Навошта ехаць у Швэйцарыю? Частка 1.


Паехаць у Швэйцарыю да сына зьбіралася ўвесну, потым перанесла паездку на лета. Магчыма, ізноў бы адклала, каб нарэшце не атрымала настіупны мэсідж. Сын пісаў, што калі я ўсё ж зьбіраюся завітаць у гэтыя мясьціны, то лепш зрабіць гэта як мага хутчэй. Пажадана да канца кастрычніка. У гэты час тут усё яшчэ цёпла і прыгожа. Потым пачнуцца цягамотныя дажджы. Па-другое, менавіта цяпер можна набыць вельмі танныя квіткі ў кампаніі Baltic Air, праўда, праз Рыгу... Па трэцяе... Тое, што я чытаю далей, прымушае мяне трывала ўладкавацца ў крэсьле і максымальна ўдыхнуць паветра. Сынок паведамляе, што хоча кінуць асьпірантуру ў Жэнэўскім унівэрсытэце і вярнуцца ў Менск. Неўзабаве будзе гаварыць пра гэта са сваім шэфам. Стаць нобэлеўскім ляўрэатам пакуль не ўваходзіць у ягоныя пляны. Навука не абмяжоўваецца лябараторнымі досьледамі і, нарэшце, ня можа быць адзіным сэнсам жыцьця. Акрамя таго, дома яго чакаюць любімы музычны гурт, дзе ён граў на ўдарных, барабаны і... ня толькі яны.

Вельмі арыгінальныя высновы пасьля году жыцьця і вучобы ў краіне, дзе па-сапраўднаму фінансуюцца навуковыя дасьледаваньні. Ня трэба забывацца на тое, што вучоба не звалілася зь неба. На месца ў лябараторыі прэтэндавала найменей чалавек дзесяць з самых розных краін сьвету. Сын прайшоў шматлікія тэсты, запрашаўся на інтэрвію ігд... Матчын досьвед падказвае мне, што калі ў якасьці аргумэнтаў называюцца “барабаны і ня толькі яны”, шанец пераканаць сынка ўстрымацца ад яго рэвалюцыйнага кроку – невялікі. Аднак ў паездку ўсё ж зьбіраюся. Нават плянуе наступны маршрут: “Менск –Рыга(адсюль ляціць самалёт Baltic Air) – Цюрых(даўно марыла наведаць гэты горад) –Жэнева – Бэрн – Жэнева – Менск

“Усю Эўропу можна ўбачыць у Рызе”


Тое, што падарожжа ў Швэйцарыю пачынаецца з Рыгі – радуе. Тут жыве мая даўнішняя сяброўка, зь якой мы апошні раз бачыліся гадоў 20 таму, акурат перад развалам СССР.

Сяброўку завуць як і мяне – Лена. Гэта яе поўнае імя. Лена этнічная расейка, якая лічыць сябе латышкай. Яе продкі на працягу некалькіх стагоддзяў жылі ў Рызе і Латвіі. Зразумела, у Лены не было праблемаў з латыскім грамадзянствам, тым больш з латыскай ды й расейскай мовай. Увогуле сяброўка свабодна валодае чатырма мовамі. У свой час яна скончыла скандыўнаўскае аддзяленьне філфаку ЛГУ. Да 1990 працавала ў швэдзкай рэдакцыі радыё Рыга. Апошнія гады займацца перакладамі.

На тэлефоннае пытаньне, які гасьцінец ёй прывесьці зь Менску, атрымліваю адказ: “дзесяць пачак латвійскага “рэмантандзіну”. (У Беларусі упакоўка гэтага імпартаванага прэпарату ад грыпу каштуе дзесьці паўдаляры, а там, дзе яго вырабляюць, у Латвіі, – 26 даляраў або 13 латаў), а таксама “Сыр Белавескі”, які на тварожнай аснове і пасыпаны рознымі зёлкамі. Яна аднойчы пакаштавала гэты сыр і ўзгадала родныя латыскія прадукты, якія рабіліся пры Саветах. Сёньня манаполія на харчовую прамысловасьць у Латвіі з большага належыць нарвэскім фірмам – гэта зусім іншы смак. Дарэчы, прывесьці “Белавескага сыру”, а таксама чорнага жытняга хлеба мяне таксама папрасіў і мой сын. Ён хацеў бы пачаставаць імі сваіх унівэрсытэцкіх сяброў.

...Канстатую, што за 20 гадоў Лена ніколькі не зьмянілася. Мне падаецца, што гэтая якасьць уласьціва многім маім знаёмым перакладчыкам. Кажуць, што пастаянная праца зь некалькімі мовамі ўплывае на выпрацоўку адпаведных гармонаў і спыняе працэс чалавечага старэньня. Такую тэорыю я чула ад свайго сына-біёляга, які размаўляе на трох замежных мовах. Мяркуючы па яго ўчынку, да сталеньня яму далёка.

Эх, сынок-сынок...

Лена ў курсе маёй сытуацыі...

“Ты мусіш пераканаць свайго сына, кажа яна. Усе нашы навукоўцы і мэдыкі падаліся на Захад. Тут ім нічога ня сьвеціць. Тым больш у сувязі з крызысам. А ў Беларусі сытуацыя, думаю, ня лепшая ”.
Леніна дачка – лекар, дарэчы, працуе ў Англіі...

Муж Лены Івар робіць выснову, што сваё рэвалюцыйнае рашэньне вяртацца на Бацькаўшчыну мой сын прыняў пад уплывам “левых” эўрапейскіх калегаў.

“Сярод біёлягаў-эколягаў шмат антыглябалістаў, якім, жывучы і працуючы на Захадзе, нейкім чынам удаецца ненавідзець яго”, кажа Івар. Нядаўна ён вярнуўся зь Цюрыху, дзе ” на ўласныя вочы бачыў усю гэту левую тусоўку” – “мітынгуюць, пратэстуюць і ходзяць да доміку Леніна”.

“У Цюрыху ёсьць домік Леніна?” – пытаюся я.

“Так. Мы табе сёньня яго пакажам. У старой Рызе ёсьць усё. Навошта табе ехаць у Швэйцарыю?.. Увогуле, там сумна”.

“Затое ў Латвіі весела”, кажа Лена. Мае сябры пачынаюць чарговым разам гаварыць дрэнныя словы пра ўласны ўрад... Крэда Івара, лае ўсе ўрады. Пра Саветах ён быў фарцоўшчыкам і нават некаторы час адбываў пакараньне за валютныя апэрацыі.

...Пад крытыку эканамічнай сытуацыі ў краіне, сьцьвярджэньні, што мясцовыя палітыкі ў параўнаньні з суседнімі літоўскімі ды эстонскімі апынуліся куды менш гнуткімі, мы і едзем у старую Рыгу, да “доміку Леніна ў Цюрыху”. “Якіх толькі эўрапейскіх гарадоў і краін не здымалі савецкія кінематаграфісты ў гістарчыным цэнтры латыскай сталіцы, якой толькі Ленініяны не рабілі!”– кажуць сябры.

Цюрыхскага доміку мы, аднак, не знаходзім. Затое знаходзім любімую вуліцу Ільіча ці то ў Парыжы, ці то ў Жэнэве, ці то ў Стакгольме. А можа нават і ў Лёндане.


Побач з гэтай, самай вузкай, рыскай вулачкай – гэтак званы “бэрнскі квартал”. Блюменштрасэ зь «17 мгновений весны», адкуль сігануў з акна прафэсар Плейшнер і дзе ў птушыным магазіне(цяпер тут зрабілі нейкую новую кавярню) Штырліц даведаўся пра лёс свайго баявога таварыша.



Непадалёк ад “Блюменштрасэ” лёнданская “Бэкерстрыт”. Тут здымалі кіно пра Шэрлака Холмса.


– А гэтае месца ты пазнаеш?” – пытаецца сяброўка.

– Домскі сабор.

– Не, Чырвоны касьцёл у Менску... Можа неўзабаве і пра вас будуць штосьці здымаць.


Мы спыняемся на Домскай плошчы, побач з будынкам Латвійскага радыё... Пару дзесяткаў гадоў таму я завітаўшы да Лены ў гэты будынак ўбачыла жывых Райманда Паўлса, Лайму Вайкуле, Вольгу Піракс, а яшчэ дзяцей з “Кукушачкі”. У будынку радыё пад кіраўніцтвам Паўлса працаваў вядомы на ўсю Прыбалтыку сімфанічны аркестр. Музыка чулася на ўсёй плошчы. Сёньня тут чую штосьці з Армстронга. Яе выконвае таленавіты маленькі трубач. Спосаб падтрымаць сям’ю і працягваць урокі ў музычнай школе.


Мы кідаем ў шапку грошы і ідзем далей. Да адной старажытнай кавярні – месца, якое можа існаваць толькі ў старой Рызе. Тут робяць знакаміты “Рыскі бальзам”.


“Моцныя напоі ствараліся ў лячэбных мэтах”


Прыгожую гісторыю гэтага напою (“эліксіра маладосьці” – так назваў яго у сваім “Фаўсьце” Гётэ) я чула ад сваёй сяброўкі неаднойчы. Паводле легенды, рыскі правізар Абрахам Кунцэ стварыў гэта зельле ў 1789 годзе ў якасьці лекаў для расейскай імпэратрыцы Кацярыны 2-й.. Наведваючы Рыгу, імпэратрыца чагосьці істотна пераела і перапіла. Ад гэтага ў яе пачаліся моцныя колікі.

Сьвіце прыйшлося тэрмінова выклікаць лепшага рыскага аптэкара. “Зрабі ўсё, каб выратаваць імператрыцу”, – загадалі яму. Ад перапуду мэдык сабраў усё зёлкі, якія расьлі ў навакольлі Рыгі, настаяў іх на сьпірце, а каб сумесь была ня надта брыдкай на смак, заліў яе палёным цукрам. Кацярына, на дзіва, ачуняла. А рыскі бальзам з таго часу стаў сапраўдным брэндам.


Кажуць, што дакладная рэцэптура 45-ціградуснага напою трымаецца ў сакрэце. Вядома толькі, што ён ствараецца прыкладна з 20 інгрэдыентаў - розных ягадных сокаў, зёлак(мяты, размарына, пладоў укропу, кары карыцы), якія заліваюцца 87%сьпіртам і вадой. Усё гэта настойваецца 24 гадзіны, а потым дыстылюецца. Па сутнасьці, тэхналёгія цягам стагоддзяў не памянялася. Як і тое, што сапраўдны рыскі выпускаецца выключна ў керамічных пляшках. Такім чынам напой абараняецца ад сонечных праменьняў і рэзкага перападу тэмпэратураў.

Нядаўна, працуючы са швэдамі ў Менску, Лена пакаштавала беларускага бальзаму.Той, праўда, быў у шкляной бутэльцы. Рэцэптура некалькі іншая – настоі праполіся, шыпоўніка, чарнасьліва, а таксама мёд ды цукар. У параўнаньні зь беларускім рыскі падаецца ёй крыху больш салодкім на смак.

Лена расказвае, што швэдам, якія дагэтуль ведалі толькі пра рыскі бальзам, беларускі напой вельмі спадабаўся. Яны нават спыталіся ў беларускіх сяброў, ці не рабіўся і гэты бальзам паводле загаду імпэратрыцы Кацярыны. У адказ пачулі больш сучасную, аднак у чымсьці падобную гісторыю.

Хтосьці зь кіраўнікоў савецкай дзяржавы паляваў у Белавескай пушчы. Па традыцыі, увечары высокага госьця чакаў банкет. Зразумела, і тут не абышлося без пераяданьня. Калі ў партапарытчыка пачаліся колікі, ён запатрабаваў рыскага бальзаму. Гэтага напою ў пушчы не было і мясцовым альхімікам прыйшлося тэрмінова зрабіць напой на падставе беларускіх народных рэцэптаў.

Што да Кацярыны, то ёй у Беларусі прыпісваюць іншыя рэчы. Кажуць, што ў гонар яе прыезду на беларускую зямлю ў якасьці прывітаньня высокай госьці з’явіліся Маладэчна, Краснае, Радашкавічы ( маўляў, радуйся, красна маладзіца). Хаця на сам рэч, населеныя пункты з такімі назвамі былі створаныя за некалькі стагодзьдзяў да нараджэньня Кацярыны.

...Івар кажа, што ніколі не каштаваў “Беларускага бальзаму”, а таму я мушу неўзабаве прывесьці яго ў Рыгу. Добрая падстава для спатканьня са сваімі старымі сябрамі і такім унікальным горадам як Рыга.