У Івацэвічах на Дзяды ў грэка-каталіцкай парафіі іконы Маці Божай Жыровіцкай усталявалі мэмарыяльную шыльду ў гонар беларускага грамадзкага дзеяча і палітыка Рамана Скірмунта.
Ва ўрачыстасьці асьвячэньня мэмарыяльнай шыльды бралі ўдзел сьвятары грэка-каталіцкай царквы з Івацэвічаў і Гародні.
Усталяваць шыльду блізка да месца сьмерці і пахаваньня Рамана Скірмунта — гэта была ініцыятыва сяброў Інстытуту гістарычных дасьледаваньняў ЭГУ. Фундатарамі сталі вядомыя гісторыкі Захар Шыбека, Алесь Смалянчук, Сяргей Харэўскі, Сяргей Токць, Алесь Краўцэвіч, Алесь Белы, Зьміцер Салаш, Генадзь Сагановіч, Андрэй Кіштымаў ды іншыя.
Аўтар шыльды — гарадзенскі скульптар Уладзімер Панцялееў. На шыльдзе напісана: “Раман Скірмунт (1868-1939) — патрыёт Беларуска-Літоўскага краю, кіраўнік ураду БНР (1918)”.
Рамана Скірмунта застрэлілі 70 гадоў таму ў вёсцы Парэчча на Піншчыне на загад савецкага камісара.
Раман Скірмунт быў актыўным хрысьціянінам і ўнёс у палітыку таго часу прыклад хрысьціянскай маралі.