Менск, плошча Парыскай камуны, 1


Шыльда свабоды

Менск, плошча Парыскай камуны, 1, Вялікі тэатар опэры і балету

У гэтым будынку 8—10 ліпеня 1993 году адбыўся Першы зьезд беларусаў сьвету, які выказаўся за паяднаньне беларускай нацыі, кансалідацыю беларусаў дзеля нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва і росквіту культуры.

Цягам трох ліпеньскіх дзён 1993 году і тыя беларусы, што жывуць у сваёй краіне, і тыя, каго бязьлітасная гісторыя раскідала па сьвеце, шчыра верылі ў рэальнасьць яднаньня на любові да радзімы.

У Менску, сталіцы нядаўна абвешчанай незалежнай дэмакратычнай дзяржавы, упершыню ў пасьляваеннай гісторыі сабраліся разам каля тысячы беларусаў з усёй зямлі. Першы зьезд беларусаў сьвету адбыўся ў найлепшай залі краіны — Вялікім тэатры опэры і балету. У прэзыдыюме былі старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, міністры. Зьезд віталі Васіль Быкаў і Зянон Пазьняк.


Большасьць замежных удзельнікаў, якіх яшчэ нядаўна называлі ворагамі, калябарантамі, упершыню прыехалі ў Беларусь пасьля дзесяцігодзьдзяў жыцьця на чужыне. Успамінае акадэмік Радзім Гарэцкі, якога на зьезьдзе абралі прэзыдэнтам Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”:

“Многія плакалі, цалавалі зямлю беларускую. Яны былі шчасьлівыя, што змаглі нарэшце прыехаць на сваю радзіму. Многія ж сустрэліся тут са сваякамі. І, канечне ж, многія баяліся: а ці не забяруць іх, ці не пасадзяць, бо тут жа КДБ. Але было такое яднаньне ўсіх беларусаў, што здавалася, вось цяпер будзе велізарны росквіт і ўздым Беларусі, што нарэшце мы станем незалежнымі, станем багатай, культурнай эўрапейскай дзяржавай”.

Прыехалі людзі, якія ў эміграцыі захоўвалі беларушчыну — мову, традыцыі, перахоўвалі здабыткі нацыянальнай культуры, якія былі рэпрэсаваныя бальшавікамі. Галоўнай ідэяй зьезду было скіраваць намаганьні для аб’яднаньня беларускай культуры і для пабудовы сумеснымі сіламі нацыянальнай дзяржавы.

Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі Беларуская дзяржава адвярнулася ад беларусаў і беларушчыны аж да такой ступені, што вольныя зьезды беларусаў сьвету ёй ужо былі не патрэбныя. Зрэшты, як і бальшыні беларускай эміграцыі не патрэбнай стала антыбеларуская ўлада.