Айцец Надсан: Новы Marian House будзе значна большы за ранейшы

У Лёндане пачаліся працы па перабудове галоўнага будынку Беларускага рэлігійна-культурнага цэнтру – так званага Мар’ян Гаўзу. Пра тое, якія працы плянуецца зрабіць, расказвае Апостальскі візытатар для беларусаў грэка-католікаў замежжа, айце Аляксандар Надсан:


Надсан: “Для таго, каб здабыць грошы на перабудову Мар’ян Гаўзу, мы прадалі частку даволі вялікага гароду, які прымыкаў да будынку на вуліцы Golden Avenue і цягнуўся да самай станцыі мэтро. Вось якраз з боку гэтага гароду і будзе пастаўлена новая прыбудова. А сам будынак таксама будзе грунтоўна адрамантаваны. У прыбудове разьмесьціцца заля новая вялікай капліцы, разьлічаная больш як на 100 асоб, новая канфэрэнц-заля і жылыя памяшканьні для сьвятароў і гасьцей”.

Абламейка: “А ці будзе адбывацца нейкая перабудова яшчэ двух будынкаў беларускага цэнтру на вуліцы Golden Road, у тым ліку Бібліятэкі імя Францішка Скарыны?”

Надсан: Не, там усё застаецца па-ранейшаму. Бібліятэка ў будынку №37 працуе, а ў былым жылым будынку №39, дзе раней жылі кватаранты, цяпер жыве айцец Сяргей Стасевіч. У гэтым жа будынку была і наша ранейшая заля паседжаньняў. Цяпер у ёй разьмешчаная часовая капліца, дзе праходзяць рэгулярныя набажэнствы.

Будынак Мар’ян Гаўзу быў набыты на ахвяраваньні беларусаў з усяго сьвету ў канцы 1950-х гадоў для патрэбаў Беларускай каталіцкай місіі.