Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня — Анатоль Шаўчэнка, выдавец і рэдактар тыднёвіка “Аўтадайджэст”. Ён — арганізатар трэкавых гонак “Гарачы лёд” і “Круты віраж”, нацыянальнай акцыі “Спартоўцы за бясьпеку руху”. Працяглы час кіраваў Беларускай аўтамабільнай фэдэрацыяй.
Што для вас свабода?
Магчымасьць неабмежаванай творчасьці.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Абавязкі.
Што для вас шчасьце?
Надвор’е ў доме і магчымасьць займацца любімай справай.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Рэвалюцый.
Які талент вы хацелі б мець?
У мяне іх і так хапае з гарой.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Міхаэлем Шумахерам.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Гуляць з двухмесячным сынам.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Адносіны да блізкіх.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Заняцца аўтаспортам.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Рабіць больш, чым абяцаю.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Сацыялістычнай. Хачу ў СССР.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У Беларусі.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Мяне задавальняе мой няпросты час.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Болей увагі надаў бы аўтаспорту.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Добрасуседскія.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Добрасуседскія.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Улада мусіць быць моцнай.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Улада можа мяняцца толькі законным шляхам праз выбары.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Усе беларусы ніколі не загавораць.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Са згубленай мовай нацыя згубіць сваю гісторыю, традыцыі.