Захад адкрывае Беларусі фінансавыя шлюзы

Тры найбуйнейшыя міжнародныя фінансавыя агенцтвы заявілі аб кардынальным павелічэньні фінансавай дапамогі Беларусі. МВФ уважае аб выдзяленьні Беларусі новага крэдыту stand-by і заклікае Эўразьвяз пасьпяшацца з макраэканамічнай дапамогай краіне. Усе гэтыя паведамленьні прагучалі ўчора ў розных месцах, але амаль адначасова.

Што канкрэтна было паабяцана Беларусі ў чацьвер?


Па-першае, Міжнародны Валютны Фонд упершыню станоўча выказаўся адносна магчымасьці выдзяленьня Беларусі новага крэдыту stand-by, пасьля таго, як у красавіку 2010 году завершыцца дзейная праграма. Прадстаўніца фонду пахваліла захады Менску ў справе антыкрызіснай палітыкі ды рэформаў. Згадаўшы пра зацікаўленасьць беларускіх уладаў у новым крэдыце, Натальля Калядзіна сказала, што фонд гатовы працягнyць супрацоўніцтва на працягу наступных году-двух.

Адначасова прадстаўнік Сусьветнага банку, Іван Велеў, паабяцаў, што Рада дырэктараў гэтай арганізацыі разгледзіць у лістападзе пытаньне аб выдзяленьні Беларусі крэдыту на патрэбы разьвіцьця памерам 200 мільёнаў даляраў. Яшчэ 60 мільёнаў было запраграмавана раней. Тут трэба зазначыць, што сёлета СБ ужо выдзеліў Беларусі рэкордную ў гісторыі супрацоўніцтва з краінай суму - 185 мільёнаў даляраў.

Не адстаў учора ад калегаў і Эўрапейскі Банк Рэканструкцыі і Разьвіцьця. Прадстаўнік ЭБРД у Менску, Валдас Віткаўскас, паведаміў, што ягоная арганізацыя падрыхтавала праект новай стратэгіі супрацоўніцтва зь Беларусьсю, які мае быць зацьверджаны радай дырэктараў арганізацыі да канца году.

У адрозьненьне ад цяперашняга фармату, які прадугледжвае толькі мікрапраекты ў прыватным сэктары, паводле новай стратэгіі, банк распачне актыўнае супрацоўніцтва і зь беларускімі ўладамі. У прыватнасьці, Віткаўскас выказаў зацікаўленьне ЭБРД у дапамозе пры прыватызацыі беларускай прамысловасьці. Агенцтва гатовае выкупаць меншасныя пакеты акцыяў прадпрыемстваў, з тым каб затым спрыяць іх выгаднаму продажу. Магчымасьці выдзяленьня дапамогі будуць пашыраныя з цяперашніх дзясяткаў мільёнаў даляраў да соцень мільёнаў.

Важным зьяўляецца і пасыл МФВу да Эўразьвязу з заклікам выдзеліць двухбаковую дапамогу ўжо сёлета. У мінулым месяцы кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску Жан-Эрык Гольцапфэль сказаў, што акрамя фінансавых магчымасьцяў Эўразьвязу, выдзяленьне макраэканамічнай дапамогі Беларусі будзе залежаць ад выкананьня Беларусьсю ўмоваў пагадненьня з МВФам аб атрыманьні крэдыту stand-by. "Зараз, мы чакаем чарговай справаздачы МВФ" - сказаў тады Гольцапфэль.

Чаму ўсе гэтыя абяцаньні прагучалі менавіта ў чацьвер?

Як і Эўразьвяз, міжнародныя фінансавыя агенцтвы чакалі справаздачы МВФ. У сераду, 21 кастрычніка, выканаўчы камітэт МВФ апублікаваў вынікі агляду выкананьня Беларусьсю эканамічнай праграмы, прывязанай да крэдыту stand-by. У адрозьненьне ад першай ацэнкі дзеяньняў беларускіх уладаў у рамках праграмы, якая зьмяшчала істотную крытыку – цяперашняя выказваецца аб зьдзейсьненых рэформах і антыкрызісных захадах надзвычай пазытыўна.

СБ і ЭБРД стандартна дзейнічаюць у зьвязцы з МВФ. Пасьля таго, як урад краіны дакажа сваю дысцыплінаванасьць у справе “драконаўскіх захадаў” па фінансавай дысцыпліне, рэкамэндаваных фондам, на сцэну выходзіць Сусьветны банк. Ягоная дапамога накіраваная на зьмякчэньне сацыяльных наступстваў і на інвэстыцыі ў праекты разьвіцьця, якім зазвычай не хапае фінансаваньня ў крызісных умовах.

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, у сваю чаргу спэцыялізуецца на мікраэканамічных праектах. Калі МВФ "дае адмашку" адносна адэкватнай дзяржаўнай эканамічнай палітыкі, ЭБРД актывізуе працу па спрыяньні адаптацыі індустрыі і асобных прадпрыемстваў да новых умоваў, выкліканых рэформамі.