Авіякатастрофа: не шукайце ў Беларусі райскага кутка!

Блогеры пра аварыю расейскага самалёта пад Менскам.


(Ілюстрацыя ад блогера head_of_babulka)

Першая авіякатастрофа на тэрыторыі Беларусі за гады незалежнасьці - крушэньне самалёта расейскай авіякампаніі пад Менскам - ужо выклікала ў блогасфэры кансьпіралягічныя вытлумачальныя вэрсіі. Тэорыі змовы робяцца ўсё болей папулярнымі апошнім часам. Што сьведчыць, сярод іншага, пра высокі ўзровень недаверу да афіцыйных вэрсіяў і шырэй - да палітычных элітаў.

Марата Рамашкіна, кіраўніка авіякампаніі "С-Эйр", які знаходзіўся на пацярпелым крушэньне самалёце, павінны былі сустракаць у Менску прадстаўнікі казіно "Шангры Ла". Гэтае казіно было адным з найбуйнейшых у Маскве, а пасьля таго як дзейнасьць гульнявых установаў была забароненая на большай частцы тэрыторыі РФ (апроч адмысловых зонаў), знайшло сабе прытулак у Менску. "Комсомольская правда в Белоруссии" дапусьціла, што Рамашкін мог быць ня проста сталым наведнікам казіно, але мець дачыненьне да гульнёвага бізнэсу. Магчыма, ён саўладальнік "Шангры Ла"?

Як бы там ні было, авіякатастрофу пад Менскам некаторыя блогеры наўпрост зьвязваюць акурат з адкрыцьцём у Менску маскоўскага казіно. Гэтак, блогер beatleofdoom:

"Ну вось, не пасьпелі адкрыць казіно, як разьбіліся. Цікавае супадзеньне, не знаходзіце? Падобныя інцыдэнты - верныя прыкметы лібэралізацыі".

"Расейскі крымінальны бізнэс едзе ў Беларусь... Што ж будзе, калі іхныя казіно зьявяцца ў Менску на кожным рагу?"- дадае lemantar.

Тое, што для беларускіх блогераў толькі цьмяныя здагадкі, для ўкраінца dfaw -- ясная рэч:

"Настолькі палітычна правільнае здарэньне, што ўзьнікае пытаньне пра яго выпадковасьць".

Ён узгадвае пажар у днепрапятроўскім гульнявым клюбе, у выніку якога загінулі дзевяць чалавек, пасьля чаго Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла закон пра забарону гульнявога бізнэсу, аналягічны расейскаму. На ягоны погляд, пажар у Днепрапятроўску і авіякатастрофа пад Менскам - зьвёны аднаго ланцуга. Пэўныя сілы ў Расеі, зацікаўленыя ў тым, каб прыбытак ад гульнявога бізнэсу заставаўся ў РФ, недвухсэнсоўна даюць зразумець: ня варта шукаць казіно на баку, можа кепска скончыцца. І разам з тым пасылаюць сыгнал суседзям - каб не прынаджвалі да сябе ў пошуку лёгкіх грошай расейскіх таўстасумаў.

"Да-да, я паддержываю!" - піша secondhead - "Ніхай на сваёй 1\6-ой часьці сушы казіно сваё пабудуюць, хоць-бы ласвегас там які ў тайге сабе зрабілі. Хто ім тут пазволіў нефцедоларамі сваімі сарыць? Куда толька прэзідент смотрыт? Наверна, проста он атвлёкся, і трагедія случылась". (Захаваная арфаграфія арыгіналу.)

З ангельскай "Shangri-La" перакладаецца як "райскі куток".

НЯ ТУЮ КРАІНУ НАЗВАЛІ ГАНДУРАСАМ


Для расейцаў, у адрозьненьне ад беларусаў, авія- ды іншыя катастрофы - звыклая зьява. "Край суровых катаклізмаў" - гэта менавіта там, на ўсход ад Беларусі. Дашукваючыся прычынаў гэтых катастроф, што сыплюцца як зь дзіравага меха зерне, расейскія блогеры прыходзяць да розных высноваў. Адны, і такіх вельмі шмат, бачаць прычыну ў лібэральных рэформах, якія выявіліся падманам. Прыкладам, блогер asocio, адзін з найбольш зьедлівых крытыкаў рынкавай эканомікі ў расейскай блогасфэры, палічыў апошнюю катастрофу "сымбалем эпохі эфэктыўнага мэнэджмэнту".

"У Савецкім Саюзе самалёты былі "нічыйныя". Уласна, дзеля таго і праводзілася прыватызацыя, каб яны займелі гаспадара. Бо ў гаспадара ўсё будзе па-гаспадарску - эфэктыўна. Абслугоўваньнем самалётаў бізнэс-клясу кіраваў, вядома ж, Эфэктыўны Мэнэджэр. Які ну нагэтулькі эфэктыўны, што ў яго ўсе самалёты павінны былі блішчэць і нават не гусьці падчас палёту. То ж бо Канкурэнцыя прымушае яго няўхільна падвышаць тэхнічную і кіраўніцкую якасьць сваёй кампаніі..."

Ён жа, гэты Эфэктыўны мэнэджэр, замест таго каб падвышаць якасьць, імкнецца выціснуць як мага большы прыбытак, эканомячы на ўсім, у тым ліку на бясьпецы.

Зрэшты, пэўная частка блогераў схільная вінаваціць не сыстэму, а "чалавечы фактар". Апроч дурняў і дарогаў, у Расеі ёсьць трэцяя бяда - п'янства. У тым ліку п'янства на дарогах. Дарогі ў нябёсах, аказваецца, не выключэньне.

Блогер _leroy_ сьцьвярджае, быццам "90 адсоткаў усіх нешчасьлівых здарэньняў, аварыяў, катастрофаў маюць у Расеі адну прычыну - нецьвярозасьць пэрсаналу".

А visor2002 перакладае зацемку зь нямецкага выданьня:

"П'яныя расейскія пілёты не такая ўжо рэдкасьць. Усё часьцей гэта прыводзіць да сумных наступстваў. Гэтак, напачатку бягучага году дзяржаўная авіякампанія "Аэрафлот" вымушаная была замяніць пілётаў, якія ляцелі рэйсам у Нью-Ёрк, бо пасажыры ўзбунтаваліся: пілёт быў нагэтулькі п'яны, што нават ня здолеў уцямна вымавіць вітаньне па гучнай сувязі... Пры дасьледваньні катастрофы В737 у Пярмі сьледчыя таксама схільныя лічыць, што не абышлося без алькаголю".

"Ня тую краіну назвалі Гандурасам", - падсумоўвае alex_brab.

Аб'яднаўшы дзьве пазначаныя прычыны ў адну, атрымаем "рынкавыя рэформы, ажыцьцёўленыя ў нецьвярозым стане".


САМАЛЁТЫ НАПРАЎДУ НЕ ЛЯТАЮЦЬ


Чаму пілёты могуць піць за стырном? Ня выключана, што гэтак жа, як і блогер nikotin, яны ня могуць даўмецца, якім чынам самалёты падымаюцца ў паветра і трымаюцца там:

"Што да гэтага самалёта, які ўпаў пад Менскам... Ведаеце, я вельмі баюся лятаць на самалётах. Калісьці я нават займаўся дэльтаплянэрызмам, каб пазбавіцца гэтай боязі. Але не пазбавіўся. На дэльтапляне - ня страшна, на самалёце - баюся. Я дасюль душой не магу зразумець, як гэтая шматтонная храновіна ўздымаецца ў паветра і ляціць. Не-не! Толькі не спрабуйце патлумачыць мне што-небудзь пра каструкцыю крылаў і паветраныя плыні, я сам усё патлумачу каму заўгодна. Я душой не магу гэта зразумець.
Раней мне даводзілася лятаць даволі часта, сама меней 4 разы на год, і каб не пасівець канчаткова, я лятаў толькі пад агульным наркозам. Дазіроўка была такая: адразу пасьля праходу рэгістрацыі выпівалася бутэлька піва і шклянка гарэлкі. Ужо ў самалёце яшчэ парачка. Усё. Можна ляцець. Як вы разумееце, прачынаўся я толькі пасьля пасадкі.


У камэнтарах яго супакоілі, раскрыўшы сэнсацыйную таямніцу: самалёты напраўду не лятаюць!


Як вядома, аб’ект з вагою як у самалёта няздатны лятаць, бо ён папросту вельмi цяжкi (цi спрабавалi вы яго падняць?). Самалёт значна цяжэйшы за паветра, якое лётае вакол без праблемаў і не патрабуе колаў, каб сядзець на зямлi. А вось самалёту колы патрэбныя.

Фотаздымкi з выявамi самалётаў у паветры робяцца ў Paint Shop Pro і апрацоўваюцца адпаведным чынам, каб усё выглядала так, быццам яны ляцяць… вельмi хiтрамудрае штукарства.

Тыя ж «лятальныя» апараты, якiя вы бачылi на авiяшоў, насамрэч і ня думалi пакiдаць зямлю, гэныя шоў ажыцьцяўляюцца з дапамогай надзвычай шумных матораў, а калi людзi зазнаюць узьдзеяньне вялiкага шуму, яны пакрысе глухнуць, а страта аднаго пачуцьця, як вядома, выклiкае абвастрэньне iншага. У дадзеным выпадку гэта зрок. Дадатковая вастрыня зроку дурыць вашыя вочы, прымушаючы вас бачыць тое, што вы жадаеце ўбачыць, а на авiяшоў людзi звычайна жадаюць бачыць лятаючыя самалёты. Такiм чынам ажыцьцяўляецца iлюзiя.

Што праўда, гэта не спрацоўвае з футбольнымi фанатамi, бо адзiнае, што яны жадаюць убачыць - гэта чароўны гол, таму iм альбо ўвогуле забараняюць прыходзiць на авiяшоў, альбо прымушаюць начапляць чорныя акуляры цi то затыкаць вушы тампонамi.

Таксама падчас вайны ўсе гэтыя самалёты, якiя нiбыта ляталi туды і сюды, насамрэч былi плёнам масавай гiстэрыi.

Птушкi, хаця і меншыя за бамбавiкi і лягчэйшыя ад iх, усё роўна цяжэйшыя за паветра і напраўдзе таксама не лятаюць. Дзеяньне хуткага маханьня крыламi ўверх і ўнiз штурхае зямлю долу, адносна зямлi птушкi застаюцца тамсама, дзе і былi, ствараючы iлюзiю, быццам яны ляцяць. Вы не адчуваеце зруху зямлi, бо горы вельмi высокiя і на iхных вяршынях ляжыць сьнег, якi спараджае сьнегавую сьлепату, што выклiкае ў вас галавакружэньне і вядзе да часовае страты нармальнага функцыянаваньня вэстыбулярнага апарату. Калi б ня горы, птушкi мусiлi б хадзiць усюды, паглядзеце, прыкладам, на страўсаў, якiя ня могуць лятаць, бо ў iх нямашака гор, што давершылi б iлюзiю
.

Напэўна, калі б гэтую інфармацыю распаўсюдзілі сярод пілётаў, яны б ня гэтак баяліся самалётаў і авіякатастрофаў паменела б.

НЕ ПАМРЭШ, КАЛІ НЕ ПРЫЙШОЎ ТВОЙ ЧАС


Нечаканыя высновы зрабіла з гэтай авіякатастрофы блогерка jerseylo. Раней, як яна піша, нават простае паведамленьне пра тое, што недзе разьбіўся самалёт, выклікала ў яе панічны жах. Яны трымцела ад адной думкі, што калі-небудзь ёй давядзецца ляцець самалётам. Але авіякатастрофа пад Менскам... супакоіла яе:

"А ўсё таму, што я думаю пра таго шостага чалавека, які не прыйшоў на рэйс і не разьбіўся, хаця сьмерць была вельмі блізкая ад яго! Цікава, чаму ён не прыйшоў: захварэў, перадумаў, проста не атрымалася? Калі б усё атрымалася іначай і ён паляцеў бы з астатнімі, цяпер у навінах казалі б, што загінула 6 чалавек... Выпадковасьць? Лёс? Няважна, проста цяпер у мяне зьявілася пэўнасьць, што калі ты не павінен памерці, ты не памрэш, нават калі абставіны складаюцца супраць цябе".

БАГАТЫЯ ТАКСАМА ПЛАЧУЦЬ, АБО Ў ТРУПЯРНІ ЎСЕ РОЎНЫЯ


Крушэньні звычайных рэйсавых самалётаў выклікаюць адно спачуваньне загіблым і пацярпелым. Дзіўна, калі б было іначай. Пад Менскам разьбіўся ня рэйсавы, а "элітны" самалёт. Апошні факт значна паўплываў на рэакцыю блогераў. Былі, натуральна, і тыя, хто спачуваў ахвярам гэтай авіякатастрофы, як спачувалі б любым іншым. Але рэакцыя большасьці вагалася паміж абыякавасьцю і злараднасьцю. У беларускай блогасфэры пераважала абыякавасьць, у расейскай - злараднасьць. Пэўна, накіпела. Нагэтулькі тамтэйшая "эліта" набрыдла паспалітаму люду сваім нахабствам і сацыяльнай безадказнасьцю.

Блогер chudentsov разважае пра яе вартасьць для гісторыі:

"У трупярні неяк зусім няважна, колькі тысячаў даляраў ты звычайна прайграеш у казіно. Там ня мае значэньня, які ў цябе самалёт. Дый незалежна ад памеру банкаўскага рахунку ўсіх аднолькава мыюць халоднай вадой з бруднага шлянгу... "Заможнасьць" у такіх умовах ужо нічога ня значыць, а "паспяховасьць"... Любы жабрак - больш пасьпяховы. Таму што жывы.

Гламурныя мільянэры, уся "карысная" дзейнасьць якіх зводзіцца да абмеркаваньня сваіх і чужых выдаткаў, дэманстратыўнага спажывецтва і залатога ўнітазу - на жаль... толькі абалонка. Адна - умоўная, прыдуманая грамадзтвам. Іншая... А іншую зусім не гламурны санітар трупярні ў адзін прыўкрасны дзень так ці іначай разрэжа па асявой лініі, як сардэльку.

Ці застанецца памяць?.. Пра Пушкіна - застанецца. Пра Талстога, Герадота, Сафокла, Дастаеўскага, Марка Твэна, Ісака Ньютана і нават пра братоў Чарапанавых, які вынайшлі паравоз, людзі будуць памятаць стагодзьдзямі.

А вось пра "вядомага бізнэсоўца Васілія Цюцькіна" будуць памятаць толькі да таго моманту, пакуль ня скончацца апошнія касацыйныя абскарджваньні судовых справаў па ягонай спадчыне. Бо апроч меха ўмоўных ва ўсіх сэнсах адзінак нічагусенькі гэты чалавек зь сябе не ўяўляў...

Сэляві, шаноўнае панства".