“Працэс 16-ці”: мільённыя штрафы за плякаты зьніклых

Гвалтоўнае затрыманьня 16 верасьня на вуліцы Палескай Уладзімера Мышака, 16 верасьня

У Гомелі разглядаюць адміністрацыйныя справы супраць 16 актывістаў апазыцыі за спробу выйсьці 16 верасьня на пляц Паўстаньня.
Кіраўнікі рэгіянальных партыйных і грамадзкіх арганізацый меркавалі узяць удзел ланцугу памяці зьніклых дзесяць гадоў таму палітыка Віктара Ганчара й бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Спэцназаўцы й людзі ў цывільным сталі хапаць актывістаў і цягнуць у аўтобус. Усіх іх адвезьлі ў Чыгуначны райаддзел міліцыі, дзе склалі пратаколы пра так званае несанкцыянаванае шэсьце.

Уладзімер Мышак
Першым судзьдзя Віталь Козыраў разглядаў справу пра несанкцыянаванае шэсьце супраць былога малалетняга вязьня канцлягеру, сябра ПКБ Уладзімера Мышака. 76-гадовы пэнсіянэр з жахам апавядае пра сваё верасьнёўскае затрыманьне людзьмі ў цывільным на вуліцы Палескай, непадалёку ад офіса рэгіянальнай арганізацыі АГП:
з такім гвалтам я сустракаўся толькі ў дзяцінстве, калі нашу вёску акружылі фашысты...

“Вось з такім гвалтам я сустракаўся толькі ў дзяцінстве, калі нашу вёску акружылі фашысты, і усіх, як жывёлу, гналі у канцлягер. Такім жа чынам дзейнічае й міліцыя. Агрэсар напаў на сваю ахвяру і падаў на яе ў суд . Гэта ж маразм нейкі, суцэльнае беззаконьне”.

Спадар Мышак распавёў суду, што пасьля сустрэчы з аднапартыйцамі, выйшаў з офісу й кіраваўся дамоў, каб ехаць на лецішча. Іншыя актывісты таксама ішлі па ходніках. Ніякіх партрэтаў і плякатаў ніхто не трымаў. Асабіста яго, былога малалетняга вязьня, двое маладых людзей у цывільным, закруціўшы рукі, пацягнулі ў аўтобус, які перагарадзіў ходнік. Невядома было, хапаюць іх тэрарысты ці нехта іншы.

Абвінавачваньні міліцыі, у прыватнасьці, старшыны спэцназу Дзьмітрыя Грошава, які затрымліваў пэнсіянэра і выступаў у судзе сьведкам, зьвяліся да таго, што Ўладзімер Мышак нібыта ішоў па ходніку ў складзе арганізаванай групы й трымаў партрэт зьніклага палітыка Віктара Ганчара. Паказаньні сьведкаў з боку абвінавачанага, фотаздымак затрыманьня судзьдзя Козыраў пад увагу ня ўзяў і аштрафаваў былога малалетняга вязьня канцлягеру на 700 тысячаў рублёў:

“Суда ў нас няма, ёсьць судзілішча. Законы для іх ня пісаныя. Што хочуць, тое й робяць. Бязьмежжа! Далі заданьне пакараць — і яны караюць”.

Юрась Захаранка
Сябра сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада Юрася Захаранку судзьдзя Козыраў па аналягічнай справе аштрафаваў на 40 базавых велічыняў, што адпавядае 1 мільёну 400 тысячам рублёў.

Падчас разгляду судовай справы, выявілася паказальная акалічнасьць, якая сьведчыць пра фальшаваньне справы. Як былы афіцэр-дэсантнік спадар Захаранка запытаўся у сьведкі, сяржанта спэцназу Аляксея Дарафеева, таксама былога дэсантніка: “Дай слова дэсантніка, што я ішоў па вуліцы Палескай і трымаў у разгорнутым выглядзе партрэт Віктара Ганчара”. Спэцназавец заўважна зьбянтэжыўся і адмовіўся адказваць на гэтае пытаньне, ведаючы, што кодэкс гонару лгаць дэсантніку не дазваляе.

Ужо стала вядома, што судзьдзя Козыраў аштрафаваў на 40 базавых велічыняў старшыню рэгіянальнай арганізацыі АГП Васіля Палякова, на 30 базавых — актывіста Івана Зайцава.