Нарадзіўся ў Рэчыцкім раёне. Закончыў Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум, пасьля тэрміновай службы – Харкаўскае каманднае танкавае вучылішча. Быў народным дэпутатам СССР. Зараз палкоўнік запасу. Сябра ЦК ПКБ.
Што для вас свабода?
Добра памятаю, як ротны старшына перапаўтараў клясыка: «Свобода – это осознанная необходимость». Тыя словы многае значаць і сёньня.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
У Беларусі – чыноўнікі. Яны сьпяць і мараць аб тым часе, калі не будзе такіх, як, напрыклад, спадар Валеры Шчукін.
Што для вас шчасьце?
Я знайшоў своё шчасьце ў барацьбе. Нават тады, калі гэта была барацьба за пабудову камунізму.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Падвесьці таварышаў па барацьбе. Некалі я не прадаўся за тысяч 50 даляраў. Час ідзе. Зараз боязна неяк – бо старэем...
Як талент вы хацелі б мець?
Я ня маю музычнага слыху. Хочацца як Віктар Шалькевіч засьпяваць такую бальшавіцкую песьню, каб самі ведаеце хто, адчуў за сьпінаю «зловещую тень оппозиции».
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Як гэта ні дзіўна, але для мяне аўтарытэты – вучоныя-ядзершчыкі. Я стаяў на варце ля труны акадэміка Сахарава, піў гарэлку ды каньяк з Харытонам... Яшчэ захапляюся мужнасьцю маёра Сяргея Вазьняка, рэдактара газэты "Товарищ": я звольніўся ў запас палкоўнікам, з пэнсіяй, а ён безь ничога, – без кватэры, але другі раз, як і я, не перапрысягнуў. Лічыце мяне кім хочаце, але я, як і ён, прысягаў адзін раз. Хочаце другі? Дык мо і трэці зможаце?
Што вы найбольш любіце рабіць?
Пчалярства. Вось зьвергнем дыктатуру, атрымаем свабоду – будуць у нас у кожным доме культуры гурткі пчаляроў-аматараў. Не ў райвыканкаме станем абмяркоўваць, чаму няма мёду ў Беларусі, а ў установах культуры.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Нічога. Можа, больш бы жонцы дапамагаў. Яна некалі мяне дужа выручыла. Я паабяцаў выбаршчыкам, што ў мяне будзе трэці сын – празь 9 месяцаў нарадзіла! Ну, кажу, хто хлусіў, што Петрушэнка не трымае слова?!
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Калі мне абяцалі пабудаваць дом за кошт дзяржавы як палкоўніку запасу, патрэбна было напісаць заяву аб выхадзе з ПКБ. Тады Калякін даў параду: «Рабі, як сам думаеш». Я ня думаў – я застаўся ў партыі.
Як ваш улюбёны дэвіз?
З барацьбы мяне ўбяруць толькі наперад нагамі
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Дэмакратычная парлямэнцкая рэспубліка з разьвітай сыстэмай мясцовага самакіраваньня.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У свабоднай Беларусі
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
У той, у якой жыў, жыву і памру, калі прыдзе час.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Ратыфікаваў бы Эврапейскую Хартыю аб мясцовым самакіраваньні.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Роўныя, як з Расеяй
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Роўныя, як з Эўразьвязам
Некаторыя думаюць так: "Хай дыктатура, абы свая". А Вы?
Хай яна лясьне...
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Нечакана. Раптоўна для тых, хто думае, што ён — вечны.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Напэўна ня хутка... Час прайшоў. І ня гэта зараз галоўнае пытаньне, што дрэнна. Я вось нават вершы пачаў пісаць на роднай мове, а моладзь калі і прыдзе да мовы, то пазьней – зараз ня час абвастраць гэтае пытаньне... Хопіць, што ў нас ёсьць тыя, хто да ўлады ідуць праз рэлігію.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Ня будзе мовы – ня будзе і нацыі – беларусаў. Іншы варыянт прапісаны хіба толькі ў фальшаванай тэорыі, імя якой – лукашызм. А ў рэальнай практыцы насамрэч атрымаецца, як зараз зь ліцьвінамі або яцьвягамі...