Лукашэнка сьвінога грыпу не баіцца

5-6 лістапада на запрашэньне прэзыдэнта Віктара Юшчанкі Ўкраіну з афіцыйным візытам наведае кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.
Аб гэтым сёньня паведаміў прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Украіны Валеры Джыгун. Паводле дыплямата, адбудуцца перамовы Лукашэнкі зь Юшчанкам, а таксама сустрэчы з прэм’ер-міністрам Юліяй Цімашэнкай і старшынём Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзімерам Літвіном.

Плянуецца дамовіцца аб разблякаваньні дагаворна-прававога афармленьня дзяржаўнай мяжы паміж Беларусьсю і Ўкраінай, а таксама абмеркаваць пакет актуальных пытаньняў беларуска-украінскіх дачыненьняў.

В.Джыгун таксама паведаміў, што бакі маюць намер абмеркаваць актывізацыю палітычнага дыялёгу паміж Кіевам і Менскам на найвышэйшым узроўні, пашырэньне гандлёва-эканамічных і культурных сувязяў.

Плянуецца таксама падпісаць шэраг двухбаковых пагадненьняў.