Наталка Бабіна — пяць чытанак для беларускіх дзяцей

Наталка Бабіна

Наш прыватны кніжны рэйтынг працягвае пісьменьніца і журналістка, маці траіх дзяцей Наталка Бабіна. У сваім хатнім кнігазборы, публічных бібліятэках і менскіх кнігарнях яна шукала, што параіць бацькам пачытаць сваёй малечы, каб ёй на усё жыцьцё запомніліся гэтыя вечаровыя чытанкі і беларускія словы, упершыню пачутыя ад мамы, таты, бабулі ці дзядулі. Вось вынікі росшукаў спадарыні Бабінай.

“Нам сьвеціць сонца яснае”, Менск, “Асьвета”, 1967.


Плянку ў адборы задала кніга з хатняй калекцыі — “Нам сьвеціць сонца яснае”. На фарзацы гэтага ўжо крыху пажоўклага выданьня дарчы надпіс: “Дзімачку ў дзень нараджэньня ад Сашы і Ілюшы”. Дзімачку, то бок майму мужу, было тады 1 год. З тае пары кніга пабывала ў многіх дзіцячых руках, таму цяпер некаторыя зь яе 170 старонак акуратна падклееныя папяроснай паперай, а на асабліва любімых захаваліся алоўкавыя калякі-малякі, што робіць яе, канечне, яшчэ больш каштоўнай для нас. Кніжка ўдалая — мела магчымасьць назіраць яе ўзьдзеяньне на дзецях і, спадзяюся, унукам калісьці яна таксама спадабаецца.

Кніга на дзьвюх мовах — але гэта той рэдкі выпадак, калі можна гаварыць пра дзьвюхмоўе рэальнае. І беларускія, і расейскамоўныя творы, уключаныя ў кнігу — найвышэйшага гатунку, і таму не падаўляюць адно адно, не “грызуцца”.

Тут і верш цёткі Уладзі — Уладзіславы Францаўны Луцэвіч, жонкі Янкі Купалы, і Канстанцыі Буйло зь нечаканай назвай “Дзіцячы сад”: “Нас усіх у сад дзіцячы / Водзяць мамы. Мы ня плачам. / Я дык нават вельмі рад, / Што іду ў дзіцячы сад”. Тут і народны вершык “У куце сядзіць мядзьведзь”, і цудоўны вершык невядомага мне І. Муравейкі: “Коцік басаногі / Па сьняжку гуляў. / Адмарозіў лапкі / І заплакаў: — Мяў…/ Што за дзіва гэта? / Трэба бегчы ў дом: / Сьнег такі халодны, / А пячэ агнём…” А яшчэ маленькі аповедзік В. Хомчанкі “Яшава рукавічка”, “Жыў-быў вожык” Янкі Брыля, дзіцячыя вершы Змітрака Бядулі, непараўзыйдзены коласаўскі Савось — і шмат што яшчэ…

Перагартаючы яшчэ раз кніжку, я намагалася зразумець для сябе: дык чым вылучаюцца УДАЛЫЯ дзіцячыя творы? Тыя, якія падабаюцца малым і не выклікаюць у іх адтаржэньня і нудоты? І сфармулявала так: прастатой і сапраўднасьцю пачуцьцяў, некаторай парадаксальнасьцю ўспрыняцьця рэальнасьці, гумарам і дасціпнасьцю, адсутнасьцю “маралізітарства”. Дзецям уласцівыя ўсе лепшыя якасьці чытачоў-дарослых і не ўласцівыя іх горшыя рысы, таму ў аўтара, які піша для дзяцей, няма часу на раскачку: кожнае слова мусіць стаяць на сваім месцы.

“Вясёлка: вершы, апавяданні, казкі, п’есы, песьні”. Менск, “Мастацкая літаратура”, 2007. .


Гэта грунтоўны, на 350 старонак, вялікага фармату, на мелаванай паперы зборнік. Чаго тут толькі няма! — і ўсё вельмі дасьціпнае. Прачытала з задавальненьнем сама, а потым спраўдзіла ўражаньні на дзецях — выдатна. Чытайце сваім — не пашкадуеце.

Ніл Гілевіч. “Калі рана ўстаеш”. Менск, “Юнацтва”, 1984.


Гэта зборнік вершаў, казак, баек, небыліц і загадак, якія лёгка чытаюцца і запамінаюцца. Народны паэт — ён і ёсьць народны паэт, што тут дадаць. Бярыце кнігу — і прыемных вам чытанак.

Леанід Пранчак. “Мама, тата і Агата”. Менск, “Мастацкая літаратура”, 2002.


Зборнік вершаў і песьняў вядомага паэта, цудоўна аформлены Рытай Цімохавай, адрасаваны дашкольнікам і малодшым школьнікам. 128 старонак чытаецца — не адарвацца.

Алесь Кудрыцкі. “Прыгоды капітана Танакі”, Менск, выдавец І.Логвінаў, 2009.


Яркая, вясёлая, нязвычна для Беларусі сучасная і незакамплекснавая кніжка. На жаль, я не знайшла яе ні ў бібліятэцы, ні ў кніжнай краме. Чаму — вялікае пытаньне. Ці то аўтар і выдавец недастаткова клапоцяцца пра распаўсюд сваёй прадукцыі, ці то так баяцца дырэктаркі крамаў ды бібліятэк браць на сябе клопат распаўсюду кніг, выдадзеных незалежнымі выдавецтвамі? Ці то сапраўды існуюць сьпісы “непажаданых” для распаўсюду выдавецтваў, складзеныя ў нетрах гандлёвага манапаліста “Белкнігі”? Так ці інакш — а шкада. Бо кніга Кудрыцкага — сапраўды з самых найлепшых, тых, што творча і наватарскі працягваюць сусьветныя традыцыі літаратуры для дзяцей. Але, як сцвярджае капітан Танака, нічога, прарвемся:

Штось надвор’е, як на грэх:
Ці то дожджык, ці то сьнег…
Штось надвор’е, як на злосьць:
Можа, у небе дзірка ёсьць?
Зробім мы ўсё, як трэба,
Ды адрамантуем неба,
Каб нам сонейка зазьзяла
Ды зямельку сагравала!

Пяцікніжжа. Наталка Бабіна.