонаму адказваць не бяруся,
Як ажанюся — разьбяруся.
— Прастак дык ён і ёсьць прастак.
А я хачу спачатку разабрацца.
Цяжкая, праўда, праца,
Вунь, бачыш, колькі кніг!
Усё пра шлюб сабрана ў іх
Ад самага Адама.
Дык вось мая праграма:
Пакуль да сутнасьці не дабяруся —
Не ажанюся.
Ад першабытнае сям'і пачну.
— Ну-ну!
Жадаю посьпеху.
— Табе таксама.
Пакуль мудрэц, сабраўшы кніжак стог,
I дзень і ноч пад імі сох,
Пакуль дабраўся да матрыярхату,
Прастак прывёў чарняўку ў хату.
Яшчэ прайшло мо год ці два,
Штудзіруе разумнік том за томам,
Трашчыць аж галава,
А ўсё канца няма крыніцам невядомым.
Раз, глянуўшы на сьвет, разумны аж зьдзівіўся:
Сынок у «дурня» нарадзіўся.

_________________
Ішлі гады сваёй хадою...
Пад старасьць наш мудрэц,
Абросшы сівай барадою,
Знайшоў-такі пачатак і канец,
Але на сівізну кудзелі
Нявесты не глядзелі.
1965



МАКСІМ ТАНК, AVE MARIA. МЕНСК, “МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА”, 1980.


Зборнік утрымлівае мяккую, цёплую, часам жартаўлівую, але заўжды шчырую лірыку. “AVE MARIA” — прызнаньне паэта ў каханьні, любові, пошук адказу па пытаньне “Што ёсьць каханьне?”… Калі чытаеш сапраўдную паэзію, сэрца ня можа не адгукацца. Перачытала “AVE MARIA” Максіма Танка. Сэрца зноў адгукнулася.


БАРЫС ПЯТРОВІЧ, ПІЛІПІКІ. МЕНСК, “ГАЛІЯФЫ”, 2009.

Кніга пра Піліпа ўтрымлівае абсалютна звычайныя ды абсалютна незвычайныя гісторыі з нашага з вамі жыцьця. Піліп сячэ дрэвы, палюе, піша лісты, едзе ў транспарце, разглядае лапавухую Неферціці… Часам Піліп падаецца небаракам (“Піліп сустрэўся на вуліцы з прэыдэнтам. Былым, хоць і першым. Нос у нос. І не разьмінуцца ім: зьлева лужына і справа лужына…”; “На шпалах ляжаць было нязручна. На рэйцы яшчэ горш. Тады Піліп лёг на шпалу, а галаву паклаў на рэйку, як на падушку. І адразу заснуў…”), часам героем (“Купіў Піліп гадзіньнік… А самае прыемнае — гэта калі ў Піліпа першы раз спыталі: “Колькі часу?”— і ён, паважна ўзьняўшы руку, глянуў, адказаў… і адчуў сябе патрэбным чалавекам…”), а часам у дошку сваім хлопцам (“Больш за ўсё на сьвеце Піліп любіў сон. Дакладней, ня сон, а сны… Але самае галоўнае, што кім бы Піліп там ні быў і што б зь ім ні здаралася, у яго заўсёды быў шанец прачнуцца”).
“Піліпікі” – кніга, да якой хочацца зьвяртацца ў любым настроі і пры любым надвор’і.


АРЦЁМ АРАШОНАК, СЭНР’Ю. МЕНСК, “ЛОГВІНАЎ”, 2007.


Першая кніга маладога літаратара, перакладчыка з Віцебска Арцёма Арашонка атрымалася наватарскай і мінімалісцкай па форме, гарманічнай і душэўнай па зьместу. Кнігу склалі сэнр’ю, танка і кароткая проза.

Сэнр’ю — амаль тое самае, што хоку. Розьніца ў тым, што клясычнае хоку абавязкова будуецца на суаднясеньні ўнутранага сьвету аўтара з прыродай (з пазначэньнем пары году), то сэнр’ю, аддаючы перавагу мэтафарам і пародыі, зьяўляецца жанрам сатырычнай паэзіі.
Кароткая проза, зьмешчаная ў асобны разьдзел — гэта мініацюры са штодзённага жыцьця, прасякнутыя болем за тыя згрызоты, што сустракаюцца на шляху кожнага з нас:

“Думкі і любоў маці знаходзяць мяне ў любым кутку нашай Зямлі. Самы лепшы Інтэрнэт”; “Калі б Бог бачыў сьвет ў маніторы свайго камп’ютэра, Ён даўно націснуў бы RESET”.

Выйсьце з гэтых згрызотаў Арцём Арашонак прапануе простае, як сьвет:
Зірнуў на неба,
пад якім ішоў па жыцьці
нясьпешна.
Дзе сяброў сустрэў — зоры,
Дзе маці — бліскучае сонца.
І яшчэ: “Маці — ад Бога. Вера ў Бога — ад маці. Мы верым адзін у аднога”.