Лазавік: “Усё зьбіраюся клёцкі з сокам пакаштаваць”

Помнік на магіле Якуба Коласа

Сёньня — 117 гадоў з дня нараджэньня народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры й беларускай літаратурнай мовы. Колас — аўтар вядомых кожнаму беларусу са школы паэмаў “Новая зямля” і “Сымон-музыка”. Радыё Свабода высьвятляла, якія радкі з творчасьці Коласа прыходзіць на памяць вядомым беларускім пэрсонам найперш.

Уладзімер Здановіч
Уладзімер Здановіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня сталай камісіі адукацыі, культуры, навукі і навукова-тэхнічнага прагрэсу:

“Якуба Коласа — ну, натуральна ж, урыўкі з “Новай зямлі”. Гэта ўжо стала гэткім папулярным, у пэўнай ступені стандартным — гэты ўрывак, мабыць, кожны беларус ведае:

Мой родны кут, як ты мне мілы,
Забыць цябе ня маю сілы.
Вось і цяпер перада мною
ўстае куточак той прыгожы,
крынічкі вузенькае ложа…


І гэтак далей…


Іншыя вершы — іх шмат, але цяпер так адразу не прыпомню напамяць”.

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч, лідэр беларускай моладзевай арганізацыі “Малады Фронт”:

Дашкевіч: “Апроч урыўка “Мой родны кут” я памятаю гэткія радкі:

“Калі навука пойдзе туга,
паможа бацькава папруга”.

Карэспандэнт: “А далей можаце працягнуць?

Дашкевіч: “Далей не магу, гэта — асноўнае, чаму мяне бацька вучыў”.

Мікалай Лазавік
Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік:

“Канечне ж, “Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе ня маю сілы”. Першае, што прыходзіць на памяць. А яшчэ там… пра лётчыка — гэта яго ці не яго? “Мой мілы таварыш, мой лётчык, вазьмі ты з сабою мяне, я, ведай, вялікі ўжо хлопчык і нават лятаю ўва сьне”. Ня ўпэўнены, што гэта яго. З Коласам найперш, канечне, “Новая зямля” згадваецца”.

Карэспандэнтка: “А што яшчэ з “Новай зямлі” прыгадваецца?”

Лазавік: “О-о-о! Як клёцкі з сокам варыў дзядзька. Я і сам падумваў, каб неяк экспэрымэнт гэткі паўтарыць, але пакуль што рукі не дайшлі”.

Анатоль Лябедзька
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Якуба Коласа? Што засталося ў памяці? Ну, хіба што “На прастор, на шырокі прастор”.

Карэспандэнтка: “Ну, раскажыце, калі ласка…”

Лябедзька: “Мне лягчэй вам, відаць, Сяргея Грахоўскага расказаць, бо ягоныя творы — мае ўлюбёныя…А адразу я наўрад ці вам скажу так, як у школе настаўніцы…”

Павал Севярынец
Сустаршыня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец:

Мой родны кут, як ты мне мілы,
Забыць цябе ня маю сілы.
Вось і цяпер перада мною
ўстае куточак той прыгожы,
крынічкі вузенькае ложа…

Ну, так, вучылі гэты ўрывак з “Новай зямлі” ўсе. Што-небудзь яшчэ… Ну, усё тая ж “Новая зямля”, пра клёцкі ў бярозавым соку.

“Як жа, дзядзька, як, прызнайся?!
— Паскудзтва, брат, і не пытайся”.

Яшчэ

“Там елкі цёмнымі крыжамі
Высока ў небе выдзялялісь,
Таемна з хвоямі шапталісь…”

Усё гэта ўрыўкі з “Новай зямлі”. З “Сымона-музыкі”, на жаль, нічога цяпер не прыгадаю адразу.