Ад пнэўманіі паміраюць маладыя

У аптэках Менску і іншых рэгіёнах Беларусі па-ранейшаму не хапае супрацьвірусных лекаў. Людзі працягваюць хварэць на прастуду, грып і пнэўманію. Паміраюць перадусім людзі маладога веку. Адмыслоўцы заяўляюць, што гэта асаблівасьць вірусу грыпу A(H1N1).
У менскіх паліклініках і аптэках па-ранейшаму шмат наведнікаў. Антывірусныя прэпараты пачынаюць паступаць, але іх недастаткова, кажа аптэкарка дзяржаўнага прадпрыемства “Белфармацыя” Галіна Мароз:

“Мы атрымалі дзіцячы анафэрон. Атрымоўваем пакрысе, але ж яно ўсё і разыходзіцца сьледам. І сёньня замовілі вялікую партыю: і арпэтол, і анафэрон, і рэмантадын — ну ўсё, што ёсьць на складзе, усё мы замаўляем. А што будзе — мы ня ведаем”.

Карэспандэнтка: “А што ёсьць на гэты момант?”
Fсаблівасьць эпідэміі ў тым, што ў асноўным хварэюць на пнэўманію і паміраюць ад пнэўманіі людзі маладыя, у веку 25—35 гадоў безь цяжкіх спадарожных хвароб

“Застаўся толькі дзіцячы анафэрон. Усё разабралі”.

Найчасьцей людзі шукаюць лекі для органаў дыханьня, але па-ранейшаму ня ўсе могуць набыць неабходныя прэпараты:

Спадарыня: “У мяне прастуда. Трахеіт і прастуда”.

Карэспандэнтка: “Ці набылі ўсе неабходныя лекі?”

Спадарыня: “Набылі, але ня ўсе. Мы загадзя набывалі. Дзіця таксама хварэла — крыху засталося”.

Карэспандэнтка:
“Ці вам удалося набыць усе лекі?”

Спадарыня: “Не, не ўдалося. Павязак у продажы няма. Лекі іншы раз паступаюць у аптэкі. Але ж вядома — ранкам паступаюць а 8-й гадзіне, да прыкладу, 20 упаковак арпэтолу, а ў 8:30 ніводнай не засталося”.

У Міністэрстве аховы здароўя па-ранейшаму замоўчваюць зьвесткі пра колькасьць новых хворых на вірус грыпу A (H1N1) і памерлых ад пнэўманіі. Кіраўніца прэсавай службы Вольга Шульпіна, у прыватнасьці, паведаміла наступнае:

“На жаль, тая інфармацыя, якая ў мяне была, застаецца. Іншай інфармацыі ў мяне няма”.

Такім чынам, паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі па-ранейшаму 128 хворых на вірус грыпу A (H1N1) і 19 памерлых ад пнэўманіі, у сямі зь якіх выяўлены гэты вірус. Адмыслоўцы, аднак, мяркуюць, што сьмяротнасьць ад пнэўманіі наўпрост зьвязаная са сьвіным грыпам. Гаворыць лекар-рэаніматоляг аднаго зь менскіх шпіталяў:

“Вядома, гэта зьвязана. Бо зараз асаблівасьць эпідэміі ў тым, што ў асноўным хварэюць на пнэўманію і паміраюць ад пнэўманіі людзі маладыя, у веку 25—35 гадоў безь цяжкіх спадарожных хвароб. І гэтая зьява характэрная для вірусу A(H1N1). І таму выказваньні чыноўнікаў міністэрства пра тое, што, маўляў, пнэўманія — гэта такая распаўсюджаная хвароба... Так, сапраўды, хвароба нярэдкая, але сьпісваць на тое, што гэта людзі сталыя, з кепскім здароўем, — няправільна гэта і няпраўда”.