Уладзімір Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Збор твораў у 8 тамах. Т. 6. Менск, “Мастацкая літаратура”, 1990.
Прызнацца, апошнім часам я пазьбягаю вымаўляць уголас словы “постмадэрнізм” ці “постмадэрнісцкі”… Толькі скажаш, дык сапсуеш з кім-небудзь адносіны! Бо для адных постмадэрнае — гэта сынонім сучаснасьці і актуальнасьці. А для другіх — нешта нечытэльнае, бесьсюжэтнае, цягамотнае… Але вось што цікава: пры наяўнасьці ўласна беларускіх тэарэтычных прац па гэтым пытаньні ніколі ня бачыла ў іх прыкладаў, якія маглі б лічыцца ўзорамі гэтай самай мастацкай плыні. Затое даводзілася бачыць згадкі дасьледчыкаў пра постмадэрнасьць Скарыны ці Караткевіча. Зь першымі пагадзіцца ну ніяк не магу. А вось над постмадэрнасьцю апошняга варта задумацца.
Чым ёсьць яго цудоўная, неверагодная, абсалютна нерэальная ва ўмовах сацрэалізму кніга “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”? Містычным падарункам з будучыні ці яе, гэтай літаратурнай будучыні, мадэляваньнем? Ня ведаю. Упэўнена ў адным — калі б гэты твор выйшаў сёньня, літаратуразнаўцы адназначна атрыбутавалі б яго як самы што ні на ёсьць завершаны постмадэрн.
Па-першае, “Хрыстос…” напісаны з чыста караткевічаўскай любоўю да карнавалізацыі, травэсьційнасьці, за якой — любоў да поўнага жыцьця і гульні. Па-другое, твор перанасычаны цытатамі і алюзіямі. Чытач абавязкова пазнае сюжэтныя моманты Эвангельля ў дзеяньнях Хрыста-Братчыка і яго сяброў-апосталаў. Аўтарскі калаж трымаецца на цэлым шэрагу дакумэнтаў і мастацкіх твораў: вершы Гесіёда, Лангфэла, Гётэ, творы Скарыны і Рабле, нямецкія баляды, лацінскія эпіграмы і шмат чаго іншага, малавядомага сёньняшняму “інтэлектуальнаму” чытачу. Падзеі рамана неаднаразова зашыфраваныя: пра іх распавядае аўтар, двое сьведак, летапісы, прычым ня толькі “Кроніка” Стрыйкоўскага, а яшчэ “Квангін Алесь-летапісец”, Збароўская пісцовая кніга, Андронік… Колькасьць герояў і сюжэтных ліній , дарэчы, можа стаць сапраўдным шокам для сёньняшніх чытачоў, не разбэшчаных шматфігурнымі кампазыцыямі ў сучаснай літаратуры. Ну што ж, тым лепш! Спадзяюся, людзі старэйшага ўзросту ў бліжэйшы час перачытаюць гэты цудоўны клясычны прыгодніцкі раман. Маладзейшых жа чакае прыемнае знаёмства з Караткевічам: сапраўдным гісторыкам, бібліяфілам і авантурыстам…
Сяргей Балахонаў. Імя грушы. Менск, “Логвінаў”, 2005.
Балахонаў — лепшы і, баюся, адзіны на сёньняшні дзень спадчыньнік Караткевіча. Яго “Імя грушы” — гэта гісторыя-шарада пра зьнікненьне заўсёднага наведніка невялічкага асяродку беларускай культуры, якая па-рознаму пераказваецца ў трох частках рамана — у адпаведнасьці з характарам, нацыянальнасьцю і той роляй, якую адыгралі “аўтаркі” мэмуарных запісаў у лёсе іх агульнага героя-палюбоўніка Вайніслава Боўта. Натальля Клыкоўская, Каміла Свэнтажэцкая і Ірэна Галявацкая прадстаўляюць даволі распрацаваныя, поўныя дэталяў, вэрсіі зьнікненьня. Аднак аўтар не дае аніякага знаку на карысьць хоць бы адной зь іх, па-постмадэрнісцку адстойваючы варыятыўнасьць ісьціны ў сваёй “кнізе тысячы настрояў і падставовага перакананьня — праўда не адна”. Чытаючы раман, складана не прыгадаць вядомы тэзіс постмадэрнісцкай крытыкі, які дасьледчык І. Ільін іранічна вызначыў: “Ісьціна — жаночага роду”. Кожная з вэрсій таямнічай гісторыі дэманструе і спэцыфічны, адмыслова сканструяваны ўзор жаночага мысьленьня. З адным істотным удакладненьнем: аўтар гэтых гісторый — сапраўдны мужчына Сяргей Балахонаў.
Андрэй Хадановіч. Старыя вершы. Менск, “Логвінаў”, 2003.
Мяне часта папракаюць тым, што я нераўнадушная да Андрэя Хадановіча. Скажу так, я люблю не Хадановіча-постмадэрніста, а постмадэрнае ў яго творчасьці. Нагадаю, менавіта ён напісаў “Пасланьне да беларускага пошт-мадэрніста”, на доўгія гады аслупаваўшы тэму — для сябе і для новага пакаленьня літаратараў.
Ігар Цішын. ЗапИскИ в колонИальном стИле. Менск, “Седьмой червяк”, 1997.
Хоць назва гэтай кнігі падаецца па-расейску, насамрэч гэтае іскрамётнае выданьне напісана мовай макаранічнай, да якой маюць схільнасьць постмадэрністы ўсіх краін сьвету. Парадыйныя пэрсанажы мастака Ігара Цішына — чальцы выдуманай падпольнай групы “Комітет Содействія”, адказны работнік з цэнтру, патрыётка Нюра, фраў Заўх і шэраг “двайных агентаў”, такіх як Юзік Рымарёў (празь “ё”), Казімір Севярынавіч Малевіч, мастак Х. Ж. Курадзёраў. Аўтар іранічна ставіцца ня толькі да мэмуарыстыкі, але і да саміх постмадэрнісцкіх прыёмаў, ствараючы імітацыю то абгарэлага ліста з рукапісам, то ўспамінаў з выкрасьленымі радкамі…
Калі ў будучым давядзецца складаць хрэстаматыю постмадэрнісцкай літаратуры — абавязкова ўключу ўвесь тэкст “Запісок…” цалкам!
Сяргей Харэўскі. Зьвяры-суайчыньнікі. Менск, “Наша Ніва”, 2000.
Гэтую кнігу, упэўнена, мала хто бачыў, але шмат хто чытаў: доўгі час карацелькі пра жывёл — “неафіцыйных сымбаляў краіны” — друкаваліся ў “Нашай Ніве” з запамінальнымі малюнкамі самога аўтара. Запомніліся і “героі”. Пэлікан, які прылятае на танцпляцоўку ў Мазыры, танчыць і ўцякае з крыкам “Жыве Беларусь”… Несапраўдны кніжны скарпіён, які селіцца ў кніжных шафах… Дагістарычны яшчар, злоўлены на Нямізе… Сапраўднасьць і фікцыя, запіскі натураліста і псэўдабартаўскія нататкі, сьцёб і цеплыня — усё гэта зьмяшалася ў адной парадыйнай, але зусім ня злой кнізе. На апошняй старонцы яе чыста па-постмадэрнісцку пазначана — “Printed in Singapur” .