Шыльда свабоды
Менск, праспэкт Незалежнасьці, 50. Канцэртная заля Белдзяржфілярмоніі
Менск, праспэкт Незалежнасьці, 50. Канцэртная заля Белдзяржфілярмоніі
25 сакавіка 1993 году тут быў урачыста адзначаны Дзень Волі. Ва ўрачыстым паседжаньні, прысьвечаным 75-м угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі, узялі ўдзел старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч і старшыня Рады БНР Язэп Сажыч.
Да і пасьля 1993 году дзень Волі 25 сакавіка сьвяткаваўся нелегальна, пераважна пад міліцэйскімі дубінкамі, у страху перад сабакамі, аўтазакамі і нават бронетранспартэрамі.
Але 75-годзьдзе Беларускай народнай рэспублікі адзначылі публічна і ўрачыста, з дазволу ўладаў і пры ўдзеле асобных кіраўнікоў дзяржавы. Магчыма, таму, што ўлады хацелі перацягнуць у лягер сваіх прыхільнікаў лідэраў эміграцыі. На сьвяткаваньне са Злучаных Штатаў прыехаў і старшыня Рады БНР Язэп Сажыч.
Урачысты сход адбыўся ў самым цэнтры Менску, у канцэртнай залі Беларускай дзяржаўнай філярмоніі. Сябра сойму Беларускага народнага фронту прафэсар Анатоль Грыцкевіч успамінае:
“Гучалі нацыянальныя беларускія песьні. Быў выкананы беларускі гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Калі хор пачаў сьпяваць, усе ўсталі. І я бачу, як Сажыч нават не разумее, дзе ён знаходзіцца. Гэта было сапраўды захапляльна. Але самае галоўнае, што гэта быў той час, калі наш нацыянальны рух быў на ўздыме”.
Заля была перапоўненая. Многія не маглі паверыць, што разам на сцэне будуць кіраўнік Рэспублікі Беларусь — старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, кіраўнік ураду ў выгнаньні — старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Язэп Сажыч і прэтэндэнт на кіраваньне краінай — старшыня Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк. І тое, што яны былі разам, дадавала ўздыму людзям у залі, — кажа акадэмік Радзім Гарэцкі:
“Гэта якраз было сьведчаньнем таго, што нарэшце беларусы ня сварацца паміж сабой, як часта гэта бывае, а адным фронтам уздымаюцца да сваёй ідэі, сваёй мэты. Тады ўсе больш думалі пра Беларусь, яе незалежную будучыню. Галоўнае было: “Жыве Беларусь!” Уся філярмонія размаўляла па-беларуску, ніхто не гаварыў па-расейску. Гэта ж выдатна!”
Тым ня меней 25 сакавіка не было дзяржаўным сьвятам, і, як кажа тагачасны міністар замежных спраў Пятро Краўчанка, ні разу ўрад нават не абмяркоўваў гэтага пытаньня. Але пэрспэктывы былі, калі б не прыйшоў да ўлады Аляксандар Лукашэнка:
“Ужо ішло ўсё да таго, каб “легалізаваць” БНР і даць даце 25 сакавіка дзяржаўны маштаб. Я думаю, што праз тры-пяць гадоў сьвяткавалі б Дзень Волі як дзяржаўнае сьвята”.
Замест гэтага праз тры-пяць гадоў тых, хто асьмельваўся сьвяткаваць Дні Волі, зьбівалі, кідалі ў турмы, судзілі. Сярод будучых вязьняў былі і тыя, хто 25 сакавіка 1993 году ў філярмоніі стоячы вітаў гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.