“Лухта, што Мілінкевіч ці Баршчэўскі — здраднікі”

Пачынаем не са званка — з крыку адчаю.

Аляксандар Яцкевіч, Віцебск: “У мяне якая справа, даражэнькія. Язва трафічная на назе села, мазі вельмі дарагія, ужо грошы няма адкуль узяць. Да таго ж яны нічога не дапамагаюць… Такое адчуваньне, што на нашых заводах яны зробленыя абы-як, можа скралі, можа прадалі, перапрадалі, пракруцілі, прапілі, як у нас заўсёды робіцца… Я ў такім адчаі — ня ведаю, што рабіць!”

А вось наступную нашую слухачку хвалюе праблема лідэрства ў дэмакратычным лягеры.

Спадарыня: “Створаны блёк пад Мілінкевіча, верагодна, будзе займацца маленькімі канкрэтнымі справамі, падобна лідэру расейскай партыі “Яблык”, які яшчэ паспрабаваў адбяліць Лужкова. А вынік? 1,5% галасоў на выбарах у Маскоўскую гарадзкую думу. Такі ж лёс чакае і Мілінкевіча”.

Паколькі спадарыня агучвае гэтыя думкі не ўпершыню, у яе зьявіліся і свае апанэнты.

Алесь Рымша, Наваполацак: “Прывітаньне адной вельмі актыўнай прыхільніцы дэмакратыі, якая амаль штодня закідвае вашу рэдакцыю кпінамі з Аляксандра Мілінкевіча. А сама дагэтуль чамусьці не разумее, што жыве не ў Белоруссіі, а ў Беларусі. І, на жаль, за такі час ня мовіць ні слова па-беларуску. Посьпехаў вам і свабоды…”

Ураўнаважваем дзьве гэтыя супрацьлеглыя пазыцыі меркаваньнем грамадзкага рэдактара тыдня — лекаркі, грамадзкай актывісткі з Жыткавічаў Ірыны Цішкоўскай:

Ірына Цішкоўская
“Людзі ведаюць прозьвішчы і Мілінкевіча, і Баршчэўскага, і шмат каго іншых. Ёсьць у нас і партыі, і рухі… З рознымі мэтамі, стратэгіямі, тактыкай. Але мне не хацелася б казаць, думаць, што Мілінкевіч, Баршчэўскі, астатнія — здраднікі. Не, гэта разумныя людзі, таму й тым больш яны павінны прадбачыць вынікі сваіх дзеяньняў. Што да мяне, то я цалкам стаю на пазыцыі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ: у цяперашніх умовах выбары ня могуць быць справядлівымі — гэта ведаюць нават простыя людзі. Таму мы ўсе павінны падтрымаць прапанову КХП БНФ пра актыўны байкот выбараў”.

І зноўку — эмацыйнае выказваньне пра побытавыя праблемы, а менавіта — аб працы так званага “аднаго вакна”.

Спадар: “Сястра вырашыла траціну дома прадаць брату. Усе дакумэнты ёсьць. Божа мой! Вы не ўяўляеце: месяц трэба было зьбіраць дакумэнты, БТІ — два тыдні, паехаць у сельсавет, у Менску пайсьці да натарыюса і яшчэ тры паперы нейкія. Яна кажа: баюся, што не дажыву, калі я гэта аформлю…”

Слухачы працягваюць пачатую ўчора размову пра падвышэньне пэнсій.

Ларыса, Менск: “Дабаўка да пэнсіі? Пакуль, як адна сказала, што ганарыцца тым, што атрымлівае 470 тысяч, то нам і будуць дадаваць у год па 37 тысяч”.

Заканчваем агляд сёньняшніх тэлефанаваньняў званком з Барысава.

Валер, Барысаў: “Супраць незалежнай газэты “Барысаўскія навіны” стаяць намесьнік старшыні райвыканкаму Валянціна Шутко і Людміла Горанава, ідэоляг. Такая зьява была пры царскім рэжыме, тады жандары забаранялі чытаць “Праўду” й “Іскру”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.