Журналісту другі раз разьбілі шыбы

Генадзь Барбарыч (справа) атрымоўвае прэмію імя Зьмітра Завадзкага за 2007 год

Невядомыя разьбілі шыбы ў кватэры журналіста газэты "Белорусы и рынок", ляўрэата прэміі імя Зм.Завадзкага Генадзя Барбарыча.

Як паведаміў Радыё Свабода Генадзь Барбарыч, ён вярнуўся дадому ўвечары 9 кастрычніка пасьля паездкі ў Берасьце і заўважыў, што фортка ў спальні разьбітая. У вонкавай шыбе засела бутэлька з-пад піва "Аліварыя".

Паводле Барбарыча, ён вырашыў зьвярнуцца ў міліцыю раніцай, аднак прыкладна а 12-й ночы ён пачуў з-за вакна гукі і, падбегшы туды, пабачыў як ад акна адбягаў чалавек у цёмнай куртцы і чорнай вязанай шапачцы.
Я тады напісаў, назваў імёны забойцаў, і вось бутэлечка заляцела.

Раніцай 10 кастрычніка журналіст выклікаў міліцыянтаў, якія склалі пратакол і узялі бутэльку на экспэртызу.

Генадзь Барбарыч кажа, што шыбы ў яго кватэры невядомыя разьбілі бутэлькай ўжо другі раз. Раней гэта адбылося ў лютым 2002 году, калі ён апублікаваў некалькі артыкулаў аб забойстве ў яго раёне актывіста незарэгістраванай арганізацыі "Русское национальное единство".

"Над першым выпадкам я думаў, аналізаваў, супастаўляў факты. У той час я пісаў пра справу Завадзкага і пра справу аднаго РНЕшніка, якога забілі якраз перад маім домам. Я тады напісаў, назваў імёны забойцаў, і вось бутэлечка заляцела. А чаго цяпер? Я думаю, а раптам гэта зьвязана з тым, што адбылося сем гадоў таму? Раптам нехта з тых пра каго я тады пісаў, вызваліўся з калёніі? Там двух чалавек пасадзілі. Ці магчыма з-за нейкіх публікацый ці пытаньняў, якія я нядаўна задаваў ці спрабаваў задаць".