Піўная пена зьнікае, як стронцый

Сёньня падзялілі Нобэлеўскую прэмію на трох фізыкаў-оптыкаў за дасягненьні ў аптычнай камунікацыі. Пра біноклі, лупы і фотаапараты ўсе ня толькі што чулі, але і ўсе гэтыя штуковіны бачылі. Так што сёлета Нобэлеўская прэмія па фізыцы “больш людзкая”, чым леташняя, калі яе атрымалі тры японскія фізыкі за нешта, што называлася “спантанным парушэньнем сымэтрыі ў субатамнай фізыцы”.

Чаму нас насамрэч вучаць у школе?

Але калі б мне — як-ніяк, фізыку па адукацыі — даручылі растлумачыць чытачам нашага сайту згаданыя аптычныя дасягненьні трох сёлетніх ляўрэатаў, я б адмовіўся. І справа ня толькі ў тым, што ў мяне дыплём ня фізыка-оптыка, а спэцыяліста па гэтак званым, выбачаюся за асацыяцыі, “цьвёрдым целе”. Справа таксама ў тым, што тлумачэньне сучасных фізычных канцэпцый не-фізыкам — гэта ўмельства, якое патрабуе ня толькі падрыхтаванага выкладчыка, але і падрыхтаванага чытача/слухача. Скажам, часопіс „Playboy” прачытае кожны, каму ён пападзе ў рукі. А часопіс “New Scientist” або “Scientific American”? Ня чулі? Дык вось, самі бачыце...

Калі я заканчваў сярэднюю школу ў Гайнаўцы на Беласточчыне ў 1977 годзе, мне тады здавалася, што я ўжо падыходжу да, так бы мовіць, пярэдняга краю навукі. Бо я тады ведаў, што такое дыфэрэнцыяльнае і інтэгральнае вылічэньне, і чуў нават пра кванты. Яшчэ толькі крок наперад, думалася мне, і я ступлю ў цемру, там дзе блукаюць сучасныя дасьледнікі і намацваюць навуковыя адкрыцьці.

Але на першым курсе ўнівэрсытэту мне трапілася ў рукі кніжка пра гісторыю матэматыкі і фізыкі, дзе адзін сусьветна вядомы прафэсар тлумачыў, якія насамрэч веды дае агульнаадукацыйная сярэдняя школа. Выпускнік сярэдняй школы, прасьвятліў мяне прафэсар, па фізыцы атрымлівае веды, якія былі вядомыя чалавецтву пад канец ХІХ стагодзьдзя (Макс Плянк увёў паняцьце “квант” якраз у 1900 годзе). А па матэматыцы значна горай — тое, чаму можна навучыцца ў сучаснай сярэдняй школе, было вядомае чалавецтву ўжо пад канец ХVIII стагодзьдзя...
Тое, чаму цяпер вучаць на ўроках матэматыкі ў школе, было вядомае ў ХVIII стагодзьдзі.


Колькі чалавеку трэба вучыцца, каб “завучыць” ХХ стагодзьдзе ў фізыцы ды ХІХ і ХХ стагодзьдзі ў матэматыцы? Такіх татальных геніяў наогул не існуе ў прыродзе, а таму нават ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі ведаюць фізыку толькі ў межах сваёй спэцыяльнасьці. Адкрыцьці, якія заслугоўваюць Нобэлеўскай прэміі, робіцца за кошт вузкай спэцыялізацыі...

Нічога не тлумачыць лепш гэтай дзікаватай сытуацыі навукі, у якой усе залазяць у штораз вузейшыя завулкі і завулачкі, як гэтак званая “шнобэлеўская прэмія”, дзе прэміруюць навуковыя працы, у якіх спэцыялізацыя паўстае ў гіпэртрафаваным і, пры нагодзе, гумарыстычным выглядзе.

Нагадаю, што “шнобэлямі” адзначаюць сур’ёзныя навуковыя працы і досьледы, апублікаваныя ў сур’ёзных часопісах. І гэтая выключная навуковая сур’ёзнасьць часам робіць гэтыя працы выключна сьмешнымі і несур’ёзнымі — а гэта яшчэ раз пацьвярджае філязофскае назіраньне, што ўсё на гэтым сьвеце заключае ў сабе ня толькі свой тэзіс, але і анты-тэзіс.

Чаму валочаць авечку па наждачнай паперы?

У 2006 годзе два аўстралійскія матэматыкі атрымалі “шнобель” за вырашэньне галаваломнага пытаньня: колькі разоў трэба мінімальна шчоўкнуць фотаапаратам групу людзей, каб на здымку ў нікога не атрымалася заплюшчаных вачэй. Матэматычная сымуляцыя дала вынік, які ўспрымаецца без вялікіх засьцярогаў і не-матэматыкамі — ня менш за 10 разоў.

У 2005 годзе два аўстралійскія фізыкі былі ўзнагароджаныя за досьледы капаньня вельмі густай і вязкай смалы. Увесь экспэрымэнт пачаўся ў 1927 годзе — смала капала з хуткасьцю адной кроплі на дзевяць гадоў. Зашмат не накапала, але праца атрымалася шыкоўная.

У 2003 годзе прэмію атрымала адна з самых прабіўных працаў у гісторыі фізыкі і жывёлагадоўлі — “Аналіз сілаў, якія патрабуюцца для цяганьня авечкі па розных паверхнях”.

У 2002 годзе матэматык зь Мюнхэну даказаў, што пена на баварскім піве падлягае закону “экспанэнцыяльнага распаду”. Інакш кажучы, пена зьнікае паводле таго самага закону, як распадаюцца радыёнукліды стронцыю або плютонію.

У тым самым годзе двум індыйскім матэматыкам урэшце ўдалося правесьці больш-менш задавальняючую ацэнку паверхні скуры індыйскага слана.

У 2000 годзе двум нідэрляндзкім фізыкам, пры дапамозе магніту, удалося ўзьняць у паветра жабу. Жабу перад экспэрымэнтам не кармілі ні цьвікамі, ні гайкамі.
У 2000 годзе нідэрляндзкім фізыкам ўдалося магнітам узьняць у паветра жабу.


У 1999 годзе брытанска-аўстралійскі фізык быў прэміяваны за вылічэньне аптымальнага спосабу размочваньня бісквіта ў гарбаце. А брытанска-бэльгійскі фізык атрымаў другую палову прэміі за вылічэньне, як сканструяваць імбрык, з горлачка якога ня капала б гарбата.

А ў 1998 годзе “шнобэль” дастаўся канадцам, якія апублікавалі статыстычны досьлед залежнасьці паміж ростам чалавека, даўжынёю яго палавога органа і даўжынёю яго ступні.