Мэдыкі настойваюць на тым, каб вакацыі ў менскіх школах працягнулі да 15 лістапада.
Пра гэта паведаміла загадчыца эпідэміялягічнага аддзелу Мінскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Алена Фісенка.
Восеньскія вакацыі павінны былі скончыцца 2 лістапада. Але 31 кастрычніка з прычыны росту захворваньня на ВРВІ і грып улады Менску вырашылі падоўжыць канікулы да 6 лістапада, а затым — па 11 лістапада ўключна, нагадвае БелаПАН.
“Улічваючы, што мы знаходзімся практычна на піку захворваньня на вострыя рэсьпіраторныя вірусныя інфэкцыі і грып, дзецям зараз мэтазгодна заставацца паасобку”, — кажа спадарыня Фісенка.
Яна зазначае, што за апошні тыдзень сытуацыя з захворваньнем на грып і ВРВІ ў Мінску трохі стабілізавалася. “Калі гэтая тэндэнцыя захаваецца, то можна разьлічваць, што на гэтым тыдні колькасьць хворых пачне зьніжацца”.
За апошні тыдзень на ВРВІ і грып захварэлі каля 65 тысяч жыхароў Менску.
9 лістапада было пастаўлена 12 175 такіх дыягназаў. У 34% хворых пацьверджаны грып. Сярод хворых на грып за апошні тыдзень 68% складаюць дарослыя.
“Мы можам меркаваць, што большасьць выпадкаў грыпу — гэта менавіта выпадкі так званага сьвінога грыпу, новага вірусу A (H1N1). Статыстыка пацьверджаных выпадкаў — іншая, але гэта не характарызуе сытуацыю”, — заяўляе лекарка.
Галоўны спэцыяліст упраўленьня ідэалягічнай, сацыяльнай і выхаваўчай працы камітэту адукацыі Мінгарвыканкаму Надзея Вялікая паведаміла, што рашэньня падоўжыць вакацыі для мінскіх школьнікаў трэцім разам пакуль не прынялі, аднак гэтае пытаньне абмяркоўваецца.