Модныя паказы ў пошуках інвэстыцый

Belarus -- investment forum in Viciebsk, 15Oct2009

У Віцебску праходзіць ужо трэці за гэты год інвэстыцыйны форум. Прадстаўнікі прадпрыемстваў вобласьці зьехаліся на імпрэзу ў пошуках інвэстараў, і рэклямуюць сваю прадукцыю самымі разнастайнымі сродкамі.


У фае і на двух паверхах будынку, у якім месьціцца канцэртная заля “Віцебск”, сёньня праходзіць выстава інвэстыцыйных праектаў і прадукцыі прадпрыемстваў вобласьці.

Каля стэндаў з праектамі нешматлюдна.

Кіраўнікі рознага ўзроўню прыехалі ў Віцебск кожны са сваімі спадзяваньнямі, а яны ва ўсіх розныя. Да прыкладу, намесьніца дырэктара Обальскага керамічнага заводу Ганна Бабахіна распавяла, што на прадпрыемстве хочуць адбудаваць новыя памяшканьні, але інвэстары гатовыя хіба толькі набыць для завода новае абсталяваньне. Зрэшты, цяпер, калі завод мае вялікія праблемы са збытам, намесьніца дырэктара радуецца хаця б таму, што на асноўную прадукцыю — цэглу — знайшліся пакупнікі з Казахстану.

А вось супрацоўніцы віцебскага акцыянэрнага таварыства КІМ кажуць былі б дужа задаволеныя, каб нейкі інвэстар уклаў сродкі ў мадэрнізацыю вытворчасьці. Некалі фабрыка панчошна-трыкатажных вырабаў славілася на ўвесь Савецкі Саюз сваёй прадукцыяй, а цяпер вытворцам даводзіцца выкарыстоўваць састарэлыя тэхналёгіі, бо няма новага абсталяваньня. Зрэшты, інвэстараў для КІМу таксама пакуль не знайшлося.

На КІМе робяць шкарпэткі нават з гербам Віцебску, але інвэстараў гэта не зацікавіла.

Талачынскі раён прадстаўляў намесьнік старшыні райвыканкаму Георгі Мурашка. Ён сказаў, што Талачыншчына гатова прымаць інвэстыцыі ва ўсе галіны прамысловасьці:
Такія яблыкі ў Талачыне пускаюць на таннае віно.
яна патрэбныя і на Коханаўскім экскаватарным заводзе, і на мясцовай кравецкай вытворчасьці, і на Талачынскім кансэрвавым заводзе, які ня так даўно наведваў Аляксандар Лукашэнка. Талачынскі кансэрвавы завод мае свой сад, і грошы патрэбныя на сховішча для садавіны, зь якой робіцца таннае віно. Дарэчы, узораў віннай прадукцыі на выставе не было — намесьнік старшыні райвыканкаму перакананы, што яна й так добра вядомая .

У залі тым часам праходзіў паказ мадэляў адзеньня з лёну — такім чынам прэзэнтавалі сваю прадукцыю аршанская і полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў, ААТ “Сьвітанак” і ААТ “Чараўніца”. Дэманстраваліся як аўтарскія калекцыі асобных мадэльераў, так і калекцыі, якія сёньня можна набыць у краме. Паказ выклікаў вялікую цікавасьць у гледачоў — віцебскай моладзі з тэхналягічнага ўнівэрсытэту і каледжа лёгкай прамысловасьці. Меркаваньні інвэстараў пра падтрымку кравецкіх прадпрыемстваў пакуль не вядомыя.

Аўтарскую калекцыю прадстаўляе студэнцкі тэатар моды.

Нешта падобнае можна сёньня набыць і ў краме.

На інвэстыцыйным форуме былі прадстаўленыя праект дзіцячага парку ды праект зоны адпачынку на рацэ Віцьба. Супрацоўнік ідэалягічнага аддзелу культуры гарвыканкаму патлумачыў, што на форуме яны выстаўлены хутчэй для праформы: інвэстыцыі на гэтыя аб’екты ўжо знойдзеныя, бо праекты падтрымлівае і ўхваляе старшыня аблвыканкаму Аляксандар Косінец.

Аднак гэта хутчэй выключэньне, чымсьці правіла — мала якія праекты, прадстаўленыя рознымі рэгіёнамі Віцебшчыны, знайшлі падтрымку, нават з дапамогай інвэстыцыйных форумаў.