Цюрых і Клётэн...
Лячу ў Цюрых з Рыгі. Авіяпералёты, калі яны робяцца ня зь Менску, сталі сёньня бадай што самым танным, ня кажучы ўжо пра зручнасьць, відам паездак. У маім выпадку, калі квіток замоўлены загадзя празь Інтэрнэт і калі ў якасьці багажу ўсяго толькі невялікі заплечнік, кошт проста нерэальны – 39 эўра. За дадатковую плату (5-10 эўра) можна замовіць сьняданак ці ланч. Аасабіста я ў самалётах звычайна не магу есьці. Штосьці нэрвовае. Думаю пра тое, пра што ня варта думаць. Тым больш, што мы ляцім над Бодэнзэе – месцам, дзе напачатку 2000-х адбылася буйная катастрофа самалёта Башкірскіх авіялініяў. Сярод ахвяраў былі і беларусы. Найбольшая колькасьць загінулых – дзеці. Мая знаёмая журналістка з Уфы расказвала, як лятала са сваёй сястрой, каб ідэнтыфікаваць парэшткі пляменьнікаў. Жанчыны адмыслова везьлі з сабой швэдры дзяцей, банты, грэбні, каб экспэрты маглі зрабіць аналіз на ДНК.
У цюрыхскім аэрапорце мяне сустракае мая Вероніка. Дагэтуль мы былі знаёмыя завочна. Вероніка – актывістка чарнобыльскага руху ў Швэйцарыі. Я некалькі разоў брала ў яе інтэрвію па тэлефоне... Даведаўшыся, што я еду ў Жэнэву, жанчына прапануе завітаць да яе. Вероніка жыве непадалёк ад Цюрыху і цюрыхскага аэрапорту – у маленькім гарадку Клётэн. Некалькі гадоў таму гэта назва адкрывала ўсясьветныя топ-навіны. Жыхар Уфы, бацька загінулых над Бодэнзэе дзяцей і жонкі забіў жыхара Клётэна, дыспэтчара цюрыхскага аэрапорту, па віне якога адбылася трагедыя. Мы едзем да Веронікі міма дому, дзе адбылася трагедыя. Вероніка кажа, што многія клётэнцы па-ранейшаму ня могуць пазбавіцца ад дэпрэсіўных пачуцьцяў. Трагедыя прымусіла перагледзець шэраг хрысьціянскіх пастулятаў. Напрыклад, чаму Богу трэба было караць нявінных дзяцей і ў якасьці карніка абраць зусім не злачынца, а добрага чалавека, бацьку, працаўніка, у якога невытлумачальна штосьці нечакана заклініла... Як увогуле сучасны чалавек можа гарантаваць, што не парушыць такое прыказаньне як “не забі”... Магчыма, тлумачэньні трэба шукаць у псыхааналітыкаў. Таго ж вучня Фройда – Юнга, які тлумачыў многія нематываваныя ўчынкі чалавека калектыўнай падсьвядомасьцю, генэтычнай памяцьцю, якая ідзе ад далёкіх продкаў.
Swissdutsch ды Hochdeutsch
Вероніцы 70 гадоў. Паводле адукацыі яна настаўніца. Пасьля выхаду на пэнсію займаецца сацыяльнай работай па лініі царквы – працуе са старымі людзьмі, дзецьмі, замежнікамі. У чарнобыльскай ініцыятыве, якой кіруе разам зь яшчэ адной жанчынай (галоўным кухарам мясцовага дому састарэлых) каля 20 гадоў.
Гэтым летам клётэнцам упершыню прыйшлося адмовіцца ад прыёму дзяцей з Лунінца. Пасьля выпадку з барысаўскай школьніцай Таняй Казырай, беларускія ўлады патрабавалі новых пагадненьняў ад тых краін, якія прымаюць у сябе юных беларусаў. Швэйцарцы сталі аднымі зь нямногіх, хто адмовіўся падпісаць дамовы. Падобныя дакумэнтальныя гарантыі супярэчылі б палажэньням аб правах чалавека Канстытуцыі Швэйцарскай канфэдэрацыі. Дарэчы, усе швэйцарскія кантоны таксама маюць уласныя канстытуцыі, а ўся ўлада ў краіне належыць саветам (вялікім, кантанальным, абшчынным і г.д). Дзеля таго, каб зьмяніць хаця б літару Закону, неабходна правесьці ўсенародны рэфэрэндум. Швэйцарцы ж прызвычаіліся жыць, нічога не мяняючы.
“Швэйцарцы вельмі павольныя людзі ў параўнаньні зь іншымі жыхарамі Цэнтральнай Эўропы, а яшчэ вельмі эканомныя, каб не сказаць больш. Адрозна ад немцаў яны больш дыпляматычныя”, – гаворыць Вероніка, этнічная немка, якая жыве ў Швэйцарыі з юнацкіх гадоў.
Самае цяжкім ў яе швэйцарскім жыцьці было пераадолець нэгатыўнае стаўленьне да немцаў і да нямецкай мовы. Паводле яе слоў, такое стаўленьне зьвязана з другой усясьветнай вайной і з тым, што нямецкамоўныя швэйцарцы проста не пераносяць літаратурнай нямецкай мовы – “Hochdeutsch”, хоць гэта і зьяўляецца афіцыйным пісьмовым ды вусным нарматывам нямецкамоўных кантонаў. Для швэйцарцаў “Hochdeutsch” фактычна першая замежная мова, якую яны вучаць у школе.
Вядомы швэйцарскі пісьменьнік Фрыдрых Дзюрэнмат у свой час пісаў: «Я размаўляю на Swissdutsch, а пішу на нарматыўнай нямецкай. У маёй сьвядомасьці я пастаянна мушу адмаўляцца ад роднай мовы, на якой размаўляю і зьвяртацца да чужой мне мовы, на якой не размаўляю... Бо калі я гутару па-нямецку, я заўсёды гутару з акцэнтам.”
Каб адчуваць сябе сваёй у Швйэцарыі, Вероніцы прыйшлося адмыслова вучыцца швэйцарскаму Swissdutsch.
У швэйцарскім доме састарэлых узгадваюць баль ў Нясьвіжы
Разам зь Веронікай заяжджаем на кароткі час у мясцовы дом састарэлых. Дарэчы, у лексыцы швэйцарцаў – адных зь лідэраў у Эўропе па працягласьці жыцьця, такое слова ўжываць не прынята. Прынята гаварыць: ”Сталыя людзі”. У кожнага свая прычына, паводле якой ён апынуўся ў гэтай установе. Пасьля страты жонкі ці мужа многія 80-гадовыя ня ў стане даглядаць за сваім домам. А тут у пансіянаце многія пытаньні вырашаюцца самі сабой.
Таксама стала задорага плаціць за жытло. Пасьля праведзенай санацыі ў старых дамах, кватэраўладальнікі патрабуюць больш высокай аплаты за тыя квадратныя мэтры. Кошты на сьціплае, паводле швэйцарскіх мерак, жыльлё дасягнула 2-х тысячаў франкаў. Для пэнсіянэраў гэта шмат. Акрамя таго, у сувязі з крызысам істотна падскочылі іншыя кошты.
...У вялікім холе пансіянату час кафэйнай паўзы. За кубкам кавы ці гарбаты некалькі жанчын штосьці актыўна абмяркоўваюць. З размовы разумею толькі асобныя словы... Напрыклад, “суставы”. Аказваецца, усе гэтыя жанчыны перанесьлі апэрацыі, у часе якіх іх разбураныя суставы (тазу, калена) былі замененыя на штучныя тытанавыя. Як яны сябе адчуваюць? Ім можна было б яшчэ пабегаць з нашымі маладзейшымі навыперадкі.
Вероніка прадстаўляе мяне як госьцю з краіны Беларусь, што паміж Расеяй і Польшчай.
Нечакана адна з жанчын пытаецца: “А вы ня ведаеце ў Польшчы такога гарадку як Нясьвіж? У 1938 я была там на балі і пазнаёмілася са сваім мужам. Гэта самы шчасьлівы час ў маім жыцьці...”
Пачуўшы ад мяне, што Нясьвіж – гэта Беларусь, жанчына, дарэчы, ужо на “Hochdeutsch” пытаецца: “У Нясьвіскім палацы па-ранейшаму ладзяць балі?”
У цюрыхскім залюстроўі
У цэнтры Цюрыху шукаю вуліцу, а дакладней завулак Spiegelgasse. Мяне цікавяць два дамы – №1 і №14. У першым доме ў 1916 годзе існавала кабарэ Вальтэр (цяпер гэта кавярня), у якім быў заснаваны мадэрнісцкі рух – дадаізм. Яго прыхільнікі, якіх можна назваць бацькамі сучаснага графіці, выступалі за разбурэньне любой мастацкай эстэтыкі і называлі сябе рэвалюцыянэрамі ў мастацтве і песьнярамі абсурду.
У другім доме, № 14 у тым жа 1916 годзе жылі Ленін і Крупская. А непадалёк бліжэйшыя паплечнікі Радэк і Зіноўеў. Паводле розных дакумэнтаў, Ленін нярэдка наведваў кабарэ “Вальтэр”.
Калі ўлічыць, што абодва дамы на Spiegelgasse (перакладаецца як Люстэркавы завулак) знаходзяцца амаль насупраць адзін аднаго, узьнікаюць нявольныя асацыяцыі з залюстроўем. Ва ўсялякім разе тады, у 1916 годзе, мэнтальнасьць будучага правадыра рэвалюцыі і дадаістаў дзіўным чынам супалі... Ленін быў сапраўдным песьняром абсурду. Многія яго фармулёўкі кшталту “ні міру, ні вайны, а войска распусьціць” гучалі вельмі па-дадаісцку.
...Ля дому №14 сабраліся падобныя да мяне неарганізаваныя турысты. Пераважна амэрыканцы. Расейскай мовы ня чую. Усе мы спадзяёмся, што раптам з зачыненага пад’езду выйдзе хто-небудзь зь яго жыхароў. Усё ж цікава, хто жыве там, на месцы вядомага рэвалюцыйнага правадыра. Але ж дом у гэты выходны дзень нібыта вымер. Зачынена і крама канцылярскіх тавараў, што на першым паверсе. У яе вітрыне, ізноў жа на тле люстэрка, чырвоны бюсьцік Ільліча.
З гадзіну гуляю па завулку, спадзеючыся хоць каго-небудзь сустрэць. Вырашаю працягваць сваё назіраньне з суседняй кавярні “Turm”. Гэтая кавярня існавала яшчэ ў пазамінулым стагодзьдзі. Ня выключана, што і сюды заходзілі Ўладзімер Ільліч і Надзея Канстанцінаўна.
За столікам непадалёк ад мяне нейкі мужык п’е піва. Мяркуючы па яго размове з кэльнэрам, ён тут часты наведнік. Магчыма, жыве дзесьці побач.
“Прабачце, – зьвяртаюся да яго на сваёй літаратурнай нямецкай мове. – Вы ня ведаеце, хто сёньня жыве ў гэтым доме №14, там дзе вісіць шыльда?”
З адказу не разумею ані слова.
“Ці не маглі б вы сказаць гэта больш павольна?” – прашу я.
“Мог бы, аднак вы ўсё роўна нічога не зразумееце. Вы самі ведаеце, што ня ведаеце многіх нашых слоў.”
Кажу, што ўсіх гэтых нюансаў я, на жаль, ня ведаю ўвогуле, бо сама зь Беларусі, краіны паміж Расеяй і Польшчай. Распавядаю, што ў Швэйцарыі ўпершыню і гэтак жа ўпершыню чую сапраўдны “Swissdutsch”. Узгадваю школьнае дзяцінства, калі настаўніца нашай “нямецкай” спэцшколы, якая паходзіла з савецкіх немцаў, ставіла нам нямецкія гукі ch, ck, r. А мы, пэўна, вымаўлялі іх па-швэйцарску – з цьвёрдым “х” у слове “іхь” і “р”, такім, як на практыкаваньнях у лягапэда... Мужык на вачох мягчэе і пераходзіць на ня надта любімую ім нямецкую літаратурную мову...
”Ведаеце, вы вымаўляеце “ch” як валісцы, а “r” як бэрнцы”. Ён расказвае, што ў кожным зь нямецкамоўных кантонаў свой дыялект. Калі нядаўна швэйцарцам у адным з апытаньняў прапанавалі аддаць перавагу аднаму зь іх, 27% выказаліся за бэрнскі, 20 – за валіскі, 10 за цюрыхскі. Ніхто не захацеў замацоўваць нейкі агульны для ўсіх нарматыў.
“Навошта штосьці мяняць, калі мы і так захоўваем сваю родную мову, разумеем адзін аднаго і пры гэтым не пераходзім на Hochdeutsch”, – кажа мой суразмоўца.
Гэтыя словы: “Навошта ўсё мяняць,” – я буду чуць ад швэйцарцаў неаднойчы.
Мой новы знаёмы распавядае, што ў доме № 14, дзе Ленін з жонкай здымалі пакойчык у кватэры шаўца, цяпер мусяць жыць даволі заможныя людзі. Гэта ўсё ж адзін з ідылічных, а таму і дарагіх куткоў Цюрыху. Вядома, жыхары пад’езду вельмі стаміліся ад усіх цікаўных, якія прыходзяць паглядзець на эмігранцкі прытулак расейскага рэвалюцыянэра. Гадоў 20 таму ці нават болей сюды хадзіў савецкі пісьменьнік-дысыдэнт Салжаніцын. Мой суразмоўца бачыў тую кнігу “Ленін у Цюрыху”. Зрабіў наступную выснову: цюрыхскія ўлады паставіліся да расейскага эмігранта-бунтара вельмі паблажліва.
“Пакіньце мне, калі хочаце, свой імэйл. Я даведаюся, хто сёньня жыве ў ленінскім пакоі і дашлю вам інфармацыю,” – нечакана прапануе мне мой новы знаёмы...
Гл. таксама: "Навошта ехаць у Швэйцарыю? Частка 1"