Улады папярэдзілі газэту, бо ня мелі бяплатных асобнікаў


Рэдактар незарэгістраванай нясьвіскай газэты “Брама” Алесь Язьвінскі атрымаў афіцыйнае папярэджаньне пракуратуры аб недапушчальнасьці парушэньня закону “Аб сродках масавай інфармацыі”.

Пракуратура ўбачыла парушэньне закону ў тым, што рэдактар грамадзка-палітычнай газэты “Брама” не дасылаў абавязковыя бясплатныя асобнікі выданьня на адрасы шэрагу дзяржаўных устаноў, перадае прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

26 кастрычніка на працу да спадара Язьвінскага наведаўся ўчастковы міліцыянт і ўручыў яму позву ў пракуратуру. Рэдактар “Брамы” зьявіўся ў той жа дзень. Пракурор Каморнік спачатку зрабіў заўвагу наконт выходных дадзеных газэты. А потым папярэдзіў пра недапушчальнасьць парушэньня артыкула 23 закону аб СМІ.