Камуністы сьвяткавалі, антыкамуністы сядзелі ў пастарунку

7 лістапада ў Менску камуністычныя арганізацыі правялі санкцыянаваныя акцыі з нагоды 92-й гадавіны Кастрычніцкага перавароту. Таксама былі прэвэнтыўна затрыманыя міліцыянтамі сябры “Маладога фронту” і “Правага альянсу”, якія меліся правесьці антыкамуністычныя акцыі.
Перад пачаткам антыкамуністычнай акцыі ў цэнтры Менску быў затрыманы на некалькі гадзінаў сябра “Маладога фронту” Мікола Дземідзенка, а каля пад’езду свайго дома Наста Палажанка. Іх адвезьлі ў пастарунак. Прэвэнтыўныя затрыманьні маладзёнаў напярэдадні адбыліся таксама ў Наваградку. Лідэр Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч заявіў:

Зьміцер Дашкевіч
“Гэтыя затрыманьні яскрава сьведчаць аб тым, які б дыялёг ня вёўся з Эўропай, якая б не была “лібэралізацыя”, рэжым заўсёды будзе бараніць сваю ідэалягічную аснову. Яго ідэйным падмуркам ёсьць менавіта камуністычная ідэалёгія”.

Таксама былі затрыманы на некалькі гадзінаў сябры “Правага альянсу” Юрась Карэтнікаў, Аляксей Скуратовіч і Сяргей Лёвін. Спадар Карэтнікаў апавёў:

Юрась Карэтнікаў
“Мы, каля 45 чалавек, спрабавалі прайсьці да помніку, каб ускласьці вянок зроблены нашымі мастакамі з калючага дроту і аплеценага стужкамі “Кату ад беларусаў” і “Не забудзем!Не даруем!” Нас блякавалі і не прапусьцілі супрацоўнікі службы бясьпекі прэзыдэнта. Нас папрасілі праехаць у Кастрычніцкі РУУС. Было канфіскавана тры з паловай тысячы інфармацыйных улётак пра “Правы альянс”, а таксама гэты вянок”.

Пазьней сябры "Правага альянсу" усклалі вянкі з калючага дроту да помнікаў Дзяржынскаму і Калініну.


Ад ранку плошча Незалежнасьці была пад пільным наглядам міліцыі, якая не прапускала сюды маладзёнаў і правярала іх заплечнікі. Гэтыя дзеяньні міліцыянты тлумачылі правядзеньнем закрытых масавых мерапрыемстваў.

Пачынаючы з 10-й раніцы кветкі да помніка Леніну па чарзе ўскладалі невялікія групы некалькіх камуністычных арганізацый. Сярод іх Кампартыя Беларусі, якую ўзначальвае дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Тацяна Голубева. У сваім выступе яна адзначыла:

“Я думаю, сёньня – адзінае дзяржаўнае сьвята на постсавецкай прасторы. І мы сёньня, нягледзячы на гэта мярзотнае надвор’е, прыйшлі сюды, каб аддаць даніну павагі вялікаму Леніну”.

Чаму КПБ прыйшла асобна ад ПКБ, якую ўзначальвае Сяргей Калякін?На гэта спадарыня Голубева сказала:

“Камуністаў Калякіна ўжо няма. Яны перайменаваліся ў “Справядлівы сьвет”. У іх ужо не камуністычная ідэалёгія. Таму тут пытаньняў няма. Камуністы ўсе тут”.

Сяргей Калякін на гэта сказаў карэспандэнту Свабоды:

“Мы – розныя партыі. Яны праводзяць іншую палітыку, чым мы. Яны выступаюць у падтрымку цяперашняй палітычнай сыстэмы. А гэта – дыктатура. Супраць гэтага ў свой час змагаўся Ленін. І супраць гэтага была ўчынена рэвалюцыя”.

Спадар Калякін адзначыў у сваім выступе, што калі б не рэвалюцыя, то ніколі не было Беларусі як самастойнай дзяржавы.

Старшыня ПКБ Сяргей Калякін ускладае кветкі да помніку Леніна

Таксама да помніка Леніну прынесла кветкі група сяброў ВКПБ з чырвонымі сьцягамі і партрэтамі Сталіна. Яе прадстаўнікі заявілі, што партыя Голубевай займае апартуністычныя пазыцыі.

Кветкі да помніка Дзяржынскаму ўсклалі каля 25 маладзёнаў – сяброў нацыянал-бальшавіцкай арганізацыі. Яе прадстаўнік Дзіма сказаў, што арганізацыя ў Беларусі не зарэгістраваная, хаця актыўна дзейнічае з 1999 года. Нацболы павязалі павязкі з выявай сярпа і молата, а потым прайшлі шэсьцем, якое не было санкцыянавана, па праспэкце Незалежнасьці да плошчы Перамогі. Нацболы лічаць сябе пасьлядоўнікамі “рускага бунта, найвялікшай падзеі”.



Нацболы на плошчы Перамогі
У пераходзе на плошчы Перамогі нацболы разгарнулі чырвоны сьцяг. А потым, каля вечнага агню, хорам прачыталі “Малітву нацбола”. У ёй такія словы:

“Няхай твая кроў увальецца ў кроў партыі. Няхай мы станем адзіным целам. Так, сьмерць!”
Міліцыянты ім не перашкаджалі.