У Магілёве навіны па-беларуску

У Магілёве рэгіянальны выпуск тэленавінаў ад сёньня пачаў выходзіць па-беларуску. Ад 2006 году беларускай мовы ў эфіры тут не было.
“Мы даўно хацелі перайсьці на беларускую мову, аднак былі з гэтым пэўныя цяжкасьці. Цяпер пачаўся новы тэлевізійны сэзон, мы вярнуліся да беларускай мовы. Яшчэ, акрамя выпуску навінаў, будзе выходзіць пара рубрык у ранішнім эфіры”, — паведаміла супрацоўніца кампаніі.

Нагадаем, што ў жніўні афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі распаўсюдзілі весткі пра намеры Магілёўскага аблвыканкаму ўтварыць адмысловую камісію, якая павінна распрацаваць праграму паэтапнага вяртаньня мовы ў публічнае жыцьцё. Так распарадзіўся, паводле іх, старшыня ўладнай вэртыкалі Пётар Руднік.

Кіраўнік управы ідэалягічнай працы аблвыканкаму Валер Ільянкоў тады ж, у жніўні, выказаў незадавальненьне тым, што дзяржаўныя СМІ не падаюць інфармацыі па-беларуску. Менавіта з гэтай праблемы, паведаміў ён, пачнецца праца дзеля вяртаньня мовы ў публічнае жыцьцё.

Паводле журналіста, былога кіраўніка магілёўскай студыі тэлерадыёкампаніі Генадзя Судніка перавод абласных навінаў на расейскую мову адбыўся на пачатку 2000 гадоў, калі Ягор Рыбакоў кіраваў Нацыянальнай тэлерадыёкампаніяй.

Ягор Рыбакоў нарадзіўся ў Навасібірску ў 1971 годзе. Журналістам пачаў працаваць у газэце “Магілёўскія ведамасці” пад кіраўніцтвам Рыгора Кіселя, які ўваходзіў у перадвыбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году ўзначаліў магілёўскае тэлебачаньне, а потым быў прызначаны намесьнікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі. У гэтай якасьці правёў прэзыдэнцкую кампанію 2001 году, забясьпечыўшы Аляксандру Лукашэнку, паводле ягонага выказваньня, “бліскучую перамогу”. Пасьля выбараў быў прызначаны старшынём Белтэлерадыёкампаніі і працаваў на гэтай пасадзе да арышту ў лютым 2004 году. Пры ім у 2003 годзе навіны беларускай тэлевізіі былі пераведзены на расейскую мову. Цяпер Я.Рыбакоў адбывае 11-гадовы тэрмін зьняволеньня за хабарніцтва.

24 верасьня 2003 году наш карэспандэнт паведамляў зь Менску:

Галоўнай прыкметай новага тэлевізійнага сэзону на БТ стала тое, што асноўная інфармацыйная праграма “Панарама” ўпершыню за ўвесь час свайго існаваньня выйшла ў будні дзень цалкам на расейскай мове. Прадстаўнікі дзяржаўнага тэлебачаньня кажуць, што мала хто зь вядучых валодае беларускай мовай.

Таварыства беларускай мовы плянуе зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд са скаргай і да міжнародных інфармацыйных тэлеканалаў з просьбай зрабіць беларускамоўную вэрсію праграмаў.

Спачатку на расейскую мову перавялі навіны спорту, потым — дзённыя інфармацыйныя выпускі. Ужо некалькі гадоў нядзельныя аналітычныя праграмы на БТ выходзяць толькі па-расейску. Новая нядзельная праграма “Ў цэнтры ўвагі” ў дзень адкрыцьця новага тэлевізійнага сэзону выйшла таксама на расейскай мове. Але ўвечары ў панядзелак упершыню вядучы звычайнай “Панарамы” не гаварыў па-беларуску. Гэта значыць, што беларуская мова цалкам зьнікла з эфіру дзяржаўнага тэлебачаньня. Пасьля СТВ і АНТ тэлеканал БТ, ён жа Першы нацыянальны, стаўся трэцім і апошнім, які паведамляе беларускія навіны толькі па-расейску
”.

Пасьля пераходу Першага нацыянальнага тэлеканалу на расейскую мову ў інфармацыйным вяшчаньні тое самае пачалі рабіць некаторыя абласныя студыі. 26 верасьня 2003 году мы паведамлялі і пра пераход на расейскую менскіх абласных навінаў:

Што да сталіцы і Менскай вобласьці, дык перадача Алены Борматавай “Навіны-Менск”, якая выходзіла на добрай беларускай мове адразу пасьля “Панарамы”, на гэтым тыдні зьнікла. І горад Менск цяпер абсалютна пазбаўлены беларускамоўнай тэлеінфармацыі”.