Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Тацяна Павіна з Мастоў. Яна лекар, тэрапэўт, займаецца іголкарэфлексатэрапіяй. Мае сына. Нарадзілася ў Чарнаўцах, украінка, аднак калі пераехала ў Беларусь, вывучыла мову, іспыты ў інстытут здавала па-беларуску. Сябра Руху “За свабоду”.
Што для вас свабода?
Магчымасьць быць сабой, выяўляць свае думкі, рабіць учынкі згодна з уласнымі маральнымі каштоўнасьцямі.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Зьнешні ціск.
Што для вас шчасьце?
Знаходзіцца ў гармоніі з самой сабой і навакольлем.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Халоднай вады.
Які талент вы хацелі б мець?
Рабіць мары рэальнасьцю.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Хілары Клінтан.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Зьбіраць грыбы.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Больш прадуктыўна выкарыстоўвала б час для самаўдасканаленьня.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Не рубі з пляча.
Які ваш улюбёны дэвіз?
У адзінстве – сіла!
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Парлямэнцкая рэспубліка з моцнымі інстытутамі мясцовага самакіраваньня.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У Беларусі!
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Зараз. Мы жывем у нялёгкія, але ж даволі цікавыя часы.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Павялічыла б штомесячныя выплаты па дагляду за дзеткамі, бо тыя капейкі, якія сёньня атрымліваюць мамы, сьмеху вартыя.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Самыя лепшыя, з выразнай пэрспэктывай будучай інтэграцыі ў Эўрапейскі Саюз.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Узаемавыгадныя.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Я так не лічу. Я не прымаю дыктатуру, як дзяржаўны лад.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Калісьці гэта адбудзецца абавязкова. Спадзяюся – хутка.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Калі будзе адноўленая нацыянальная памяць пра велічную мінуўшчыну.
Калі нарэшце зразумеюць, што мы асобная паўнавартасная нацыя, не «тутэйшыя», не сяляне, а людзі, якія маюць уласную гісторыю, якой трэба ганарыцца, і мілагучнейшую ў сьвеце мову.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Сьвет стане меньш каляровым, а беларусы згубяць частку сваёй ідэнтычнасьці.