Беларусь ахоплена эпідэміяй

Эпідэмія грыпу пашыраецца ў рэгіёнах Беларусі. Паводле зьвестак Міністэрства аховы здароўя, на карантын ужо зачыненыя школы ды іншыя навучальныя ўстановы ў Віцебску, Берасьці, Гомелі, Магілёве, а таксама ў райцэнтрах гэтых абласьцей. Мэдыкі патрабуюць спыніць культурна-масавыя, забаўляльныя праграмы, спартовыя спаборніцтвы і дыскатэкі ў закрытых памяшканьнях.
“Свабода” тым часам атрымлівае інфармацыю зь месцаў, што захады, якія робіць улада -- запозьненыя, а таму не даюць належнага эфэкту.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Першая сьмерць ад грыпу на Магілёўшчыне

У Магілёўскай абласной бальніцы памерла жанчына, у якой мэдыкі выявілі двухбаковую пнэўманію. Лекары не выключаюць, што гэта наступствы хваробы на грып.

Нябожчыца працавала мэдыкам. У Горацкай раённай бальніцы факт сьмерці прызналі:

“Тое, што яна памерла, — праўда. Дыягназ — двухбаковая пнэўманія. Вынікі абсьледаваньня яшчэ не гатовыя. Яно будзе праводзіцца на базе абласной бальніцы”, — паведаміў у тэлефоннай гутарцы супрацоўнік бальніцы.

Як удалося высьветліць, жанчыну даставілі ў цяжкім стане ў магілёўскую абласную бальніцу на пачатку мінулага тыдня. Ці выявілі мэдыкі ў нябожчыцы наяўнасьць гэтак званага сьвінога грыпу? Мэдыкі пакуль выказваюцца наконт гэтага стрымана. Гаворыць прадстаўнік адміністрацыі мэдычнай установы:
Ёй пакуль выстаўлены грып А. Таму трэба пачакаць дзень-два, каб удакладніць усё гэта ...

“Памерла яна ад пнэўманіі. Гэта зьяўляецца ўскладненьнем грыпу. Аднак дыягназ гэты патрабуе яшчэ ўдакладненьня, то бок пакуль робяцца сэралягічныя рэакцыі. Ёй пакуль выстаўлены грып А. Таму трэба пачакаць дзень-два, каб удакладніць усё гэта”.

Не наведваюць школы дзеці, ня вучацца студэнты сельгасакадэміі

У Горацкім раёне дзеці ня ходзяць у школу, хоць канікулы скончыліся два тыдні таму. Ня вучацца й студэнты тутэйшай сельскагаспадарчай акадэміі:

“Рэктарат у мэтах прафіляктыкі сваім загадам прыпыніў навучальны працэс да серады”, — паведамілі ў горацкім раённым цэнтры гігіены й эпідэміялёгіі.

Паводле супрацоўніцы цэнтру, у Горках назіраецца рост вострых рэсьпіраторных захворваньняў і грыпу.

З супрацьгрыпознымі прэпаратамі сытуацыя ў райцэнтры такая ж, як паўсюль. Іх няма.

Грып выяўлены ў 4776 чалавек, палова зь іх — дзеці

“Людзі нават перад адкрыцьцём займаюць чэргі. У адной аптэцы мне сказалі, што прыйшла машына. Літаральна ўсё за пару дзён раскупілі. Маскі пастаянна людзі шукаюць, імунамадулятары, імунастымулятары — усё такое рознае. Людзі ня надта вераць таму, што ім кажуць афіцыйна. Чым больш супакойваюць, тым больш чалавек натапырваецца”, — кажа жыхарка Горак Галіна.
грыпам у рэгіёне хварэлі 4776 чалавек, амаль палова зь іх — дзеці да сямнаццаці гадоў ...

Паводле афіцыйнай інфармацыі, на сёмага лістапада грыпам у рэгіёне хварэлі 4776 чалавек, амаль палова зь іх — дзеці да сямнаццаці гадоў. Акрамя Горацкага раёну, ня вучацца дзеці ў Магілёве, Бабруйску, Мсьціславе, а таксама ў Магілёўскім ды Клімавіцкім раёнах. Асобныя клясы зачыненыя на Шклоўшчыне ды Кругляншчыне. Агулам не працуюць у рэгіёне 154 школы. Акрамя Горацкай сельгасакадэміі, ня вучацца студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова і Інстытуту правазнаўства. Зачыненыя й 15 сярэдніх спэцыяльных навучальных устаноў.

Афіцыйна прызнаюцца дзесяць выпадкаў захворваньняў на грып А (N1H1). Акрамя гэтага, у жніўні ад гэтай хваробы пацярпелі яшчэ дзевяць чалавек — восем дзяцей з Асіповічаў і адна дзяўчынка з Магілёва. Усе яны былі на аздараўленьні за мяжой.

ВІЦЕБШЧЫНА


Большасьць кажа, што хаваць інфармацыю пра сьвіны грып загадана зьверху

У Віцебску да 11-га лістапада адмененыя заняткі ў школах, але культурныя мерапрыемствы гарадзкія ўлады ня лічаць мэтазгодным ні адмяняць, ні пераносіць. Заўчора і ўчора, да прыкладу, у горадзе праходзіў фэстываль аўтарскай песьні “Віцебскі лістапад”, на які былі запрошаныя і сьпевакі з бліжэйшага замежжа. Паколькі мерапрыемства не было адмененае, людзі пачуваліся бясьпечна: у залі практычна не было гледачоў у марлевых павязках. Хаця й звычайнага аншлягу не было таксама — прыкладна чацьвёртая частка месцаў у залі пуставала.

Усяго трыццаць чалавек сабраліся ўчора на спэктакль “Жыў-быў заяц” у віцебскі тэатар “Лялька”. Кіраўніца літаратурна-драматычнай часткі тэатру Вікторыя Дашкевіч кажа, што свайго сына яна не павяла б у тэатар падчас эпідэміі ні ў якім разе:
Тут жа такі грып страшны — паміраюць ад яго, шпіталі перапоўненыя! ...

“Навошта? Тут жа такі грып страшны — паміраюць ад яго, шпіталі перапоўненыя! Адзінае, што ў нас і дзеткі, і бацькі прыйшлі ў масках, ня ўсе, але палова дакладна. І ўвесь пэрсанал, які працуе зь дзецьмі, забавязалі маскі надзець — і кантралёра, і кантралёра па залі. Праўда, ня ўсе адказна ў нас да гэтага ставяцца: хто надзеў, хто не — у кагось яна так вісела, але ў наяўнасьці маскі былі”.

На думку спадарыні Дашкевіч, больш мэтазгодна было б спэктаклі проста адмяніць.

“Увогуле ж значная частка жыхароў Віцебску мяркуе, што мясцовыя ўлады знарок спрабуюць прыхаваць усю інфармацыю пра грып, асабліва так званы “сьвіны грып”, каб не правакаваць панікі або незадавальненьня тым, што ў аптэках няма патрэбных лекаў”.

“З-за таго, што інфармацыю зрабілі таямніцай, у Віцебску ходзяць розныя страшныя чуткі”

На віцебскім інтэрнэт-сайце dvina.by наведнікам прапануюць адказаць на пытаньне, ці хаваюць ад беларусаў рэальную інфармацыю пра “сьвіны” грып. Толькі 2% удзельнікаў інтэрактыўнага галасаваньня пэўныя, што ўсе афіцыйныя зьвесткі — гэта праўда. Затое 36% выказаліся за тое, што хаваць інфармацыю “загадана зьверху”, 28% перакананыя, што беларусам “хлусяць, як звычайна”, і 20% лічаць, што “хаваць інфармацыю пра небясьпечную хваробу — гэта злачынства супраць народу”.

Заснавальнік і рэдактар сайту “Народныя навіны Віцебску” Сяргей Серабро распавёў, што і на гэтым інтэрнэт-рэсурсе не абышлося без апытаньня пра “сьвіны” грып:
прыкладна 60% баяцца захварэць на гэтую хваробу ...

“Апытаньне ў нас, ці баяцца жыхары Віцебску заразіцца вірусам так званага “сьвінога” грыпу. Адказваюць досыць актыўна, і ўвесь час аднолькавыя лічбы трымаюцца: прыкладна 60% баяцца захварэць на гэтую хваробу. Думаю, што страх гэты спароджаны там, што інфармацыю пра хваробу зрабілі таямніцай. Таму па Віцебску ходзяць розныя страшныя чуткі: каго са знаёмых не сустрэнеш, любы распавядзе, што нехта ў яго памёр, і напісалі, што ад пнэўманіі, а насамрэч, усе думаюць, ад “сьвінога” грыпу”.

Хаця зьвесткі пра колькасьць хворых на пнэўманію таксама не афішуюцца, віцебскія мэдыкі ананімна распавядаюць, што гэтая хвароба сапраўды набывае ў вобласьці надзвычайныя маштабы. У шпіталях запоўненыя рэанімацыі, і нават перапрафілююць іншыя аддзяленьні, каб было куды класьці хворых на двухбаковае запаленьне. Нават калі гэта не “сьвіны” грып, а асобная інфэкцыя, кажуць дактары, пра небясьпеку цяжкай хваробы трэба неадкладна паведамляць насельніцтву.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Дыягназ... праз тэлефон

Ад сёньняшняга дня ў Гомелі зачынены на карантын усе агульнаадукацыйныя школы. Каля 50 тысяч дзяцей адпраўленыя на вымушаныя канікулы.Такое рашэньне было прынята 6 лістапада ўвечары на тэрміновай нарадзе мясцовых уладаў у гарвыканкаме. Пастанову пра карантын падпісаў галоўны санітарны лекар Гомеля.
Эпідэмічны парог захворваньняў на грып перавышаны ў горадзе ў 10 разоў ...

У выходныя дні настаўнікі тэлефанавалі бацькам дадому й папярэджвалі пра закрыцьцё школаў ад 9 лістапада. Эпідэмічны парог захворваньняў на грып перавышаны ў горадзе ў 10 разоў.

Уздым захворваньняў на ВРВІ й грып назіраецца і ў іншых гарадах рэгіёну. Паводле зьвестак абласной санітарнай службы, спрэс зачыненыя на карантын школы ў Добрушы, Рагачове, Рэчыцы.

Жыхарка Рэчыцы распавяла, што на выходныя ў яе захварэў сын. Ведаючы, што й у нядзелю паліклінікі павінны працаваць, яна паспрабавала выклікаць лекара дадому:

“Дадому, канечне, ніхто не прыйшоў. Праз тэлефон пракансультавалі, што зь ім рабіць і як яго лячыць. Сказалі, што лекар адзін на прыёме, таму дадому ніхто ня прыйдзе. Накшталт таго, што разьбірайцеся ўжо ў панядзелак — выклікайце лекара дадому ці прыходзьце на прыём. І наагул, каб не палохаліся, бо тэмпэратура трымаецца 5 дзён. Параілі, якія лекі трэба прымяняць. І дыягназ адразу ж паставілі праз тэлефон: усе прыкметы ВРВІ. Можам нават дома лячыцца, на прыём не хадзіць, бо ў школах ад сёньняшняга панядзелка карантын”.

Жанчына паведаміла таксама, што неабходныя супрацьгрыпозныя лекі яна змагла знайсьці ў прыватнай аптэцы за высокія кошты. У дзяржаўных аптэках нельга было купіць нават марлевую павязку.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Загадчык паліклінікі вінаваціць у пашырэньні грыпу... СМІ і надвор'е

У мінулыя выходныя ўпершыню ў рэгіёне працавалі ўсе паліклінікі і аптэкі. Мэдыкі сьцьвярджаюць, што сытуацыя знаходзіцца пад кантролем.

У Смаргоні, са слоў загадчыка паліклінікі Ўладзіслава Галяка, фіксуецца больш зваротаў людзей да мэдыкаў з рэсьпіраторнымі захворваньнямі:

“Ну, звароты вырасьлі на 30—40 працэнтаў на прыёмах да лекараў, але няма ніякага ажыятажу. На маю думку, яго стварылі СМІ. Я вось мяркую па сваім раёне: нічога страшнага няма, звычайная вірусная інфэкцыя. Вось гэтыя дні надвор’е спрыяльнае для грыпу. Быў бы мароз, было б меней захворваньняў”.

Спадарыня са Смаргоні, якая зараз ня ходзіць на працу, бо атрымала лісток непрацаздольнасьці, распавядае, што на пачатку мінулага тыдня на прыёме да тэрапэўта было каля 70 чалавек, давялося сядзець у чарзе каля трох гадзінаў, а ўжо сёньня — усяго каля 30.

Зь яе слоў, у смаргонскіх аптэках нестае лекаў без рэцэптаў, таму людзі крыху панікуюць:

Спадарыня: “Што тычыцца масак — няма ў аптэках, лекаў нестае, як паўсюль у Беларусі. Я вось калі сядзела ў чарзе тры гадзіны, то некаторыя пытаюцца аскарбінку альбо нешта супрацьгрыпознае”.