Анкета Свабоды: Валянціна Аксак (Арлова)

На анкету Свабоды адказваюць аўтары і стваральнікі "Бібліятэкі Свабоды". В. Аксак - рэдактар і укладальніца першай кнігі бібліятэкі "Верш на Свабоду" і кнігі "Poems on liberty". Нарадзілася 28.04.1953, в. Смалічы Нясьвіскага р-ну, паэтка. Скончыла гістарычны факультэт БДУ (1975). Працавала карэспандэнткай, аглядальніцай у газэтах, загадчыцай аддзелу культуры часопісу “Беларусь”. Карэспандэнтка “Радыё Свабода”. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (з 1994). Жыве ў Менску. Дэбютавала вершамі ў Наваполацкай шматтыражцы “Хімік”. Аўтарка зборнікаў паэзіі “Цьвінтар” (1992), “Капліца” (1994), “Антычны дождж” (1999), “Віно з Каліфорніі” (2003), “Ружоўніца” (2008).

Што для вас свабода?


Магчымасьць спраўдзіць Боскае прадвызначэньне.

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Дурная ўлада.

Што для вас шчасьце?

Бачыць здаровымі і пасьпяховымі сваіх родных.

Чаго вы найбольш баіцеся?

Хваробаў сваіх родных.

Які талент вы хацелі б мець?

Паліглёта.

Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Каралевай Гішпаніі Сафіяй.

Што вы найбольш любіце рабіць?

Гадаваць таленты маіх родных.

Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Нарадзіла б маім двум сынам яшчэ пяцёх братоў.

Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Ніколі не пачувацца ахвярай абставін, а ў любой сытуацыі шукаць матывацыі для пачуцьця пераможцы.

Які ваш улюбёны дэвіз?

Жыві тут і цяпер!

У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У канстытуцыйнай манархіі.

У якой краіне вы хацелі б жыць?

Заўсёды жыла, жыву і хачу жыць у Беларусі. Я зьеду адсюль толькі па этапе.

У якую эпоху вы хацелі б жыць?

Час прыходу ў гэты сьвет мне, як і ўсім зямным, выбраў Бог, а ягоны выбар не пераменіш і нават гіпатэтычна. Ягоны выбар зьмяняць – грэх.

Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Абвясьціла б незаконнымі ўсе ўказы і пастановы ўлады за апошнія 15 гадоў.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Партнэрскія.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Партнэрскія.

Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Усялякая дыктатура чужая, бо яна – антычалавечая.

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Тады, калі вырасьце дастатковая грамадзянская супольнасьць, якая захоча гэтых зьменаў.

Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Тады, калі па-беларуску загаворыць начальства ў Беларусі.

Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Беларусі ня будзе...