Як кажуць, кроў нявінных сапраўды мае дзіўную якасьць – раней ці пазьней яна вяртаецца, нагадваючы пра сябе.
Агенцтва Associated Press паведаміла пра падзею, якая адбылася днямі ў чылійскай сталіцы Сант'яга. Сотні былых салдатаў тэрміновай службы правялі дэманстрацыю каля прэзыдэнцкага палацу з прапановай – яны адкрываюць месцы пахаваньняў людзей, забітых у часы кіраваньня Піначэта ў абмен на юрыдычную недатыкальнасьць.
Яны асьцерагаюцца, што калі назавуць імёны і месцы, то самі могуць быць прыцягнутыя да адказнасьці, да таго ж могуць стаць ахвярамі помсты з боку сваіх былых старшых афіцэраў – тых, хто загадваў ім катаваць і забіваць.
Чылійская Фэміда сутыкаецца са складанай дылемай – дараваць малым катам, каб пакараць вялікіх. Пасьля Піначэта да адказнасьці былі прыцягнутыя 769 супрацоўнікаў чылійскіх спэцслужбаў, падазраваных у забойствах і катаваньнях. У гэтым верасьні суд выдаў ордэры на арышт адразу 129 супрацоўнікаў піначэтаўскай спэцслужбы, ўсіх іх падазраюць у палітычных забойствах.
Але падазрэньне – адно, а доказы – іншае. З амаль 800 прыцягнутых да адказнасьці былі асуджаныя толькі 276 чалавек, прычына – няма доказаў, схаваныя сьляды злачынстваў.
Былыя салдаты тэрміновай службы і прапануюць зьдзелку: раскрыць месцы забойстваў і пахаваньняў. Многія зь іх толькі ахоўвалі засьценкі, многіх прымушалі ўдзельнічаць у злачынствах – ня ты, дык цябе. Але ў гэтым жахлівая рэальнасьць крывавых рэжымаў – часам каты яны жа і ахвяры.
Невядома, як вырашыцца гэтыя дылема ў Чылі, але самае яе зьяўленьне сьведчыць пра тое, што нявінная кроў вяртаецца.
З паведамленьнем з Сант'яга перагукаюцца дзьве іншыя навіны, паходжаньня значна бліжэйшага да Беларусі – зьяўленьне ў газэце «Советская Белоруссия» «Курапаты: мир под соснами» і відэазварот прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева, разьмешаны на ягоным блогу.
Цяжка сказаць, што, якія палітычныя расклады прымусілі рэдактара беларускай прэзыдэнцкай газэты і прэзыдэнта Расеі сказаць пра сталіншчыну тое, што пра яе варта сказаць. Тое, што Курапаты – месца масавых забойстваў, зробленых НКВД, што Сталін забіў мільёны людзей, вядома ва ўсім сьвеце. Але ці вядома гэта ў Беларусі, дзе прэзыдэнт на ўрачыстым адкрыцьці нацыянальнай бібліятэкі заяўляе, што “Ленін і Сталін – сымбалі нашага народу”, ці ў Расеі, дзе паводле апытаньня Левада-цэнтра 44% рэспандэнтаў ня лічаць Сталіна злачынцам і яшчэ 18% цяжка адказаць на пытаньне, ці быў ён злачынцам.
Ня ў тым справа, што цяперашняя беларуская дэспатыя і расейская “сувэрэнная дэмакратыя” ёсьць прамыя сталінскія нашчадкі, ім бясконца далёка і хутчэй за ўсё і будзе далёка да таго сапраўднага пекла на зямлі, якім быў сталінскі рэжым. І параўнаньне любога парушэньня правоў чалавека з 37-годам – гэта кепскі тон, лепш паберагчы параўнаньне для значна больш горшых часоў. Але Сталін, ягоная рэабілітацыя – гэта, як трапна заўважыў Лукашэнка, сапраўды сымбаль. Калі знаходзіцца апраўданьне, калі сьвядома і хлусьліва зьмяншаецца маштаб гіганцкай бойні, учыненай Сталіным на адной шостай частцы сьвету і за яе межамі, то гэта выглядае як аўтаматычная індульгенцыя і цяперашнім аўтарытарыям.
І адпаведна праўда пра сталінскія гекатомбы – гэта і напамін цяперашнім уладарам, што нявінная кроў заўсёды вяртаецца.